Калісьці мы, беларусы, непрыязна адносіліся да іх. Каб часамі павучыцца ў палякаў, колькі мы сказалі ў іх адрас абразлівых слоў? Я нават на Данусю глядзеў спачатку варожа з-за яе нацыянальнасці!
Вы полька? — спытаўся я з пашанай.
Але час для знаёмства выбраў няўдалы. Чацвёра сутак пераходу на такім холадзе для яе было занадта, і яна зрабілася запальчывай:
А вы ведаеце, што два генералы Парыжскай камуны і Фелікс Дзяржынскі былі таксама палякі?! Мой тата — член ЦК Польскай кампартыі і загінуў у Інтэрнацыянальнай брыгадзе ў Іспаніі. Гэта вас таксама здзівіць?
I Стася ад стомы і ад таго, відаць, што партызанскае жыццё не такое, якім сабе ўяўляла, расплакалася. Плакала, не хаваючы твару, з крыўдай, нібы я ўсяму віной.
5
У хату ўваліліся разведчыкі:
— Камандзір, крыніцы не замерзлі!
Хтосьці адпусціў вострае слова ў адрас Арміі Краёвай, але партызана зараз жа абрэзалі.
Трэба было вырашаць, як ісці. Я ўявіў сабе радыстку ў вадзе, убачыў нават, як яна вылазіць з ледзяной тоні ў прыліплай і пацямнелай гімнасцёрцы, як затым панцырам змярзаецца яе вопратка... Яна калі і пройдзе брод, дык потым наўрад ці вытрымае! Колькі яе? Кілаграмаў шэсцьдзесят з вопраткай!.. — Усё роўна пойдзем бродам! Пад'ём!
Пакуль прачыналіся партызаны, бразгалі зброяй і пазяхалі, Стася непрыкметна выцерла слёзы.
Ужо развіднела, але немцаў мы не баяліся: блізка партызанскі лагер. На балоце з крыніц узнімалася пара, нібы пад снег нехта закапаў катлы з варам.
Ну, хлопчыкі, рыхтуйцеся прымаць ванны!
Ад раматусу!
Ого, па-лаціне ўжо загаварыў!
Гэтае слова ведала нават мая маці!
Чаму валёнак не здымаеш?
Яны воданепранікальныя! — паддавалі сабе бадзёрасці партызаны і ішлі да вады.
Затрашчала альшына: хлопцы выламвалі сабе тычкі. Яны паздымалі кажухі, пінжакі, разам з аўтаматамі паднялі іх над галовамі і адчайна закрычалі:
Э-эх!.. Мама родная!
Да чаго вада халодная!
Каравул!
Ух-х!
I апынуліся па пахі ў ледзяной жыжцы. Адна Стася нерашуча тапталася на беразе, але і яна пачала расшпільваць кажух.
— Я вас перанясу! — аб'явіў я радыстцы.
У вачах дзяўчыны з'явіўся жах.
А я не хачу... Пайду, як усе...
Мяне не цікавіць, што ты хочаш, чаго не хочаш! — зазлаваў я.— Тут камандую я, а ты будзеш мяне слухаць! I не думай, што насіць цябе на руках вялікае шчасце!..
Стася паўзіралася на мяне з разгубленай паслухмянасцю.
Я аддаў рацыю партызану, узяў дзяўчыну на рукі і пайшоў.