Адважная дзяўчына! Самому чорту галаву зверне!
Што ў вас з ёй?
Служыла ў немцаў афіцыянткай, папрасіла заданне, мы і далі. Учора заклала аднаму тыпу міну ў ложак. Не было як зматацца, дык на кухні цяпнула цесаком сябе па пальцы і выбегла на двор нібы да доктара. Адтуль -- да нас, у лес. Ехала на нямецкіх спадарожных машынах... Але штосьці вестак няма: узарвалася ці не? Міна англійская, чорт яе ведае, мо... Вось і чакаем звестак цэлыя суткі. Сокалаў пайшоў да суседзяў, каб спытацца па рацыі ў Масквы, магчыма там што вядома. Дрэнна без свайго радыста...
На якую халеру вы займаецеся гэтым? Ну, лупанеце, выляціць у паветра яшчэ адзін генерал — і што? Гітлер заменіць яго новым! А колькі потым немцы нявінных за яго пастраляюць?.. Так добра наладзілася сувязь з горадам, а пасля выбуху ўсё паляціць дагары нагамі, тады пачынай усё спачатку...
Эх, Барташэвіч, камандзір разведкі брыгады!
Бо нам, разведчыкам, з-за вас потым найбольш дастаецца!
Затое калі лупанём такога ляйтэра, кожны салдат падумае: э-ге, швах нашы справы, калі да такіх дабіраюцца! I будзе зямля ў іх гарэць пад нагамі! Ведаеш, як гэта Маральна на армію дзейнічае, як разлагае яе?!
Гэтаксама тлумачыў сваім хлопцам і я. Але сам спрачаўся з Трашковым таму, што няёмка было сядзець у дэсантнікаў проста так.
—- Добра! Што яшчэ ў вас новага?
Ат, не шанцуе! То радыстка напаролася на паліцаяў, то Варонін на чыгунцы трапіў пад абстрэл... Ліха яго ведае, што за бяда на нас навалілася!..— засмучана прамовіў Трашкоў і ўспомніў:— Чуў? Мы, нарэшце, наладзілі адносіны з Арміяй Краёвай!
О-го, гэта штосьці новае! — насцярожыўся я.
Тр-р-р, халера, воўчая шкура, стой, кажу! — перабіў нас голас Сляпухі.
Дзядзька з фурманкай пад'ехаў да будана. Хоць цёмна, але я смутна распазнаў на возе на фоне саломы дзве нерухомыя чалавечыя нагі. Вось па якога Мішку ездзіў дзядзька Сляпуха!..
Трашкоў адразу забыўся на мяне і падаўся да воза. Было чуваць, як ён шоргае брызентам, адхіляе палотнішча, як кажа ездавому:
Пакінем, Волесь, яго на ноч на двары?
Ну! — з-за каня кінуў дзядзька.
Яму тут будзе лепш на паветры!..— апраўдваўся лейтэнант.— Заўтра ўдзень Вароніна пахаваем...
Сляпуха панёс у зямлянку хамут і лейцы. Праходзячы блізка, як і належыць у жалобную хвіліну пры мёртвым, ён не павітаўся, толькі паківаў галавой і ўздыхнуў:
— I калі, Ваня, усё гэта скончыцца, скажы мне? З'явіўся капітан і пазваў бадзёрым голасам:
Трашкоў, Маруся, на выхад!.. А, вось вы дзе! Чулі? Разарвала вашага хросніка на кавалкі!.. Жалобныя сцягі ва ўсім горадзе... Чорны з горада перадаў!
Вось табе і дзірачкі! — Трашкоў ударыў дзяўчыну па плячы.— Ведаеш, як ты сапсавала імі настрой? Ледзь сабе кулю ў лоб не пусціў!
А ў мяне, думаеце, было на сэрцы лепш?
Хопіць, дзеці, зводзіць разлікі, радуйцеся!.. Сляпуха, шукай паўлітра, памянём фашыста, царства яму нямецкае! I Барташэвіч да кампаніі прыстане!
Таварыш камандзір...—вінавата перабіў ездавы. — Я Мішу прывёз...
Прывё-оз?
Вунь, на фурманцы.
Мы накіраваліся да воза. Сокалаў засвяціў ліхтарыкам, і мы паглядзелі на дэсантніка.
I трэба ж было яму якраз налезці! — са спагадай праказаў Сляпуха.— Эх, Міша, Міша...
Разрыўной, сволач, у самы вісок трапіў! — Капітан разглядваў рану.— Што цяпер бацьку напісаць на Урал? Прафесару даваў слова глядзець за ім як за сваім сынам...
Занізка ляжыць! — не слухаў капітана Трашкоў і падсунуў пад галаву брызент.