Хто яна? — насцярожана прыпаднялася Зіна.
Ах, ты не ведаеш!
Не, скажы!
Што табе за карысць з гэтага?
Не, ты скажы!
Яшчэ невядома, ці засталася яна жывая пасля ўсяго, што здарылася за тры гады...
Хто?
Разумееш, яшчэ да вайны я вучыўся ў Вільні і закахаўся там у адну...
Ну?
I з той пары не магу нікога пакахаць. Хачу, а не магу. Не дам сабе рады...— паскардзіўся я, як заўсёды шукаючы ў яе спачування і падтрымкі.
Яна мяне не слухала.
Прыгожая? — у яе голасе пачулася варожая зайздрасць да незнаёмай саперніцы.
Вядома, не такая брыдота, як я! — Зіна прамовіла гэта з нейкай нянавісцю да сябе.
Толькі цяпер я зразумеў, што вельмі вялікае гора ў дзяўчыны, каб яшчэ спачуваць мне.
У лагер вярталіся мы не разам. Я быў злосны і нездаволены сабой. Наўрад ці ўдасца яшчэ калі мне спаткацца з Данусяй. Дык што, так і бадзяцца да старасці аднаму?
1
У наступную зіму стаялі мы кіламетраў за семдзесят на поўнач ад Гродна, у Друскенікскім лесе. Узрыўчаткай нас ужо забяспечвалі з Вялікай зямлі. Партызанскі аэрадром быў тады далёка, аж у Літве, на возеры.
Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўнікі Штаба партызанскага руху. Яны арганізавалі падпольныя райкомы, абкомы, рэдакцыі газет. З асобных груп стварылі стройную сістэму партызанскіх атрадаў, брыгад, злучэнняў. Цяпер мы сталі грознай арганізаванай сілай.
Я тады быў камандзірам узвода разведчыкаў.
У пачатку лютага паслалі мяне на аэрадром за грузам, што прыслалі нам з Масквы. Са сваімі хлопцамі накіраваўся я на возера.
За лагерам нас дагналі некалькі саней — гэта адпраўляўся на заданне атрад. Хлопцы ехалі па-партызанску, са свістам і гіканнем, трымаючыся за дручкі, за кажухі сяброў, стоячы на адным калене, на полазе...
Раз-вед-чы-кі-і, даро-огу-у!
Мае хлопцы не разгубіліся і на хаду пачалі ўскакваць у сані.
Я таксама схапіўся за сані і ўпаў некаму на галаву, балюча ўдарыўшыся аб чужы дыск брывом.
З крыкам і жартамі партызаны пацясніліся, і я сяк-так прымасціўся і стаў церці пабітае месца. Тут я толькі ўбачыў, што сяджу разам з Зінай. Заражаная агульнай весялосцю, яна мяне таксама спачатку не заўважыла. Пасля лета мы яшчэ ні разу з ёй не размаўлялі.
— Гэта ты-ы? — міжволі вырвалася ў мяне.
Зіна прамаўчала. Толькі твар яе пасур'ёзнеў.
Ехалі мы на нізкіх драўляных развалках. На іх і ад звычайнай язды кружыцца галава. А цяпер сані проста ляцелі, і ад гэтага ўсе былі як п'яныя і на нас з Зінай не звярталі ўвагі. Я дакрануўся да яе рукі, якая трымалася за дручок. Зіна не адказала. Тады я асцярожна адарваў яе руку, пераплёў яе пальцы сваімі і ціха сказаў на вуха:
На тым скрыжаванні буду злазіць... Зіна, давай памірымся! Няўжо не даруеш? Прабач...
Яна крадком азірнулася, тады паднесла маю руку да грудзей і мякка, далікатна паціснула мае пальцы.