— Не знайшоў, а рэчку мець хачу, каб табе падарыць.
— Мне не трэба рэчкі, у мяне ёсць ты... Не трэба, Васька, далей ехаць, зараз бетонка будзе, вяртаемся назад. Мы пражывём і без рэчкі.
— Не,— сказаў Васька.— Табе і сапраўды не трэба ехаць далей, далей я адзін.
— Не пушчу я цябе аднаго, я з табой цяпер да апошняга. Не тармазі, паганяй, будзь што будзе.
I ён не стаў тармазіць, як і па гравійцы, гнаў камбайн, калі вырваўся і на бетонку. Ішоў пасярэдзіне, нікому не саступаючы, нікому не даючы абагнаць сябе. Спалохана збочвалі і ціснуліся да краю дарогі стрэчныя машыны. А машын па бетонцы было мноства, таму што вяла яна на поўдзень, у цёплыя бласлаўлёныя краі, а час быў такі, што сама людзі адпачывалі. Адпачывалі сама і сама рабілі. Цяжкія машыны, КРАЗы, МАЗы, неслі будоўлям і заводам жалеза, бетон гравій, лес; лёгкія— «Масквічы», «Жыгулі» — адпускнікоў на поўдзень і з поўдня... I сустрэчныя машыны яшчэ нейкім чынам прымудраліся размінуцца з камбайнам, а спадарожныя раўлі, што каровы пад нажом. I было за камбайнам іх столькі, што і хваста не відно.
Нічога, не аблезеце, хлеб вязу. Хлебу дарогу,— адказваў Васька на той роў. Крычаў сам уголас і змоўк толькі тады, калі дарогу перагарадзіла міліцэйская машына з уключанай мігалкаю, затармазіў, спыніўся, але матор глушыць не спяшаўся, нягледзячы на красамоўны жэст міліцыянера, маладзенькага лейтэнанта. I з мосціка ўніз да гэтага лейтэнанта не злез. I міліцыянер вымушаны быў падняцца да яго сам. А да камбайна ўжо беглі ад машын дапытлівыя вадзіцелі.
— Куды, дружбачок, шлях трымаем? — казырнуў і назваў сябе, памахаў перад носам Ваські чырвонаю кніжачкаю малодшы лейтэнант.
— А ты ўгадай.
— Што, багата ўзяў?
— Ён зусім не п'е,— кінулася бараніць Ваську Надзька.
— Так... Усё ясна.— Лейтэнант усміхнуўся пасля Надзьчыных слоў, спагадліва хітнуў галавою.
— Што вам ясна? — Васька наблізіўся да лейтэнанта і дыхнуў яму ў твар.
— Дык у чым жа справа? — не стрымаў здзіўлення міліцыянер.— Напякло ў галаву?
— Напякло,— сказаў Васька.— Ты, дружбачок, здагадлівы. Дык не затрымлівай жа мяне, дружбачок, мяне ў Мінску, разумееш, чакаюць, на плошчы Перамогі. I ведаеш хто? — Васька нахіліўся і нешта шэптам сказаў на вуха міліцыянеру.
— О-о-о,— зацягнуў той.
— Хлеб Палесся ідзе, хлеб меліярацыі. Дарогу хлебу. Варта было б і плакацік нейкі ды ўсё наша мужыцкае некалі.
Так, без плакаціка не вельмі,— паспачуваў міліцыянер.— Але, дружбачок, навошта табе так далёка, ці не за дзвесце кіламетраў? КПЗ ёсць і бліжэй. I я табе скажу, вельмі неблагое...
Надзька зіркнула на лейтэнанта і ў адну хвіліну апынулася на бетонцы і залямантавала там, на цвёрдым, на бетонцы, замахала касынкаю:
— Сюды, сюды, на дапамогу!
Таўханіны і галасу на дарозе і без яе крыку хапала, і невядома, чым бы ўсё тут скончылася, калі б не падаспела гэтая дапамога з таго боку, адкуль ні Васька, ні Надзька не чакалі яе. Вызваліў іх рэдактар раённай газеты, Іван Хведаравіч, што вяртаўся ў Княжбор з элеватара. Ён упрасіў лейтэнанта адпусціць дурняў, не падымаць шуму — так будзе лепей усім. А на месцы з імі разбяруцца і прымуць належныя меры, ён, як рэдактар раённай газеты, завярае малодшага лейтэнанта ў гэтым.
За ўсімі гэтымі клопатамі і здарэннямі, за абмеркаваннсм іх княжборцы прамаргалі і тое, як балотца адвязалася ад дубняку. Пакуль ішла ўборка і лілі дажджы, яно перапоўнілася цераз край, заліло дубняк. Але вада ў тым дубняку пастаяла толькі дзень-два, да маладзіка, а як устаялася надвор'е, знікла, што скрозь зямлю правалілася. Хутчэй за ўсё так яно і было. Пайшла вада ў зямлю, пакінула адзіны толькі ўспамін аб сабе на рагу дубняку, дзе яна больш за ўсё трымалася, чорную ўпадзіну скамянелай па сопцы гразі і торфу, груду ракавінак. Там, дзе ляжалі гэтыя ракавінкі, тоненькім струменьчыкам забіла крынічка, якраз птушцы спякотным днём смагу спатоліць. У дубняку ад гэтай крынічкі забруіўся ручаёк. I там, дзе ён тачыўся, ужо восенню акрыялі і зацвілі суніцы. Акрыяў і дубняк, зазелянеў: па дубах урэшце на ўсю моц разгарнуўся ліст, па вачах пачалі налівацца і цвярдзець жалуды, адышла і ажына, хаця самы верх яе ўжо адмёр і засох. Але ажына а неадмерлым сцяблу выгнала позні ліст, толькі зацвісці ў тым годзе так і не паспела. Цвілі адны толькі суніцы, безыменна, беззапашна, як бы саромеючыся сваёй позняй восеньскай квецені, баючыся,што нехта пасмяецца з іх, і таму хаваючыся ў траву, не паказваючы з травы і лісціка, каб па гэтым лісціку ніхто не пазнаў іх. Ягады гэты позні цвет амаль не даў, адну толькі зморшчаную завязь. I тая хутка пабурэла і адпала. А ягад на ўвесь, дубняк выспела толькі тры. Адну расцягалі па крупінцы чорныя мурашкі, немаведама адкуль набегшы, другую скляваў дрозд, а трэцяя ж захавалася на насенне — упала ў зямлю і змяшалася з зямлёю. А грыбы так і зніклі з дубняку, сышлі на нішто сыраежкамі, чырвонымі і трухлявымі. Балотца ж дало аб сабе знаць зноў ужо каля самой вёскі, каля плота канцавой хаты. I хата гэтая была дзеда Дзям'яна і Мацвея Роўды. Але ні Мацвей, ні нават дзед Дзям'ян восенню так і не распазналі, хто гэта завітаў да іх у госці, яны палічылі балотца за звычайную лужыну, што налілі асеннія дажджы. Ад дубняку ж і да іх хаты было добрых два кіламетры, і хто б гэта мог падумаць, што без ног, без рук магчыма прайсці гэтыя два кіламетры. Але не толькі адлегласцю вытлумачвалася нездагадлівасць дзеда Дзям'яна і княжборцаў, а і тым, што былі яны палешукамі і балота ў іх было заўсёды. I яны прывыклі глядзець па гэтае сваё балота, на сваю зямлю, як на нешта нязменнае. Усё магло, куды хочаш, павярнуцца, перакруціцца, перавярнуцца ўверх дном — і час, і надвор'е, і людзі, але толькі не іх зямля, тое, што іх акружала, і гараджанамі было названа прыродаю. Яны ж былі самі часткаю гэтай прыроды, хаця, пэўна, і не ўсведамлялі гэтага, так да апошняга і не паяднаўшыся з ёю, вылучыўшы з яе лес, поле, рэчку. Але гэта вонкавае незліццё не перашкаджала ім даваць таму лесу і полю свае ж уласныя імёны, судзіць аб іх па гэтых імёнах, па чалавеку. I цяпер, хаця ўсе гэтыя Дзям'янавы рагі, Кавалёвы дзялянкі, Удовіны чубы і шмат чаго іншага злілося ў адно поле, проста поле, і што на тым полі ні расло б — пшаніца, жыта ці трава, яны працягвалі глядзець на яго яшчэ былымі сваімі вачыма, падпарадкаваныя былой сваёй памяці, дзялілі яго ўсё на тыя ж рагі, дзялянкі і чубы, нібы нічога і не адбылося. Сам Мацвей, падпарадкаваны гэтай іх памяці, мог сказаць камбайнеру: сёння табе падбіраць пшаніцу на Чыгуновым пакосе. Княжборцы бачылі перад сабою не новую зямлю, а тую, якой яна была раней, мо разам з якой яны нарадзіліся і самі. I вінаваты ва ўсім былі маштабнасць і хуткасць змен. Самі яны яшчэ не паспелі за гэтымі пераменамі, згубіліся, зацерліся, іх бы выцягнулі, выдзерлі. з старой зямлі і паставілі, перасадзілі на новую, як выдзіраюць з лесу, абсякаючы карані, грушу-дзічку і перасаджваюць на новае месца — з лесу пад хату ці хлеў і адразу ж абразаюць дзікі лясны ствол, што родзіць маленькімі кісленькімі грушкамі, і прышчапляюць высакародны і культурны, які дае грушу добрую, вялікую і салодкую, як перасаджаюць цяпер сэрца, ныркі аднаго чалавека другому, як мо некалі будуць перасаджваць і мазгі.
I княжборцы пасярод сваёй навіны клапаціліся, сачылі і бедавалі толькі аб тым, што бліжэй за ўсё ім, што не выходзіла за менш іх стала, за якім ела сям'я, за межы іх хаты, калодзежа, двара. Стол, за якім абедалі, хата, двары, калодзежы — гэтым для многіх быў замкнёны і абмежаваны свет, і яны занепакоіліся, калі з гэтага іх свету, з калодзежаў пачала знікаць вада, іх вада. А балотца, што з'явілася на процілеглым канцы ад гэтых іх калодзежаў вёскі, іх не датычылася, ім ад яго ні цяпла, ні холаду. Яно ніяк не звязана было з іх жыццём і іх дастаткам, хаця і правалачылася праз Свілёва, Махахееў дубняк, Шчураву паласу, Барздыкаву грэблю. Але і Махахей, і Барздыка, і Шчур мелі цяпер да гэтага шляху і той зямлі вось такую, ускосную па імёнах сваіх прыналежнасць. I балотца, як разумеючы гэта і бы пакрыўджанае гэтым, рухалася вельмі марудна, адпачываючы, патаемна назапашваючы моц. Патаемнасць гэтая была выкрыта наступным летам. Яна б выкрыта была і. раней, варта было толькі былым сваім вокам зірнуць па гэтую зямлю. За княжборскімі палямі, што пачыналіся цяпер ад самай Дзям'янавай хаты, ляжалі сажалкі рыбгаса, гэтыя сажалкі напаўпадпольна, а мо і цалкам падпольна капаў яшчэ сам Мацвей, калі кіраваў меліярацыйным упраўленнем, упрасіў яго дырэктар рыбгаса Карп Карпавіч Бобрык. Вось туды і крочыла балотца падземнымі хадамі, цякла, цягнулася княжборская вада. Але гэта высветлілася потым ужо. А ў тую восень балотца спынілася, што скончыла свой шлях і адпачывала, лежачы пад плотам хаты, у якой жылі дзед Дзям'ян і Мацвей, запасіла сілы для апошняга рашаючага кідка, пайшло пад снег, так і не выявіўшы сябе. Каля слупкоў, што падтрымлівалі плот, толькі на чвэрць прасела зямля, правалілася крута, як падрэзаў хто, і слупкі крыху пахіліліся. Гэту няўлраўку з плотам дзед Дзям'ян прыкмеціў.
— Зірні ты,— звярнуўся ён да ўнука,— пяцьдзесят гадоў назад, калі сяліўся, тут калдобіна была, што копанка, засыпаў яе, а яна ўсё роўна сябе аказала. Во памяць у зямлі, пяцьдзесят гадоў аніякага знаку, а цяпер во... Перакапаць слупкі трэба, Мацвей.
Мацвей абяцаў перакапаць, паставіць нават новыя, ды так не сабраўся, спачатку хапала іншага, толькі паспявай паварочвацца, а потым стала ўжо вальней, ало што ж з таго, зямля прамерзла і капаць яе — толькі смех рабіць. Рашылі адкласці ўсё на вясну.
Вясна прыйшла нечакана, увайшла ў Княжбор бы крадучыся. Раней набліжэнне яе адчувалася яшчэ ў лютым.
З другой паловы апошняга месяца зімы не пакідала неба сонца. I хутка цямнелі дарогі, святлеў лес, блакітам і сінню налівалася неба, рабілася глыбокім-глыбокім, як без дна, і пахла ад лесу, палёў і дарог вясной: расталаю салодкаю вадой, бярозавай пупышкай, дым і той неяк інакш ішоў з комінаў, слупам, радасна і няўтрымна. Маладзелі не толькі зямля і людзі, замшэлыя калодзежныя жураўлі як крылы набывалі вясной і змянялі голас, не рыпелі, што ў студзені, зябка і сцюдзёна, а курлыкалі, здаецца, і вада з вёдзер пад ласкавым сонцам лілася весялей, весела булькаталі ручаі — прадвеснікі ўрадлівай восені. Сёлета ўсё было інакш, хаця, здаецца, усё як і заўсёды. У другой паловс лютага аб'явілася на небе сонца. Але ўзыйшло яно асцярожна і пратрымалася нядоўга, бы абмацала зямлю і не пазнала ці не прызнала яе, ахуталася хмарамі. I так з-за хмар і набегам паказвалася ўсяго на гадзіну-другую і выкопвала свае абавязкі, тапіла, зганяла снег, азорвала сумны ў шэрым тумане лес.
— То спутнікі ўсё вінаваты,— стараліся апраўдаць такую кволую вясну княжборцы.— Неба над Княжборам не адно ж. Сем нябёс. I ўсіх іх папрабівалі спутнікі. У кожным з сямі нябёс папарабілі дзірак, вось і сочыцца з гэтых прарэх туман.
— І гэтаму верылі ўсе старыя. Адзіны толькі дзед Дзям'ян сумняваўся, меў сваю асабістую думку:
— Не спутнікі, а немцы ва ўсім вінаватыя. Спутнікі нашы, яны нам шкоды чыніць не будуць.
— Але ёсць і амерыканскія спутнікі,— слушна заўважалі яму.— А немцы таксама ёсць нашы.