* * *
За выкананне камерцыйных праектаў варта брацца гэтаксама неадкладна, як за напiсанне хоку ў час азарэння.
* * *
Падаюць там, дзе сто разоў прайшлi, як i тонуць зазвычай вельмi добрыя плыўцы. Тое самае з багаццем... Бядняк не можа згубiць шмат грошай, хоць ён зусiм не асцярожны. Капiтал — гэта найперш — сквапнасць, асцярожлiвасць i планамернасць.
* * *
Калi займаешся бiзнесам, разумееш: грошы, здабытыя вялiкiмi намаганнямi, i грошы, прыдбаныя лёгка, роўныя ў цане, хоць з гэтым цяжка змiрыцца.
* * *
Чалавеку заможнаму даводзiцца ўвесь час асцерагацца зладзеяў, бо людзi бедныя, калi губляюць месца працы, пачынаюць красцi i думаюць, што ў багатага скрасцi лягчэй, хоць гэта i не так.
* * *
Нельга спазнаць iншых, не спазнаўшы сябе; так не заробiш грошы для чужога, не зарабiўшы для сябе, сваiх родных i блiзкiх. У багатага шмат сваякоў ды кампаньёнаў i няма сяброў.
* * *
Калi ты сам лiчыш усё заробленае чыстым i сумленным, дык лёгка пераносiш крыклiвыя нараканнi, зайздросныя пагляды i злосныя выпады.
* * *
Найгоршая хвiлiна ў бiзнесовых справах надыходзiць тады, калi кампаньён кажа: "Я выходжу са справы i забiраю сваю долю!"
* * *
Ведаючы ўласныя недахопы, значна хутчэй вучышся памнажаць капiтал. Замест таго, каб выхваляцца здабыткамi, пачынаеш ганiць сябе прылюдна, чым выклiкаеш спачуванне i павагу.
* * *
Калi збiраешся кiраваць светам цi хоць бы невялiкiм вытворчым працэсам, трэба найперш быць аскетычным i ашчадным, а грошы, iх колькасць i наяўнасць, будуць паказчыкам у працэсе.
* * *
Досыць цяжка збалансаваць жаданнi i магчымасцi. Жаданняў заўсёды шмат, а грошай нестае. Але бываюць i такiя часы, калi дробныя жаданнi знiкаюць. Пачынаеш задаваць сабе пытанне без адказу: "Цi варта жыць?" Грошы ў падобным стане страчваюць чароўнасць i магутнасць.
* * *
Здаецца, зайздрасць да тваiх капiталаў не павiнна ўзнiкаць у людзей, якiя маюць значна больш за цябе, але гэта адбудзецца толькi пры адной умове — калi людзi не будуць ведаць, колькi ты маеш, i твой капiтал не працячэ праз iхныя рахункi.
* * *
Чым даражэйшы кубак з дробнай расколiнай, тым больш непрыемна з яго пiць.
* * *
Пакупнiка адштурхоўвае не вялiкi кошт, а кепскi прадукт.
* * *
Галеча i прынiжанасць — гэта тое, што людзi ненавiдзяць... Заўважаеш у Канфуцыя. Але большасць не дасягае багацця i знатнасцi, хоць i iмкнецца да iх усёй душою, а таму пачынае разам з галечаю наракаць на высакародных.
* * *
Сорамна атрымлiваць заробак i калi ў дзяржавы ёсць шлях, i калi яго няма... Знаходзiш у Канфуцыя. Варта зазначыць, што сорамна атрымлiваць i ўзнагароды. А колькi людзей iмкнуцца ўхапiць як мага большы заробак i найкаштоўнейшыя ўзнагароды? Зрэшты, узнагароды iснуюць дзеля суцяшэння сквапных i зайздрослiвых.