Здаецца, нядаўна гэта было, калі i я, па праву дружбы з сынам i глыбокай пашаны да маці, прымаў удзел у развітанні з гэтай выдатнай жанчынай, прамаўляў каля яе магілы, у той дзень побач толькі з мужавай.
А сёння хочацца сказаць:
Мілая Ганна Мітрафанаўна, як жа зарана вы прынялі сюды вашых любых сыноў, i медыка, i літаратара!.. Нам, паплечнікам па жыццёвай справе вашага меншага, не хапае яго i будзе далей не хапаць у нашым трывожна-шалёным часе, у нялёгкай пісьменніцкай службе народу,— Алесевага дужага пляча, яго энергіі i яснасці думкі...
Пацяшае, радуе тое, што ён не толькі жыве i будзе жыць у памяці многіх як чалавек, але i тое, што засталіся, ёсць i будуць яго творы. Учора, калі ўручаліся прэміі ягонага імя, было прыемна пачуць, як адзін з наймаладзейшых лаўрэатаў, журналіст, шчыра i ўдзячна гаварыў пра тое, як ён чытае Адамовіча, якім сучасным, латрэбным бачыцца яму гэты сапраўдны пісьменнік. Будзе чытацца ён i далей, i многімі. Гэта i ёсць яго найлепшы помнік.
А гэты, які мы з вамі, дарагія Алесевы родзічы, сябры, землякі, святочна адкрываем, магутны валун з беларускага поля, хай будзе вечным знакам на матчынай, на бацькавай зямлі, да я кое ён, пашыбаваўшы па вялікім свеце, па-сыноўняму пажадаў вярнуцца.
1995
У СВЕТЛАЙ ВЕРЫ [41]
I мне, дарагія сябры, прыемна быць сярод вас, беларусаў або прыхільнікаў беларушчыны з розных краін далёкага ці блізкага замежжа, зноў сустракацца з вамі, бачыць i чуць вашу шчырасць, заклапочанасць далейшым лесам нашай мілай, шматпакутнай Радзімы, нашай мовы, нашай будучыні.
I ад учарашніх выступленняў, i ад сённяшняга «круглага стала» ёсць у мяне i такое ўражанне,— амаль усе мы, па-свойму, значна лепш ведаем, што i як павінны рабіць другія, а менш пра тое, што павінны рабіць мы самі, прытым рабіць як найлепшым чынам. Была, вядома, крытыка i справядлівая, якое нельга не ўлічваць, аднак было i тое, што можна назваць то наіўным, то дробязным патузваннем, у тым — i кіраўніцтва нашага згуртавання...
I я з належнай пашанай адношуся,— пачнем з жанчыны,— i да энергічнай ды талковай, абаяльнай у сваёй шчырасці Ганны Сурмач, i да дастойнага прадстаўніка славутага роду Гарэцкіх, змагароў i пакутнікаў, выдатнага беларускага вучонага Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага. Абое яны, як гаворыцца, на сваім месцы, i добра прыйшлося б падумаць, кім ix сёння можна адпаведна замяніць, калі наогул варта апускацца да такое недарэчнай думкі. Im проста трэба добра памагаць, а крытыкаваць — канструктыўна, у імя нашай агульнай справы.
Два дні мы працуем пад гасцінным дахам Дома літаратара, што таксама ж пэўным чынам сведчыць пра ўдзел пісьменніцкай супольнасці ў барацьбе i працы нашага адраджэння. Чатыры сотні членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў не складаюцца, вядома, з адных геніяў ці класікаў,— такога не бывае ў ніводнай літаратуры на свеце. Ёсць i ў нас нейкая колькасць людзей выпадковых, інертных ды кан'юнктурных. Аднак жа большасць у нас, што прыемна падкрэсліць, гэта людзі, якія, як той коласаўскі Сымон-музыка, пачыналі з прызвання, а потым ужо набывалі прафесійнасць, хто з большым, хто з меншым поспехам, колькі ўжо каму з нас дадзена.
Страшная яна — гісторыя нашай пісьменніцкай супольнасці, пачынаючы з канца дваццатых гадоў, кал i стаў па-д'ябальску разгойдвацца гулагаўскі генацыд, які давёў калісьці шматлюдную арганізацыю да сарака членаў, якім быў наш Саюз пісьменнікаў адразу пасля вайны, калі ўжо i я меў гонар быць прынятым у яго.
Праўда, у мяне, як у «заходніка», была i свая нацыянальная перадгісторыя. Вясной трыццаць восьмага года, калі я ўжо не толькі актыўна пісаў, але i пачаў друкавацца ў віленскім «Шляху моладзі», на вайсковай камісіі ў славутым сёння Міры польскі ўжэнднічак спытаўся ў мяне: «Народовосць?» Адказваю: «Бялоруска». Ён глядзіць на мяне, потым запісвае i зноў пытаецца: «Мова мацежыста?» Адказваю: «Бялоруска». Зноў глядзіць, зноў запісвае... А менш чым праз год мяне, радавога марской пяхоты ў Гдыні, як аднаго з больш пісьменных у роце, узялі на часовую дапамогу ротнаму пісару. Ca зразумелай цікавасцю я перш за ўсё заглянуў у свой «зэшыт эвідэнцыйны», салдацкую кніжку. I там стаяла — замест «бялорусін» — «тутэйшы», а замест «бялоруска» — «па-прастэму». Вось так далікатна рабілася.
Працягам асіміляцыі i для мяне былі пасляваенныя дзесяцігоддзі служэння роднай літаратуры, генацыд зацяжны, больш прадуманы, партыйна, дзяржаўна планамерны, разлічаны на поўную i канчатковую ліквідацыю i роднай мовы, i свайго вобліку. I сумна, балюча бывае ад легкадумных ці злосных незаслужаных папрокаў у адрас нашай літаратурнай супольнасці, у той час, калі, гаворачы пра творчую інтэлігенцыю Беларусі, якраз амаль на адных пісьменніках i ляжала нялёгкая адказнасць за родную справу, i мы з гэтай адказнасцю як мага стараліся спраўляцца. Скажам гэта не без гонару.
Цяпер усе мы апынуліся ў новай атмасферы антыбеларускасці, смярдзючай i па-старому, i па-новаму. I я хачу, з вашага дазволу, звярнуцца да народнай мудрасці, народнага аптымізму, дзе ўсё называецца сваім імем i ў перапрошванні за грубасць не мае патрэбы. Даўно я чуў гэта ў сваёй вясковасці i ўсё часцей успамінаю гэтую прымаўку цяпер, у новайняновай атмасферы: «Перажылі лета гарачае — перажывем i гаўно сабачае». Беларусь — з яе слаўнай гісторыяй, з яе прыгожай i надзейнай у жывучасці мовай, з яе працавітым, мужным, сумленным i мудрым народам — жыве i будзе жыць!
У фальклоры, на гэты раз рускім, ёсць i такая мудрасць: «Нет худа без добра». Трагікамедыя рэферэндуму вучыць нас не раздрабняцца на па-секстанцку слабасільныя групоўкі, не фанабэрыцца кожнаму сваім выключным патрыятызмам, а разумна аб'яднацца дзеля святое справы адраджэння i працаваць, працаваць. Вучыцца гэтаму нястомна i самааддана.
Яшчэ крыху асабістага. У маіх бацькоў я дзесятае дзіця, змалку прывык быць меншым. А вось гляджу, што i тут, сярод вас, я ўжо найстарэйшы. A ўсё ж i мне хочацца жыць, працаваць, хочацца верыць! I я ад душы жадаю ўсім вам, мае дарагія, светлай веры ў нашу будучыню i плённай працы ў добрым здароўі.
1995
МУЖНАСЦЬ I МУДРАСЦЬ [42]
Днямі, калі мне быў прапанаваны высокі гонар выступіць перад вамі, дарагія сябры, калі я ўваходзіў у клопат, што i як сказаць, у памяці ўсплылі радкі незабыўнага Пімена Панчанкі, напісаныя ў франтавым сорак другім, далека ад паняволенай Беларусі:
Які балючы парадокс, якая сумная рэальнасць, — у мірны час, у сталіцы суверэннай дзяржавы, у цэнтры Еўропы трэба збірацца ў вялікай патрыятычнай трывозе за сваю сапраўдную незалежнасць, за сваё права на родную мову, школу, культуру, за права на дзмакратыю, за найбольш адпаведную ёй Канстытуцыю, за найвярнейшую дарогу ў светлую будучыню роднага народа.
Не бачаны раней нахрап злачыннасці, афіцыйнай ілжы, дзікае падзенне спрадвечнай чалавечай маралі, катастрафічна няспынная хада ўподбежку дарагавізны i ўсеагульнай галечы. А над усім — жахлівы прывід дыктатуры!..
Як быццам наш народ мала яшчэ нацярпеўся, напакутаваўся за вякі. Агонь i меч разнамасных «вызваліцеляў», крывавы бізун прыгону, Курапаты i Трасцянец, i «божы палец», як называлі ў даваеннай Польшчы паліцэйскі гумавы кій, што ў нашы дні зноў уварваўся ў моду...
I самі дзівімся, i людзі дзівяцца, высакародна дзівіўся i наш вялікі зямляк — Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі: як ён выжыў, як захаваў сябе — беларускі народ?!
Дзівіцца трэба яшчэ i з таго, колькі было ix, ахвотнікаў намі пакіраваць, пакрасавацца неабмежаванай уладай на фоне нашай славутай рахманасці, па-невуцку панастаўляць нас, як трэба жыць дома, у межах краіны, дзе сабралася столькі моў i веравызнанняў, як трэба сябраваць з вялікімі i меншымі суседзямі.
Мы ведаем i самі, каго нам i як ды завошта трэба паважаць i любіць на поўначы i поўдні, на захадзе i ўсходзе, перад нікім не стоячы ў агіднай позе беднага, прыгорбленага сваячка, з ліслівым выскалам манкурта, гатовага за нішчымнае сачавічнае пойла на любое ахвярнае слугаванне.
Нам трэба вольная, мірная, нейтральная, дэмакратычная Беларусь. Права на гэта яна заслужила сваімі пакутамі, сваёй гераічнай барацьбой з нацызмам, сваёю верай у чалавечную справядлівасць. Нам трэба раўнапраўная дружба з усімі народамі, мы любім i ўмеем дружыць. Мы хочам быць не лішнімі, не смешнымі, не жалю, а то i пагарды вартымі ў прагрэсіўнай сям'і чалавецтва, мы хочам, каб нас паважалі, каб з намі лічыліся.
Грубай, нахабнай сіле сваёй i чужой рэакцыі, шавіністычнай ды прафашысцкай дэмагогіі, як бы яе шматвопытныя ці дылетанцка-шустрыя вяршыцелі пад любое святкаванне ні перабельвалі свае хатыпалаты, як бы слінява ні абдымаліся ў патайных нячыстых задумах ды намаганнях, трэба i неабходна бескампрамісна супрацьпаставіць нашу цярплівую беларускую мужнасць, абавязкова спалучаную з абачлівай мудрасцю — на сёння, на заўтра i назаўсёды. Трэба не проста пагаманіць, паахкаць, пакрычаць, сабраўшыся, а сур'ёзна, дзелавіта параіцца, актыўна i разумна вырашыць, што i як трэба рабіць.
A прыгадаўшы, як гэта нашы бацькі, дзяды i прадзеды шанавалі шчырую, справядлівую, святую працу, давайце самі сабе i ўсім добрым людзям i ў гэтай, на жаль, не надта прасторнай, зале, i за сценамі яе, бліжэй i найдалей, па-людску, па-мазольнаму паўторым народнае:
Памагай Бог!
[41] На сустрэчы кіраўнікоў беларускіх суполак у блізкім i далёкім замежжы.
[42] Уступнае слова на Кангрэсе ў абарону Канстытуцыі, супраць дыктатуры.