— Спашлі сваё знаменне, сыдзі з неба ў Нюрку, божа!
— Выслухай лішня смелыя малітвы сірот сваіх, унемлі просьбам іхнім, госпадзі!
— Дай ім лёгкае зачацце, госпадзі!
— Блаславі святое чрэво, у якім будзе другі сын твой расці! — заглушала ўсіх сваім дыскантам Хрысціна.— Блаславі сасцы даражэнькія, якія стануць яго карміць! Блаславі вусны анёльскія, што будуць яго мілаваць! Блаславі рукі, якія насіць яго будуць! Блаславі голас яе чысты, што лашчыць дзіця будзе! Блаславі рабыню божую, Нюрку Сабэсюк з Забагоннікаў!
Людзей ужо разбіралі дрыготкі, на тварах з'явілася нена-туральная сарамлівасць. Мой таварыш, вучань настаўніцкай семінарыі, які назіраў тую сцэну цвярозымі вачыма, падобнае потым яшчэ раз бачыў у вёсачцы Лука (пра што будзе сказана ў свой час). Семінарыст і не падазраваў, якім валодае ўяўленнем. Шалёны калектыўны псіхоз гэты быў такі моцны, што начытанаму хлапцу-атэісту раптам зрабілася страшнава-та, пачало здавацца — вось-вось сапраўды здарыцца нешта незвычайнае!!!
Мабыць, таксама і тысячу гадоў таму назад, у часы глыбокага язычаства, рыхтуючыся да «ночы кахання» на Купала, паспытвалі ўзнёслую радасць, незразумелую ўзбуджанасць ды адчувалі сябе часткай маці-прыроды па-дзяцінаму даверлівыя мае далёкія прашчуры: дрыгавічы старажытнай Прынёманшчыны — краіны дзікіх пушчаў і непралазных балот!
Раптам гэты звар'яцелы, шматгалосы гоман брытвай паласнуў прарэзлівы жаночы віск:
— Га-а-а!..
Некалькі секунд вакол доміка панавала неўразумнае, напружанае маўчанне. Потым з грудзей баб вырваўся раптоўна ўздых палёгкі.
— Нарэ-эшце!
— Усё-о!..
— Здзейсніласо!..
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям! — ударылі ў вушы, пахіснулі паветра і ўрачыста панеслі навіну магутным акордам у бязмежную даль чатыры грыбоўшчынскія званы.
— Госпадзі, дзякуй табе, што ўважыў нас!..
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям!..
— Хвала табе, хвала вавек!..
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям!..— ударалі па сэрцах і мазгах, выціскалі адзін аднаго ў неба ўсё новыя гукі металу.
Ашалелыя бабы завішчалі ад шчасця.
Альяш спакойна, нібы такое ў яго Вершаліне адбывалася кожны дзень, устаў з каленяў, паназіраў увесь гэты гвалт. Затым, не то з асуджэннем, не то ад здзіўлення, стары паківаў, паківаў галавой ды зноў патэпаў у дамок.
Засланяючы свечку далонню, каб не пагас агеньчык, падалася за дзядзькам і цётка Хімка.
Баб стала расбіраць цікавасць. Яны памкнуліся да ганачка, павыцягвалі шыі, з бессаромнымі ўхмылкамі, знямоглыя ад нецярплівага чакання, закрычалі:
— Ну, куды ж яны там падзе-еліса?!
— Канчалі б мілавацца, выхо-одзілі б!..
— Не для распусты пайшлі якой!..
— О! жаніх ідзе!.. А чаму толькі ён адзін?!.
1
Новая божая маці зажыла ў Грыбоўшчыне, што каралева. «Святыя дзявіцы» Нюрку паілі, кармілі ды ледзь на руках не насілі, а сотні сектантаў і сектантак ад Беластока да Валыні, ад Наваградка да Бельска і Пастаў маліліся за яе здароўе ды паспяховае развіццё плода ў святым чэраве,
— Ото ж смеху будзе, як Нюрка дзеўку родзіць! — рагаталі ў Грыбоўшчыне на прызбах і каменнях мужыкі.— Куды яе Альяш падзене тады?!
— А то шчэ тройня родзіцца!
— Што думаеш?.. Жарты — такі жарабец!..