— Альяш, куды ты сабраўсо? — падляцела ні жывая ні мёртвая цётка Піліпіха.— Сам Ісус Хрыстос там унь ходзіць па полі нашым!.. Пастухі бачылі, як раненько апускаўсо з хмары на землю!
Перапалохаўся не на жарты і прарок. З разгубленай заклапочанасцю дзядзька абвёў вачыма прысутных у пакоі.
— Хто табе казаў?
— Сама бачыла! Думаю, хто там так плаўно ідзе на пагорку — кланяецца жытам і бласлаўляе ўсенько!.. Ажно прылятаюць яны ад кароў і мне гавораць: «Цёцю — ён!»
Пільшчык з Пружан назваў прозвішча незнаёмага.
— Той «сіяніст» прывалоксо?! — адразу адлягло ад сэрца Альяшу.— Якая нагла сектанта гэтаго прыперла сюды?!
— Ён, айцец Ілья, яго ведаю як аблупленаго! — запэўніў майстар.— Гэ, разам жа фарты надбудоўвалі за цара ў Брэсце: каб яго ды не пазнаў!
— А чаго трэ той Мурашцы?! — расхрабрыўся ўжо стары.
— Мабыць, і гэты аб'яднацца хоча! — выказаў здагадку апостал Давідзюк.— У яго, кажуць, людзі ўзнялі такі вэрхал, што ледзь жывы выскачыў са свайго «Сіёна»! Кашулю на шматкі парвалі на ім, морду падрапалі бабы — паліцыянты егдзілі ратаваць!
— I ён аб'яднацца? — ужо адважна ўскіпеў прарок.— Бачыш ты, і гэтаго хахла заело!..
— Зайздросцяць табе цяпер, Альяшку, многім ты цяперака — соль у воко! — заўважыла Піліпіха.
— Ніц у Мурашкі не выйдзе! Во яму! — дзядзька тыцнуў у поле фігу.— Стану тут яшчэ патураць яго забабонам — кроў пускаць людзям, танцы ўсю ноч устрайваць!..
Збіраючыся бегчы да падводы, з нехаванай варожасцю да саперніка ён аб'явіў:
— Калі гэтая лахудра захоча мяне бачыць, гаварэце — айца Ільі няма, у Крынкі паехаў і забавіцца там доўго!
Пасаджаны Рэгісам хлапец з тоўстым блакнотам, каб запісваць для Бібліі Альяшовы словы, ледзь не за полы стрымаў прарока ды плаксіва ўзмаліўся:
— Айцец Ілья — куды вы!.. Я вас учора пытаўсо, і вы абяцалі дзісь сказаць! То скажэце зара, бо айцец Мікалай ад мяне патрабуюць запісанаго, а што я ім дам?! Кожны раз так паабяцаеце, я сяджу, сяджу — аж надаело!..
Нездаволены прарок спыніўся:
— Шчэ і ты са сваім!.. Ну, пытайса!
— Хто, па-вашаму, дастойны ў бога? Прысутныя застылі з насцярожанай пашанай.
Альяш нецярпліва падумаў і пашкрэбаў сябе пад пахай.
— Ноччу ва сне мне ікона казала: той адно дастойны ўсявышняго, хто знімае шапку перад крыжам!
— Так і напісаць у цятрадзь? — дзелавіта абмакнуў хлапец пяро ў чарніла.
— Як сабе хочаш, а мне што?! Хай цябе Рэгіс вучыць, што пісаць! Думай мне тут за вас усіх!..
Хлапец ужо прыклаўся да паперы, ды ўспомніў:
— А новы сабор як называцца будзе?
— Шчэ не хутко даваць імя будзем! Мы толькі пачалі! Мо канчаць будуць другія нацыі! — кінуў дзядзька, бытта загадаў загадку.
— А яшчэ!.. На пропаведзях вы гаворыце, што пасля смерці людзі ў сабак пераходзяць! Як гэта?..
— А што такое, па-твойму, сабака?.. Цело чалавека ў магіле рассыпаецца на порах, а душа яго страшнага суда чакае! Гэто такія, як мы! А грэшнікі — сабакамі робяцца!.. Потым лётаюць па вёсцы, золато за хлявамі падбіраюць — мэнчацца так, покуль да пекла! А як ты хочаш?.. За добро было б ім, каб не гэто!..
— А што вам сніласо дзісь?
Але на гэты момант падышоў Давідзюк і не то спытаўся, не то аб'явіў: