А цяпер на, раздушы!— працягнула мне жменю валоскіх арэхаў.
Дануся хацела пахваліцца, які я дужы. Мне было няёмка, я ўпіраўся.
Сцісні, сцісні! — дамагалася яна настойліва, паклаўшы мне на далонь арэхі і загінаючы пальцы ў кулак.
Я паслухаўся, і арэхі луснулі з сухім трэскам.
Бачыш? — пераможна зірнула яна на Бэту. Дзяўчына працягвала вывучаць мяне разумнымі карымі вачанятамі — такімі прыгожымі і выразнымі, якія бываюць толькі ў яўрэек.
Пане Браніславе, сюды! — закрычала Дануся. Я зірнуў уніз. Там ішоў Любецкі.
Стаяла такая цяплынь, што хацелася разуцца, скінуць з сябе кашулю, а князь быў у новым цёмным касцюме, накрухмаленай кашулі і пад гальштукам. Крочыў ён павольна, як чалавек, які ў святочны дзень выйшаў прайсціся.
А, сэрвус! — убачыў ён нас.
Яго яшчэ не хапала.
На ўзроўні маіх ног паказаліся бліскучыя залысіны, шыя і плечы.
Дзень добры, панно Дануто! Дзень добры, панно Бэто!— час-та дыхаючы, праказаў Любецкі.— Го, панно Данка з фотаапаратам? Выдатна!
А ў мяне плёнка скончылася! — пераможна, нібы з радасцю паведаміла яна.
Шкада...— апёкся Браніслаў.
Толькі цяпер ён убачыў мяне і разгубіўся.
Пан Янэк, знаёмцеся!
Знаёмы...— прамямліў вечны студэнт з дурнаватай усмешкай.
Вы ўжо знаёмы? — зрабіла вялікія вочы Дануся.
Ніхто ёй не адказаў.
Я за ім сачыў незалежнымі вачыма. Любецкі зрабіўся вартым жалю. Усё выглядала так, бытта тут стаяў настаўнік, якога вучань Браніслаў вельмі баіцца. Ён перайшоў амаль на шэпт:
Панно Данко, вас можна на хвілінку?
Калі ласка!— пераглянулася яна з Бэтай.— Прабачце, пане Янэк!
Я не паспеў адказаць: рэакцыя ў маёй галаве праходзіла замаруджана, усё адбывалася нібы ў сне.
Браніслаў павёў паненку ўбок, але Дануся весці сябе далёка не дазволіла.
У тэатр, як дамовіліся?
Вядома!— капрызна паціснула яна плечыкамі і вярнулася да нас.
Бывайце! Мяне на Антаколі чакаюць нашы карпаранты!
Калі ласка, клічце і іх сюды!
Яны нешта арганізуюць!.. Прыемнай забавы! — кінуў ён, стараючыся не сустрэцца з маімі вачыма, і пайшоў.
Брэшаш, ніхто цябе не чакае. Заела самалюбства. З ахвотай ты пабыў бы тут, каб не я.
Мы трое глядзелі яму ўслед. Браніслаў нехлямяжа крочыў у чор-ных лакірках, прыпаднімаючы калашыны і выбіраючы месца, куды паставіць нагу, каб не надта запыліць абутак. Дануся з Бэтай не вытрымалі і пырснулі. А ў мяне бытта зняў хто з сэрца вялізны цяжар.