Дзякуй, Зінка!
Шчасліва...
Узрадаваны, вылецеў я з саней да сваіх хлопцаў, якія ўжо абтрасаліся ад снегу.
А намяло-о, браткі ж вы мае-е! — закрычаў адзін партызан. — Пратупай па такіх гурбах сто кіламетраў — ногі адваляцца.
Дзе ты бачыш гурбы! Гэта ж паркет — першай клясы! — заразіў я хлопцаў добрым настроем.
Даёш паркет!
2
Дзён праз пяць прыбылі мы на месца. З «дугласа» ўжо выгрузілі запакаванае ў брызент партызанскае дабро. Да прадстаўніка злучэння — вялізнага літоўца Шымкаса — падыходзілі па чарзе камандзіры груп, і ён надзяляў іх брызентавымі цюкамі.
Я таксама прымасціўся ў чаргу і ад няма чаго рабіць пачаў разглядаць дзяўчыну.
Яна стаяла збоку і зграбным носікам выдыхала ў настылае паветра струменьчыкі пары. Ад марозу і балотнай сырасці барты яе новага кажушка, вушанка заінелі, а белыя валёнкі і вопратка былі без ніводнай плямкі, як з іголачкі. Яны нагадвалі тылавы дастатак і спакой. У дзіцячым тварыку прабіваліся пашана і наіўнае захапленне ўвішнымі партызанамі. А хлопцы падхоплівалі брызентавыя цюкі і неслі іх да саней.
Адзін цюк партызаны разрэзалі і заглянулі ў яго:
Э-э, зноў «сюрпрызныя» міны!
Такія міны ў нас карысталіся дрэннай славай, на іх узарваўся не адзін партызан.
Казімір Вітольдавіч! — узмаліліся хлопцы да Шымкаса. — Лепш будзем паравозы за колы сцягваць з рэек, толькі не давайце гэтай дрэні!
Геро-оі!.. Не ўмееце карыстацца ўзрывальнікамі. Глядзіце сюды, пакажу вам без толу... Во, гэтую чаку трэба выцягнуць, гэтыя вусікі загнуць...
— Ага, без толу яна не ўзарвецца! Дзяўчына на ўсё гэта глядзела з уміленнем. Новенькі аўтамат яе — заінелы, хоць пішы на ім пальцам,— быў сістэмы ППШ апошняга выпуску. Дзяўчына, мабыць, з Вялікай зямлі. Відаць, са службы аховы самалёта.
У той дзень я дрэнна сябе адчуваў.
Хвароба яшчэ толькі пачыналася: мяне ўсё раздражняла, я сам не ведаў, чаго хацеў. Раздражняла гутарка людзей, смех, нават іхняя вопратка. I чамусьці зусім злавала мяне прысутнасць гэтай дзяў-чыны.
«Партызанскай рамантыкі шукаеш, начыталася кніжачак! — падумаў я непрыязна.— Добра, што хутка вернешся ў цёплую кватэру з водаправодам і цэнтральным ацяпленнем!..»
Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Данута, каб пераапрануць яе ў вайсковае і даць аўтамат.
Я ўздыхнуў.
Ад чэрвеньскага вечара, калі лазіў на ясень, мінула амаль чатыры гады. Столькі падзей адбылося! Але каханне — дрэўца, якое расце, калі на яго мы і не глядзім. Я часамі не знаходзіў сабе месца.
— Вам — радыстка! — перарваў мае думкі прадстаўнік злучэння і паказаў на аўтаматчыцу: — За-бірайце!
Адну-у?
А колькі б ты хацеў, дзесяць?
Было з-за чаго валачыся!
Я ўжо вельмі шкадаваў, чаму замест бездапаможнай дзяўчынкі не далі мяшок толу або патронаў ці нават «сюрпрызных» мінаў, у іх хоць узрыўчатка добрая. З гэтай адно клопатаў набярэшся. Яна — не Зіна Кварцёнак.
Маё расчараванне заўважыў прадстаўнік. Ён вылаяўся на мароз, парыпаў нагамі, быццам у яго пад валёнкамі быў не снег, а сухі крухмал, нязграбна пагартаў паперы чырвонай набрынялай рукой і яшчэ раз зірнуў у спісы.
Атрад Чапаева?.. Зараз, дзе ён тут у мяне... Э-ээ...— пацягнуў ён угару...
Шымкас прыціснуў рукой адну ноздру, чхнуў з сілай праз другую і паскардзіўся: