Кухар наліў у кацялок гарохавага супу.
Чаму мяса так мала паклаў, скнара!
Я быў у тым узбуджаным стане самаўлюбёнага ап'янення, якое бывае пасля ўдала выкананага задання, калі ўсё табе дазволена і ты разам з сябрамі цешышся сваімі новымі якасцямі. Сёння мяне разбірала ненатуральная весялосць.
Каму беражэш яго, жмінда! — палез я з лыжкай у кацёл.
Куды! — замахнуўся кухар апалонікам.
А ну вас! — залямантаваў партызан: яму вар з апалоніка капнуў на шыю.— Не люблю мужчын-какетак! Ты яшчэ генерала не злавіў, а шуму — на цэлы лес!
Я ўлавіў у сабе трывогу.
На самай справе, чаго так разбрыкаўся? Гэта не к дабру, нешта здарыцца. Я нібы прачнуўся, пастараўся перавесці ўсё ў жарт:
А гарох у цябе, Васіль, зусім сыры! З'ясі такога, і ў жываце будзе бразгаць: немцы за кіламетр пачуюць!
Жарты да мяне не ішлі, і ніхто че рассмяяўся. Выручыла Стася. Яна пазвала з цемры:
Янка, калі ласка, пакруціце дынамку!
Мо я пакруціў бы?
А нельга мне?
О-ей-я, колькі ахвотнікаў! Хутчэй, Барташэвіч, якраз буду дакладваць пра вашае геройства, няўжо дазволіце, каб круціў хто іншы...
Я-асна!
Ясна, што справа цёмная!
А вы чаго плачаце, героі? — збівала ўвагу радыстка.
Вядома, не ад радасці за твайго Барташэвіча!
I не ад зайздрасці. Усяго ад камароў і дыму!
О-ей, бедненькія!..— пашкадавала дзяўчына і знікла.
Разгневаны на яе, што мяне скампраметавала перад сябрамі, я не ведаў, што рабіць. Пайсці адразу? Скажуць — во, пабег, адно паманіла!..
Маю разгубленасць выкарыстаў Трухан і перахапіў увагу слухачоў:
Дарэчы аб камарах. Нядаўна ў групу Сокалава прыходзіла паненка з Вільні. Камары яе пакусалі, дык апухла так, быццам на яе напалі пчолы! Слова гонару. Дзе толькі такая гадавалася!
З Вільні? — перапытаў я.
А-а, тая! — ускрыкнуў партызан ля вогнішча.— Шыкарная! Бачыў, як дэсантнікі яе вялі!
Між іншым, слухай, Барташэвіч, мне іхні ездавы, Волесь Сляпуха, гаварыў, што яна пра цябе пыталася.
Мне раптам захацелася прысесці. У Трухана твар быў шчыры.
Спытай Волеся, калі не верыш! Хацеў табе адразу сказаць, але не выпадала спаткацца, цябе ўсё носіць...
Куды ж ён падзене цяпер радыстку?
Было не да жартаў. Я ўстрывожыўся. Выглядала так, быццам я нашкодзіў, гэта хаваў нават ад сябе і вось — прыходзіць расплата.