Крыніцы гэтыя перасякалі балота ў некалькіх мясцінах. Іх зімой не скоўваў лёд. У вялікі мароз з іх толькі валіла пара, і народнае павер'е сцвярджала, што там зімуюць лебедзі.
У наш лагер вялі тры дарогі. Адна — каля стаянкі атрада Арміі Краёвай[19], яна адпадала зусім. Заставалася другая, далёкая, або трэцяя — праз гэтыя балоты.
Калі б крыніцы замерзлі, у лагер мы прыйшлі б на суткі раней. Так апрыкраў холад, што мы згадзіліся б ісці і скрозь агонь, абы хутчэй дабрацца да цёплых зямлянак. Чамусьці апошнія метры здаюцца найцяжэйшымі.
Я адправіў на балота разведчыкаў, а групу павёў на знаёмы хутар. Праз нейкі час мы апынуліся ў хаце.
I тут мае хлопцы рысаваліся перад Стасяй. Удыхнуўшы цёплага паветра, партызаны напоўнілі памяшканне маладымі бадзёрымі галасамі: глядзі, якія мы тут свае, як мы хутка дамаўляемся.
Цётачка, нам бы крыху вады, а то есці ахвота і пераначаваць няма дзе!..
Ах, божа, то што ж я вам дам, саколікі мае!..
Кіслая капуста е?
То е-е-е...
А хлеб?
Чаму ж і яму не быць!
Нясіце місу, толькі поўную!
I кола хлеба самае большае!
Сала кавалачак...
I пачаліся бразганне, смачнае хрумстанне і жарты, пасля якіх ад рогату аж уздрыгваў кволы агеньчык лямпы.
Добра наеўшыся мёрзлага сала з квашанай капустай, апаражніўшы цётцы ўсе збаны з кіслым і салодкім малаком, хлопцы як сядзелі, так і пазасыналі. Толькі ў куце капашыліся яшчэ двое.
А братка ты мой, ну і брудная ж у мяне кашуля! — паскардзіўся адзін партызан.
Глядзі толькі, каб сумленне было чыстае! — параіў другі.
Будзь спакойны за маё сумленне!
У гаворку ўмяшаўся дзед — гаспадар хаты. Ён расказаў, як у 1863 годзе адзін польскі паўстанец уцякаў ад царскіх войск і залез у дупло. Там казакі яго і застрэлілі.
...Я быў яшчэ хлопцам,— правіў стары. — Спілавалі мы з бацькам дуб, а ў дупле — заржавелая стрэльба, чалавечыя косці, гузікі, спражка. Селі мы і думаем: што з гэтым рабіць? Закапалі ля трубы, на капец крыж паставілі...
Радыстка перад печчу пераабувала валёнак і строга па інструкцыі трымала аўтамат між каленяў. Цяпер можна было добра прыгледзецца да дзяўчыны: яна глыбока задумалася, не слухала ні хлопцаў, ні дзеда, не адчувала і майго позірку.
У яе і Данусі я знайшоў штосьці агульнае: аднолькавую манеру гаварыць намёкамі і трымаць сябе незалежна, з годнасцю... Стася нават прычоску і вопратку пры нашых умовах умела захаваць у такім парадку, на які, мабыць, здольны адно полькі.
Даўно я чакаў моманту для размовы. У мароз яшчэ не паспею прачнуцца, а падумаю, што з намі — Стася, устаю і з вечара да раніцы асцярожна і цярпліва вартую. Нарэшце хвіліна надышла... Трэба развеяць дзяўчыну.
Стася скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя кудзеркі і прыгаршчай правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым з другога — дакладна як некалі рабіла гэта Дануся над Віліяй. Яе аўтамат быў надта запацелы.
Вытрыце яго, бо адразу заржавее! — падаў я анучку.— Праўда, праўда, заржавее! — I спахапіўся, што выражэнне «праўда-праўда» — Данусіна.
Дзякуй,— узяла яна анучку і абыякава стала церці ёй аўтамат.
Я ўспомніў, што яе імя — Стася. Замест «малако» і «званіць» гаворыць «мооко» і «дзваніць». Дайшоў і да сэнсу дзедавага апавядання. Падумаў, што палякі ў часы небяспекі куды больш салідарныя, чым мы; яны майстры рабіць паўстанні, і наўрад ці хто лепш за іх умее канспіравацца. У падпольнай рабоце нам не хапае іхняй тонкасці. Нядаўна ў Варшаве фашысты знялі польскі надпіс з помніка Каперніку і замянілі яго нямецкім: «Дэм гросэн дойчэн астрономэн». Ноччу падпольшчыкі знялі шыльду і на цокалі зноў па-польску напісалі: «За тое, што вы хацелі мяне зрабіць фольксдойчам, я прадоўжваю зіму на шэсць тыдняў. Мікалай Капернік».
Палякі гордыя. Люблю гордых людзей. А яшчэ яны маюць цікавы звычай: жанчын называюць паняй, незамужніх дзяўчат — паненкамі, а мужчын усіх — і міністра, і столяра — пан; у ветлівай форме да чалавека звяртаюцца ў трэцяй асобе...
Кажуць, што з усіх жанчын полькі вылучаюцца вытанчанымі густамі, пачуццём прыгажосці, як немкі — акуратнасцю.
[19] Польскія партызаны дзяліліся на некалькі палітычных груп. Групай Арміі Краёвай камандавалі пераважна былыя пілсудчыкі, да савецкіх партызан яны адносіліся непрыхільна.