Сляпуху месяцы два таму назад з нашай брыгады перавялі да дэсантнікаў. Ён у іх стаў за фурмана, але па старой памяці часта заходзіў у нашу брыгаду і апавядаў, што ў іх рабілася.
Няўжо тут была Данута?
Сябры не заўважылі маёй разгубленасці,— можа, таму, што ў гэты момант далёка пачуліся выбухі.
Ён і дзвюм дасць рады...
Ціха!..
Усе насцярожыліся. У напрамку, адкуль даносіліся выбухі, замільгала цьмянае зарыва ракет. Фронт быў ад нас яшчэ за сотні кіламетраў, але насуперак логіцы ўсім хацелася пачуць у гэтых выбухах грукат нашай артылерыі.
—- Чапаеўцы, відаць, поезд узарвалі ля Галынкі! Раніцай ішлі на чыгунку, калі мы вярталіся з задання.
—- Мусіць...— з расчараваннем праказаў другі партызан.
Выбухі былі. Ракеты пускаюць. Мабыць — пашанцавала: поезд пусцілі! От недзе пад абломкамі вагонаў фашысцікі ўспамінаюць свайго фюрэра добрым словам!..
I зараз жа хлопцы пераключыліся на бадзёры тон.
Тым часам мне першы раз не захацелася ісці да Стасі ў зямлянку. «Што за ліха, якая паненка была ў сокалаўцаў?
А чаму б не быць і Дануце? У немцаў разведка наладжана выдатна, яны добра ведаюць нашы атрады і камандзіраў, месца размяшчэння — толькі не маюць сілы нас знішчыць. Даведацца пра партызан у немцаў і потым уцячы сюды для яе не так ужо і склада-на...
Яна ў партызанах?»
Мне зрабілася страшна ад думкі пра сустрэчу.
2
Разам з намі жыло некалькі груп дэсантнікаў. Кожная выконвала толькі ёй вядомае заданне і сваю работу трымала ў строгім сакрэце.
Дэсантнікі вылучаліся сваёй стрыманасцю, дысцыплінай і большай развагай у параўнанні з расхлябанымі, бесшабашнымі і ліхімі партызанамі. Называліся групы па псеўданімах камандзіраў.
Ад вогнішча я кустамі прабраўся да месца, дзе размясціліся дэсантнікі капітана Сокалава.
Між сосен — тры зямлянкі і будан-кухня. Другі будан — для коней, вазоў, фуражу. Усё спланавана кампактна, зручна — нічога лішняга, дарожкі пасыпаны жоўценькім пясочкам, і ноччу яны здаваліся белыя. Тут адчуваліся ахайнасць і казарменны парадак.
На бярвеннях — два сілуэты: мужчынскі і жаночы. Адзіная жанчына ў групе — радыстка — на мінулым тыдні загінула ў баі. Я насцярожыўся: няўжо Данута?!
Ваня, ты? — аклікнуў мяне голас лейтэнанта Трашкова.
Я, Пятро. Прывітанне...—- Голас мой уздрыгануў, а ногі адмовіліся ісці.
Я адчуў, што твар яго звернуты да мяне.
Сляпуха твой дзе?
Паехаў яшчэ ўдзень па Мішу!
А... I капітана вашага няма? — Іхні камандзір мне быў не патрэбен, але нічога лепшага я не прыдумаў.
— Пакуль няма!.. Садзіся на лаўку, пачакай! Я сеў.
Трашкоў адразу ж забыўся пра мяне і загаварыў з дзяўчынай. Я ператварыўся ў слых. Голас лейтэнанта быў надтрэснуты і сіплаваты, але не ад перапою, а проста — ад расы, прастуды і недасыпання. Малады голас яго суседкі звінеў меладычна, міла, але быў незнаёмы, а ў слове «няхай» дзяўчына вымаўляла «я» глыбока, гэтак можа сказаць толькі беларус з-пад Мінска.
На сэрцы адлягло.
На самай справе, чаму не дачакацца Сокалава і не спытацца ў капітана проста і адкрыта?