Маруся была невысокая, шчуплая, на бледным яе твары выдзяляліся тонкія вусны, чорныя вочы глядзелі спадылба. Але на свежым паветры, разгарачаная хадзьбой, яна паружавела. Коратка падстрыжаныя валасы яе вецер бязладна збіў на адзін бок, і яна Іх не папраўляла, бо ведала, што так ёй да твару. Каўнер шэрага плашча прыпадняла і цесна зашпіліла пад барадой. Калі трэба было звярнуцца да мяне, яка схіляла галаву на плячо і паднімала вочы. Не ведаю, бачыла так яна мяне ці не, але выходзіла гэта ў яе міла. Безабаронная і слабая, яна ішла ў самую зяпу ворага, ёй было не да мяне. Лезці да яе з малазначнымі пытаннямі не выпадала. Разведчыцы нічога не каштавала абрэзаць мяне, малазнаёмага: «Ці не залішне ты цікавы, з кім я знаёмая ў Вільні?»
Потым я асвоіўся з разведчыцай і мог ужо пачаць свае роспыты, але заела самалюбства. Успомніў фатаграфію Дануты са Станеўскім. Успомніў самаўпэўненага Генрыха на кватэры Янкоўскіх... I ва мне загаварыла гордасць. Ні адзін чалавек мяне так не пакрыўдзіў...
У Марусі я нічога не спытаў. Аднак ва мне таілася кволая надзея, што яна вернецца ў Вільню і Данута распытае яе сама.
5
Мая маці, каб сабрацца з думкамі, звычайна садзілася вязаць панчоху. Бацька ў такіх выпадках браў сякеру і да цямна ўпарта сек дровы. А чым заняцца партызану ў такім стане?
Пайшоў я ў лес, адкалоў фінкай вялізны кавалак кары ад сасны, сеў на пень і пачаў нешта майстраваць. Думкі паплылі без сістэмы і сувязі. Паступова галоўнае, што ляжала на сэрцы, выцесніла часовае.
Ганяюся за Данутай, як Дон Кіхот за Дульцынеяй, і не бачу, што адбываецца пад самым носам. Які я няўважлівы да радысткі — з першага знаёмства і да сённяшняга дня. Для хлопцаў жа яна была чараўніцай, якая валодае рацыяй і гаворыць з Масквой.
Стрыманая і валявая, Стася, згледзеўшы мяне, тушавалася і пачынала гаварыць з людзьмі амаль шэптам. Яна гатова была рабіць усім вымову за няўвагу да мяне. Я ж паводжу сябе з ёю як некалі з Данусяй. Колькі можа гэта цягнуцца? Што я за прынц? Хіба мала ў нас добрых хлопцаў? Чым горшы, напрыклад, Віктар Кучэрын?..
Група партызан прывяла з-пад Вільні аднарукага лётчыка. Яго вылечылі польскія сяляне. Відаць, не было ў свеце чалавека, які б не адчуваў да лётчыка сімпатыі. Віктар адразу стаў агульным любімцам.
Мяне пякла рэўнасць, што ён лётчык, што ў яго сіні камбінезон і планшэт авіятара са стракатай картай за цэлулоідам. Кучэрын не спускаў са Стасі вачэй...
Узвінчаны, я ўстаў і падаўся ў лагер.
Па дарозе глянуў на тое, што трымаў у руцэ. Выструганы з кары караблік з мачтамі і якарам на баку — нібы ў параходзікаў, якія плавалі некалі па Віліі.
Чорт! — шчыра здзівіўся.
Аглянуўся, куды кінуць цацку, і пашкадаваў. Вырашыў падарыць яе Лёніку.
Ля ядлоўца раслі фіялетавыя званочкі, я збочыў з дарогі.
...Каля зямлянкі радысткі ні душы. Замест дзвярэй ад камароў вісела сетка з марлі. Яна нечым напамінала родную, мілую Стасю. Я адчуў сардэчную ўдзячнасць за яе ўпартую дабрату, і мне захацелася зрабіць для яе штосьці добрае.
Асцярожна расхіліўшы марлю, я нырнуў у зямлянку, паставіў на рацыю караблік і паклаў званочкі.
6
Ад зямлянкі я накіраваўся на кухню. У шалашы — вясёлая кампанія. Я ведаў, хлопцы з паходу прынеслі чайнік самагонкі і цяпер, відаць, «запраўляліся» перад абедам. Кучэрын, чуваць, быў у цэнтры ўвагі.
Стася, за тваё здароўе, дзетачка! — крычаў Віктар.
Усё роўна атрымаеце толькі адну місу! — смяялася яна, падаючы праз галовы ежу.
Згодзен, толькі з тваіх рук! I налівай ужо такую, з якой пояць коней!
Пашукаю!
Палундра, начальства з'явілася!
Што мне яно? Мы заданне выканалі і зараз самі сабе начальства!
Янка, падсаджвайся, нацэдзім і табе!
Паспрабуй чайку!
Лепш грашамі маю порцыю выдайце!
Рублямі, маркамі?
Усё роўна, Стася. Прывітанне!