Гэта мяне толькі дражніла. Я ганяўся за ёю па жытах, падаў у густую шчотку з пругкіх, як дрот, ядроных сцяблінак і цалаваў, цалаваў зноў.
3
Пад вечар, шчаслівыя і здаволеныя, мы вярталіся з возера.
Па дарозе абагналі п'янага дзядзьку. У абшарпанай саматканай вопратцы ён чагосьці на ноч валокся ў горад.
П'яны раптам стаў рысавацца. Абняў тэлеграфны слуп і зацягнуў маналог:
Ах, сасёначка!.. Расла ты сабе прыгож;ая ў лесе і гора не ведала! А што з табой паны зрабілі: спілавалі, абадралі, акавалі жалезам, начаплялі нейкіх чарак, дратоў, і век табе тут, беднай, гараваць! I ў дождж, і ў мароз, і ў спякоту ніхто цябе, бедную, не пашкадуе, нікому да цябе няма справы!.. Ты аж патрэскалася ад натугі, высахла ўся, цябе ўсю стачылі караеды!.. Ах мая ты сястрыч-ка, што з табой злыдні зрабілі!..
Мы засмяяліся і пайшлі далей.
На ўскраіне Вільні паказаўся прыгожанькі домік. Ля яго акон тоўпіліся людзі.
Давай пабачым, што там здарылася! — зацікавілася Дануся.
Можам...
Мы збочылі з дарогі.
Ля дзвярэй доміка з апушчанымі пад бараду пасачкамі дзяжурылі салдаты. Духавы аркестр зайграў жалобны марш.
Уціснуўшыся між людзей, мы даведаліся: у гэтым доме памёр палкоўнік.
Людзі навокал нас голасна гаманілі. Ніхто па нябожчыку не бедаваў. Гэта ўразіла Данусю, і яна ўзняла на мяне поўныя слёз вочы. А натоўпу і далей не было ніякай справы да настрою нейкай там паненачкі, у якой бацька таксама вайсковы чын.
Ты не памятаеш — у католікаў ці праваслаўных перад тым, як забіць труну, накрываюць твар нябожчыку? — абыякава пыталася нейкая жанчына.
Я адно ведаю, што ў яўрэяў пакойніка кладуць у саван. Найлепш з суровага палатна...
Ат, яму ўсё роўна!
А наро-оду сабралася!
То дзіва! Як багаты памрэ, то і апошні з хаты прэ, а як бедны-худачок — толькі попік і дзячок!
Калі ж цяпер будуць плаціць удаве?
Эт, бяда не вялікая!
Чорт яе не возьме, не бойся, заплацяць больш, чым нам з табой...
Данусі гутарка здалася дзікай, і яна пацягнула мяне за рукаў:
О-ей, які цынізм!
Прывалокся той самы п'яны дзядзька і пачаў дапытваць:
Чаму граюць, га? Чаму граюць, а не танцуюць?
— Пане, цішэй, тут чалавек памёр! — узмалілася Дануся.
Хто памёр!
Пан палкоўнік!
Будзе другі, падумаеш!