Нарэшце выйшлі ў мяне патроны. Але скончыліся яны і ў лесніка. Ён схапіў вінтоўку і пабег. Я не знайшоў сілы перазарадзіць пісталет, самлеў.
Калі вярнулася прытомнасць, гляджу — я ў вясковай хаце. Нада мной схіліўся доктар і робіць уліванне крыві. Я ж трасуся, спатнеў увесь. Правай рукі — няма! Пальцы, далонь, локаць адчуваю, а самой рукі няма, от фокус!.. Ну... А праз месяц праходзіла ваша група, і мяне падабралі хлопцы. Віктар зноў прагна зацягнуўся.
Ну, а далей? — падагнаў я лётчыка.
Віктар тыцнуў акурак у талерку:
— Ачуняўшы, пацікавіўся, як жа я апынуўся ў дзядзькі. I людзі мне расказалі. На шашы ляснік спыніў нямецкую машыну і пачаў тлумачыць, што ў лесе ляжыць савецкі дэсантнік. З немцам ехала перакладчыца. Яна пераклала, быццам у лесе сасной прыдушыла рабочага і патрэбна медыцынская дапамога.
Лясьнік, вядома, нічога не зразумеў. Немец пасадзіў яго ў машыну, і яны паехалі. А праз гадзіну дзяўчына вярнулася ў лес з доктарам-палякам. Дзе падзеўся ляснік — таямніца. Мяне прывезлі ў вёску, адрэзалі руку, перавязалі грудзі...
А перакладчыца якая з сябе? — замёр я.
Не бачыў. Быў непрытомны, калі прыязджала. Доктар не-калькі разоў наведваўся. Ён сказаў, што дзяўчына — дачка польскага афіцэра і што я павінен усё жыццё за яе маліцца. Я спытаўся, як зваць. «Канспірацыя!» — засмяяўся ён. Дзядзька гаварыў, прыго-жая...
Не дачка генерала?
Магчыма.
А калі гэта здарылася?
У красавіку сорак трэцяга.
Ты добра памятаеш? — не пытаўся я, а прасіў з іскрай надзеі, хоць добра ведаў і сам, што Кучэрын прыйшоў да нас праз паўгода пасля таго, як я страляў у Дануту.
Такія рэчы не забываюцца, будзь спакойны!
У якой вёсцы жыве дзядзька, дзе ты хаваўся?
Пад Вільняй. Ездзіў я да яго пасля вайны, але ўжо не застаў. У Польшчу выехаў з сям'ёй.
Не можа быць!
Чаму цябе ўсё гэта так цікавіць? Ты што-небудзь ведаеш?
4
Вярнуўся я з камандзіроўкі.
Падала жонка абед, сеў я есці, і нічога не лезе ў горла. Уключыў тэлевізар. Ішоў новы фільм з Таццянай Самойлавай, а ў мяне перад вачамі другое. Выключыў тэлевізар. Прычапіліся з нейкім пытаннем дзеці, і іх прагнаў. Жонка купіла новую пласцінку «Авэ Марыя» Баха (калісьці не любіў класічнай музыкі, не любіў з-за ўзросту), паклаў пласцінку, запусціў, але і класічная музыка не супакоіла, апарат выключыў.
Што з табой, Янка, нездаровы ты? — устрывожылася Стася.— Мо на рабоце што здарылася?
Выдумай!
Дык чаму ж ты такі?!
Я пераказаў ёй усё, што чуў ад Кучэрына. Стася прамаўчала. Толькі потым неяк занадта падазрона паведаміла:
Цяпер у мяне тры ўрокі ў восьмым і дзевятым класах. Іду ў школу. А сёмай спаткаеш мяне перад магазінам «Колас» і дапаможаш несці сёе-тое...
Добра, спаткаю...
Вечарам са Стасяй выходзілі мы з магазіна. Я нёс пакункі, кулёчкі і чакаў буры за сваё прызнанне.
Калі ласка, праходзьце! — у дзвярах прапусціў я нейкую жанчыну, высцерагаючыся, каб яна чаго-небудзь не выбіла ў мяне.
Я не памыліўся ў прадчуванні, бура хутка пачалася. На вуліцы жонка пацягнула мяне за пінжак: