Аднак Дануся мне ўсё даравала. У наступны дзень нават прызналася, што яе ўжо цалаваў адзін чалавек. У прызнанні было столькі шчырай даверлівасці, што вестка зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай.
Вось прыкладна тады і наступіў момант, ад якога пачаліся нашыя непаразуменні.
Паміма маёй выхадкі Данусі імпанавалі мой рост і сіла, таму я стараўся іх падкрэсліць. Каб здавацца яшчэ вышэйшым, станавіўся на высокія месцы, хваліўся сваім наганам... Паспешліва выстаўляў напаказ усе якасці, бытта баяўся, што потым будзе позна.
Лёнгінус! — пяшчотна пазвала мяне Данка імем героя рамана Сянкевіча «Агнём і мячом».— О-ей, які ж у цябе дужы карак! Я недзе чытала, што гэта — прыкмета ўпартасці!
Упартасці ў мяне хапае, магу табе пазычыць!
Дануся хвіліну памаўчала і ні з таго ні з сяго спыталася:
Янэк, Адам Міцкевіч меў рост сто семдзесят восем саптыметраў. Гэта мала ці многа? Хто з вас большы?
Я паказаў далонню: паэт быў мне якраз па вусны. Пытанне было не выпадковае.
У кожнай яе кніжцы ляжалі рэпрадукцыі нейкай белакурай паненкі, імі Дануся закладвала старонкі. Часамі ад няма чаго рабіць яна разглядала іх і ўздыхала.
Хто гэта? — пацікавіўся я.
Мой ідэал жанчыны — Марыля Верашчака.— I Дануся зрабілася сумная і задуменная.
Нічога не падазраючы, я пытаўся далей:
Чым жа яна так праславілася, што прадаюць яе фота?
Марыля кахала Міцкевіча, але пайшла на самаахвярны ўчынак. Каб зрабіць бацькам прыемнасць, выйшла замуж за нялюбага магната Путкамера...
Па тым, як вінавата Дануся апусціла вочы, я раптам зразумеў, для чаго яна гэта гаворыць, і пахаладзеў.
Няўжо яна гэтаксама хоча выйсці за нялюбага Любецкага? Няйначай!.. Данусі цяжка, і, каб супакоіцца, яна прымушае сябе часта ўспамінаць Марылю. Але ж гэтага не можа быць!..
Няўжо і ты?..— жахнуўся я.
Дануся не адказала. Выходзіць, пытанне дарэмнае. Мы доўга маўчалі. Мяне агарнуў якісьці холад, я зноў адчуў самотнасць, пачуў сябе страшэнна адзінокім. Нарэшце я адважыўся паўтарыць пытанне:
Гэта праўда, Данка?
Праўда, Янэк...— прашаптала яна, бездапаможна і вінавата апусціўшы галаву.
Чаго я тут сяджу?!. Я ўсхапіўся на ногі. Дык вось хто яе першы пацалаваў — гэты нікчэмны Браніслаў!
Вось чаму яна распытвала пра рост Міцкевіча!
А я, дурань, так радаваўся апошнія дні. Жаніха іграў!.. А чаго ад яе хацець? Яна — прадукт свайго асяроддзя!..
Я стаў глядзець на Данусю нібы на асуджаную. Але паказаць усю бязглуздасць яе намеру не ўмеў. Да таго ж ва ўсёй гэтай гісторыі быў зацікаўленай асобай, і гордасць не дазваляла яе адгаворваць. У яе было столькі самаадданасці, што ў мяне паступова праявіліся да паненкі спачуванне і жаласць.
Аднак усё гэта ўзнікла потым. Пасля апошніх Данусіных слоў мяне ўкалола страшэнная рэўнасць, агарнула абурэнне:
«Колькі дзён я нічога не ведаў! За каго яна мяне тады лічыць, за хлопчыка для забавы?.. Якая мая роля ў гэтай гісторыі?!. Блазна прыдворнага хацелі з мяне зрабіць?!.»
I Дапуся зрабілася такой недасяжнай, як і восенню.
12
Прайшло некалькі дзён.
Нягледзячы па прызнанне, паступова я супакоіўся, а Дануся стала мне яшчэ даражэйшай. Кажуць, мы болей любім чалавека, калі ведаем, што ён не для нас. А яшчэ кажуць, каб мацней паверыць, трэба пачынаць з сумнення, а каб мацней палюбіць — з нянавісці. Я амаль гэтак пачынаў.