Ажыўленая, яна толькі бліснула ў адказ шчасліва вачамі і лёгка панеслася да катла, ані крыху не саромеючыся свайго не зусім складнага выгляду: на ёй была шаўковая сукенка і кірзавыя боты. Сёння яе быццам падмянілі. Смелая і ўпэўненая, дзяўчына аж ззяла. Я насцярожыўся і з зайздрасцю зыркнуў на залатыя пагоны капітана пад новенькім камбінезонам.
Кубак быў адзін, і хадзіў ён па кругу, напаўняў яго Кучэрын:
Хочацца і яму, але начальству трэба захоўваць фасон, паказваць прыклад. Эх, доля камандзірская!.. Не хацеў бы я тае славы, абы толькі... Стася, тваё, дзетачка!..
Здалося, што яго нападкі на мяне дзяўчыне не спадабаліся.
Штосьці вы надта часта п'еце за маё здароўе,— упікнула яна ад катла.— Так і сваё можна прапіць!
Яе вочы свяціліся ціхай радасцю, і яна была пад уражаннем толькі ёй вядомага прыемнага сакрэту. Значыць, гэта не з-за Кучэрына! — адлягло ў мяне на душы.
От дае!..— захапіўся лётчык. Хлопцы няўпэўнена засмяяліся.
Ох, як я ненавіджу гэтае выражэнне!..
Мяне ты, урэшце, накорміш? — спытаўся я.
Перахапіўшы мой позірк, Стася быццам заглянула ў душу. I мне здалося, што ўсё навакольнае знікла, у шалашы мы толькі двое. Знікла мая самотнасць.
Падаючы міску, яна ўбачыла ў ёй сасновую шышачку і вінавата ўскрыкнула:
Ой, я налью другую!
Нічога, будзе смачней! — хапіў я за край посуд.
Стася рассмяялася.
Праўда, праўда, смачней,— не ведаеш? А сама ўжо абедала?
Не...
То давай разам. Бяры лыжку!
Я зараз!
Радыстка вярнулася, падсела і ціха прашаптала:
А я ведаю адну таямніцу!
Ну-у? — Я адчуў, як ад яе шчаслівага позірку і мяне агортвае хваля радасці.
Пайшла сёння паласкаць гімнасцёрку на возера, а мяне ўсё цягне вярнуцца дамоў. Уляцела я ў зямлянку і са свету нічога не бачу ў паўзмроку. Толькі па інтуіцыі зразумела, што тут былі вы.
Дакуль будзеш выкаць?!
Быў ты... Гляджу — на рацыі...
Здаволеная?
Вельмі!
I добра!
—- А мне ў апошні час так цяжка было на сэрцы, што вырашыла прасіць штаб перавесці ў другое злучэнне...
Я ўявіў сабе жыццё без Стасі і аж страпянуўся.
У другое?