— Дапаможаш мне дабраць вядро.
— Добра, а далей?
Аркадзь Барздыка падаў сыпу вядро, той узяў яго, патрымаў на выцягнутай руцэ, бы ўзважваў.
— Кілаграмаў пяць пацягне.
— Ага, два рублі, за гадзіну нейкую два рублі, два рублі, ага,— заспяшаўся бацька.
— Два рублі? — раптоўна шалеючы, выгукнуў Васька.— Вось табе твае два рублі! — і хвастануў ягадаю ў твар бацькі. Той застаўся спакойны, але, здаецца, залішне спакойны, бы нічога іншага не чакаў ад сына:
— Дзякую табе, сынок... Ускарміў, успаіў, выпеставаў сабе дапамогу на сівую галаву. Аддзячыў.
— Злыдзень ты, бацька.
— Злыдзень,— абтрасаючы з галавы смецце і ягаду, усё такі ж спакойны, пагадзіўся Барздыка.— Злыдзень твой бацька, сынок. Дзякую табе, крывіначка мая.— I таксама, што і сын, раптоўна шалеючы: — А цябе, лайдака, ляжня, валеча, карміць, хлеб мой жэрці — тады не злыдзень? А грошыкі на навуку і дзевак з мяне цягнуць — не злыдзень? А за кабана Цупрыкам выплочваць — не злыдзень? Сорам з-за цябе на двор выйсці.
— I мне з-за цябе сорамна людзям на вочы паказвацца. У каго ты толькі ўдаўся такі.
— Гэта ты ў каго такі. На камбайне робіш, зерня ў хаце аніводнага, куранятам сыпнуць нечага. А мог бы і ў кішэні і за халяваю прынесці жменьку хоць для прыліку.
— Вось-вось, усё жыццё хапаеш, хапаеш усё, што дрэнна ляжыць — тваё.
— Маё, усё маё. I сямёра па кутках, кожнае рот зявіць, а заткнуць іх чым з таго свайго...
— Навучыў, усіх навучыў... У бальніцу лёг, буракі капаць пачалі, збег з бальніцы, не далежаў, буракі тыя хапаць...
— А для каго ж усё гэта, сынок, для каго? Мне буракі тыя трэба, хай спрахнуць яны. Мне ўжо хвойку на скрынечку прыглядваць трэба. Вам жа ўсё, табе.
— Мне твайго нічога не трэба.
— Цяпер не трэба, а тады, учора, трэба было. I яшчэ адзін толькі бог ведае, што па-заўтраму будзе. I да каго ты, акрамя бацькі, пабяжыш. Роўда табе, думаеш, на ўсё жыццё хлеба дасць? У Роўды твайго ў самога, што ў камыша — хрэн ды душа. Сёння густа — заўтра пуста.
— Ды лепш усё ж пуста... Слёз ты нашых не бачыў, бацька. Не бачыў, як мы па вуліцы крадком хадзілі, як нам у плечы апошняе паскудства тыкала: Барздычаняты ідуць, прыбірайце ўсё з вачэй... Бацька, бацька...
— Дзякуй табе і за гэта, і за труды мае, за кілу... Яблыка ад яблынькі недалёка надае, а ты вунь куды адкаціўся, і ў каго ты толькі пайшоў, сын...
— У цябе, бацька, і трохі ў чалавека, разумею, трохі толькі... Усё, бацька,— Васька абняў бацьку і падштурхнуў яго,— ідзі, ідзі, зачыняецца гэтая лавачка з рабінаю, каб і нагі тваёй тут больш не было.
— Ты што, грозіш мне, бацьку свайму грозіш? Ты што, ляснік ужо?
— Ляснік не ляснік, а глядзець не буду, што ты мой бацька.
— Добра, сынку, добра, зразумеў я.
— Што ты зразумеў?
