Гэтае прытворства якраз было патрэбна і мне. Я пабег за ёю.
Мы апынуліся ля густога сасонніку. Зіна стала плячамі да дрэўца, нібы схавалася ад дажджу, выдыхнула:
Стань побач!
Яе кароткія пальцы з мужчынскімі пазногцямі пачалі нервова і бязладна рваць зялёныя іголкі, быццам іголкі гэтыя — мяккія лісточкі мяты. Сама яна аж задыхалася.
Ваня, ну! — папрасіла з тугой пабялелымі вуснамі.
Але я ўжо паспеў астынуць і нібы прачнуўся. Раптам адчуў, што ў адносінах з Зінай даўно перайшоў граніцу і што трэба з гэтым канчаць, пакуль не позна. Паглядзеў на ўсё цвярозымі вачамі.
Ніякая сіла не магла цяпер прымусіць мяне зноў дакрануцца да Зіны. Вось ужо і забыўся, што на мне яе кашуля. А тую кашулю, што калісьці мне памыла над Віліяй Дануся, дык і цяпер памятаю, нават ведаю, дзе яна дома ляжыць. Калі бываю дома, абавязкова на яе пагляджу...
Я паспрабаваў успомніць, колькі дабра зрабіла мне Зіна, пераламаць сябе, каб не крыўдзіць дзяўчыны, хоць пацалаваць яе: не адсыхалі ж мае вусны раней?!.
Не. Гэта было б падвоенае ашуканства. Трэба з гэтым канчаць раз і назаўсёды. Зіна для мяне была як сястра і маці, ці можна без канца яе ашукваць, абнадзейваць, выкарыстоўваць яе пачуцці?
I яшчэ. Адзін крок — і, мне здаецца, я страчу сваю незалежнасць. Ва мне абудзіўся інстынкт самаабароны.
Ну, што ты?! — шаптала яна.
Не трэба, Зіначка! — папрасіў я і далікатна адпіхнуў яе.
Чаму? — выдыхнула яна горача.
Я табе даўно збіраюся прызнацца...
У чым?
Ведаеш... Некалькі год я закаханы ў аднаго чалавека... Толькі не крыўдуй на мяне,— узмаліўся я, не ведаючы, як мякчэй зрабіць прызнанне, каб не было ёй так балюча.
Здалося, што на момант усё на свеце замерла, такая наступіла цішыня.
Раптам у гэтай цішыні пачуўся зычны трэск, а ў мяне перад вачамі ўсё захісталася — Зіна з усяе моцы пляснула мяне па твары.
Хвіліну я стаяў як ачмурэлы.
Так. Першы раз у жыцці атрымаў я па фізіяноміі. I дзіўна. Не раззлаваўся, не пакрыўдзіўся. А гатоў быў падставіць шчаку яшчэ і сказаць: бі, Зіначка, калі табе ад гэтага лягчэй, на, бі, бі!
Зіна закрыла твар рукамі і захісталася ад роспачы.
Ох, якая я дурная!.. А я ду-умала!..— застагнала яна цяжка.
Я ж ні ў чым не вінаваты, усё гэта адбылося міжволі...
Гэтым я яшчэ больш распаліў дзяўчыну.
Змоўкні, ты... не чалавек!.. Бо-ожа... Я ўся аддавалася яму і не ведала, што ў гэты час ён думае аб другой! Бо-ожа, завошта на мяне такая кара!.. Каб ты... Каб цябе...
Я зазлаваў. А ў чым я вінаваты? Выходзіць, каб прамаўчаў, было б лепш?!.
Каб супакоіцца, адышоў крыху ў лес.
Калі я вярнуўся, Зіна ляжала на траве і плакала, як толькі можа плакаць чалавек у вялікім горы. Яна ўся аж уздрыгвала ад болю і бяссілля:
I навошта я такая нешчаслівая нарадзілася на свет?..
Я бездапаможна таптаўся на месцы.