Кум-кума, дай палатна! Нашто табе? Дзяцей хрысціць! — падхапіў я.
Каля нас у аеры нешта пакешкалася, пакешкалася, а потым плюхнула ў ваду, а плынь нібы ціха ўздыхнула і аж зморшчылася коламі.
О-ей! — уздрыганула паненка.
— Не бойся, усяго толькі жаба! Думае, што нас ашукала і мы ўжо яе не бачым. Во, глядзі, ляжыць, хітруня, на дне з вылупленымі вачыскамі...
Ага, бачу!
— Няхай ёй здаецца, што мы дурні! Пакінем яе ў спакоі... Лепш паслухай, што робіцца ў кустах!
А ў прыдарожным алешніку, зашыўшыся ад спякоты ў лісце, заліваўся салавей.
Цёх, цёх, цёх! Пабёг, пабёг, пабёг! Па пятах, па пятах, па пятах! Кі-ям, кі-ям, кі-ям! Ф-іі-і! — пачаў я птушку дражніць.
Дануся рассмяялася.
Я ведаю ўсе іхнія дванаццаць кален!.. Во курскага пачуць бы, тыя спяваюць на пятнаццаць!..
Абудзіўся пастух, павыганяў з вады жывёлу, і яна стала пасвіцца. Паміж кароў важна пахаджвалі буслы.
А чаго яны разам?..
Каровы выганяюць з травы жаб, а буслы іх ловяць, прыглядзіся!
Узаемная дапамога?!. Якая гармонія, якая прыгажосць, якое неба!..
А ты яшчэ ездзіш за граніцу шукаць хараства! Што тваё мора, што чужая Швейцарыя, паглядзі на свой край як след!
О божа мілы!
Пры чым тут твой бог?
Янку, нельга блюзніць! — спалохана азірнулася яна, бытта нас маглі падслухаць на небе.
Во калі вазьмуся за цябе!
Я адвёў паненку ад возера і пасадзіў у жыта.
Дануся,— прыступіў я да справы,— ты ж такая вучоная, культурная і разумная паненка! Як ты можаш сур'ёзна верыць у папоўскія казкі?.. Вучыла, нябось, біялогію, ведаеш, што свет узнік не за шэсць дзён, а развіваўся мільёны гадоў!
Які ты, Янку, наіўны. Біблейская легенда аб стварэнні свету дайшла да нас ад старажытных яўрэяў. А слова «дзень» па-стараяў-рэйскаму азначае і суткі, і год, і эпоху. Шэсць сутак трэба разумець у пераносным сэнсе, кожны дзень — цэлая эпоха! Гэта ж так проста!..
Дрэнны з мяне быў настаўнік. Убачыўшы, што адразу не магу пераканаць, я зазлаваў:
Няма чым ім крыць, падтасоўваюць факты! А ты слухай! Ты вер ім!.. Вер французскім кніжачкам... Ну і балда ж ты, хоць і надта вучоная ды з такой сям'і! Аб чым з табой гаварыць пасля гэтага?
Янэчку, супакойся!.. Я пастараюся ўсё-ўсё зразумець!
I тады ля возера я прачытаў Данусі палітычную лекцыю.
Я сам у той час больш адчуваў, чым разумеў, і што мог раска-заць, мне цяжка цяпер і ўявіць. Памятаю, Дануся слухала пакорна і згаджалася, што рэлігія — мінулае, а ідэі сацыялізма — будучыня на-родаў. Я палічыў, што дабіўся поспеху. Гэта мяне ўзняло ў сваіх вачах. Пачакай жа ты, князь Любецкі, падсуну табе дулю пад самы нос!
Я не вытрымаў, прыгарнуў яе і пацалаваў.
Дануся дазваляла дакрануцца толькі на адну хвілінку, бытта цалавацца коратка — злачынства меншае.
Ужо хопіць, Янку! — за кожным разам палахліва ўскрыквала яна задыханая і вырывалася.