— А ўсё зразумеў.— I Аркадзь Барздыка адвярнуўся ад сына, высмаркаўся, падхапіў пустое вядро і, унурыўшыся, пакрочыў, завалтохаўся між кустоў. Тое, як пакідаў яго бацька, Васька бачыў і сёння, але ўчора ён шкадаваў яго, а сёння не. Цяпер ён наогул ні да кога не адчуваў жалю. Ён сам быў нейкі загнаны, з усіх бакоў прыціснуты, з бацькам усё яшчэ магло ўтрасціся, але яго дабіў Мацвей, гэтым сваім смаркачом, што кінуў пры ўсіх. Некалі ён гнаў разам з Надзькаю і Ненене гусей ад рэчкі ў хлеў, вось таксама ж цяпер перанялі і гналі яго. Сам ён гнаў сябе, лез па ражон, у пятлю сам лез. Ён хітраваў сам з сабою, калі гаварыў, што не ведае, куды выведзе яго гэтая дарога. Ведаў ён, толькі но хацеў прызнавацца, яму даўно ўжо карцела вось так, з поўным бункерам кінуцца ў гэтую дарогу. Прывезці той хлеб туды, куды трэба, выгрузіць, як пагражаў Мацвею выгрузіць яму на стол. Дык вось на стол, толькі не такі, як у Мацвея, і лепшы і большы, выгрузіць і аб'явіць цану гэтаму хлебу. Хай бы паспрабавалі разлічыцца за рэчку, за лес, за зямлю, за бацьку яго, за рабіну, што ішла ў нарыхтоўку зялёнаю: нуль цэлых і чатыры дзесятых рубля за кілаграм. Нуль цэлых і чатыры дзесятых за ягаду, ліст і цэлае дрэва з двума ласямі і адным ласянём у дадатак.
Раней зямля здавалася яму вечнаю, ён быў на ёй чымсьці накшталт дрэва ці куста, з'явіўся, каб адстаяць патрэбнае, адпушчанае і наканаванае яму ў якой-небудзь запаветнай глушы, квітнець, распускацца па вясне, радавацца лету, сумаваць восенню, спаць сярод аціхлага снегу зімою і нікуды не патыкацца, нікуды не лезці, спадзеючыся, што і яго аддзячаць, узнагародзяць за гэта, ніхто за гэта не кране і яго: ні агонь, ні вада, ні сякера, ні піла. Так з'яўляліся і жылі не толькі дрэвы, кусты, але і ўсё жывое, тыя ж княжборскія буслы па жаданні ці капрызу сваіх бацькоў параджаліся, вучыліся лятаць, пазнаваць небяспеку і тое, як пазбегнуць гэтай небяспекі, жывучы ў коле тых турбот, хваляванняў і пакут, у якім жылі і іх бацькі, нічога не спрабуючы перамяніць, таму што гэта было ўжо ўстойлівым, яны з'явіліся на белы свет па ўсё гатовенькае, створанае ім і дзеля іх. I створанае разумна, бо само ўжо жыццё і іх прысутнасць у гэтым жыцці якраз і сведчылі аб гэтай разумнасці і нават нейкай сістэме. I не яму, Ваську, лезці і нешта нерарабляць, калі ўсё гэта стваралі, будавалі пакаленні, і на чале тых пакаленняў стаялі такія людзі, но яму, Ваську Барздыку, раўня. Яны даўно, калі ён нават і не нарадзіўся яшчэ, усё вырашылі за яго, вызначылі яго жыццё, усклалі на яго толькі адно: клопат аб хлебе надзённым, а каб быў у яго той хлеб, і дадзена было яму дзве рукі хлебароба і якая-ніякая галава хлебароба, каб ён больш упраўна здабываў той хлеб, каб не толькі адны крывавыя мазалі на руках, каб ён не толькі адно што жыў, але і працягваў гэтую створаную яму жытку. Жыццё ж ім не тварылася, як не тварылася яно, а толькі працягвалася і ў Княжборы. А каб лацвей усё гэта атрымоўвалася, недзе на зямлі ці ў небе быў вынайдзены спецыяльны ключык, і тым ключыкам нехта, застаючыся сам нябачным, час ад часу заводзіў яго і тых, хто быў побач з ім, і падпарадкаваны заводу, мо з пэўнасцю і не ведаючы пра яго, але здагадваючыся аб ім, ён і рухаўся ад нараджэння да дзяцінства, ад дзяцінства да сталасці. I адзінае, што не падабалася і непакоіла яго ў гэтым раўнамерна-паступовым руху — гэта наканаванасць канечнага. Гэтага капечнага ён асабліва баяўся ў дзяцінстве, баяўся не за сябе, бо яшчэ не думаў, што яму ўжо нешта наканавана, за бацькоў. Яны, здавалася яму, павінны быць бясконцымі і бессмяротнымі. Пазней ён ужо звыкся з гэтай бояззю, і смяротнасць бацькі і маці ўжо не так палохала яго, як не палохала і ўласная смяротнасць, таму што ўсё гэта знаходзілася яшчэ так далёка, што пе варта было і галаву тлуміць, трэба было хутчэй расці і рабіцца падобным сваім бацькам. I ён вырас і быў ужо амаль што падобны на іх. I тут заўважыў, што яго абкрадваюць, пазбаўляюць таго, што было ў бацькоў, звычнага, не толькі само жыццё, але і глеба, зямля, на якой стаяў ён і яго бацькі, захісталася, загойдалася. Гэтая няўстойлівасць і гойданні абурылі і абудзілі яго, шукаючы, на што б абаперціся, ён пачаў азірацца на тое, што пражыў сам і што пражылі іншыя, і не згадзіўся быць у тым, што пражыў і што трэба яшчэ пражыць, ні кустом, ні дрэвам, ні птушкаю. Аказваецца, ён зусім інакш уяўляў сваё жыццё па гэтым свеце, заўсёды інакш, толькі да пары да часу гэтае ўяўленне было не вельмі акрэсленым, як ахутана туманам паўсядзённых клопатаў і турбот бацькі і маці, думка якіх не ішла далей таго, каб неяк накарміць яго і яго шматлікіх братоў і сясцёр, выстаяць сёння і хоць крышачку нешта прыхаваць на заўтра, не вярэдзячы душу роздумам, праведны ці не праведны гэты іх хлеб, што здабывалі яны для сябе і сваіх дзяцей, таму што яны якраз недзе і былі кустом, дрэвам і птушкай на княжборскай зямлі. Так склалася ўжо іх жытка, і не яму, што ніколі, можна сказаць, не петаваў, не бедаваў, не ведаў той бясконцай вайны, судзіць іх, ён жа нарадзіўся зусім у іншую пару ўжо, стрэльбу трымаў у руках толькі два гады, і далі тую стрэльбу яму, каб ён адчуў, зразумеў, што і дрэва, і куст, і птушка, і рэчка — усё гэта не толькі ён, але і яго. Вось як было заўсёды, на зямлі і павінна быць, інакш жыццё не будзе мець аніякага сэнсу, пазбавіцца чалавечага пачатку, памяняе яго на чорцяго ведае што. I за гэта прыспеў час змагацца. I змаганне гэтае, хаця і без крыві, мо больш страшнас і сур'ёзнас, чым тое, дзе забіваюць, дзе нявечаць гранатамі, гарматамі і кулямі; тыя войны, якія б жорсткія яны ні былі, мелі ўсё ж пераможцаў. Гэтая ж не магла іх мець, таму што чалавек абвясціў вайну сам сабе, таму мо ён, Васька, не ўсведамляючы да канца сам гэтага, выбраў і вучыўся, як пасадзіць і вырасціць лес, а не як ссекчы, звесці яго. Гэта ж і вымусіла яго кінуцца зараз у дарогу.
— Надзька,— Васька на імгненне адарваўся ад дарогі,— ты не ведаеш, колькі каштуе рэчка?
— Не ведаю, міленькі, а ты што, хочаш рэчку набыць? Для мяне?
— Для цябе, Надзька. Толькі не ведаю, колькі каштуе яна, колькі грошай трэба.
— Золата дзеда Саўкі можа і не хапіць, а ты ж яшчэ і не знайшоў яго.