Дубіна, слухай! Яна сама ўчора нам апавядала. Ты быў на варце якраз!
Ну-у?
Не нукай, не запрог!
То ў які бок цягнуць?
Так бы і спытаўся адразу! Бярэцца яшчэ за такую справу, ні шыша не разумеючы!
Даўно ты пачаў шмат ведаць!
Больш за цябе!..
Іншым разам радыстка, прачнуўшыся, расчырванелая ад цеплыні ва ўхутаным плашч-палаткамі буданчыку, нападала на партызана:
Таварыш Трухан, чаму мяне не пабудзілі на пост, калі падышла змена!
Стасенька, родная, далібог, забыўся! — захлынаючыся ад шчасця, што ўдалося ашукаць дзяўчыну, па партызанскай звычцы хлопец ужо называў яе на «ты».
Заўтра дзяжуру і за сябе і за вас!
Вядома, аддзяжурыш! Назаўтра паўтаралася тое ж самае.
Аднаго дня Стася яшчэ спала. А хлопцы ад холаду ўсхапіліся са снегу і стараліся сагрэцца: штурхаліся, тупалі, скакалі... Раптам Трухан закрычаў:
Глядзіце, што я ў кустах знайшоў! Партызаны абступілі яго, разглядаючы скураную рукавічку.
Чыя, ніхто не прызнаецца!
Добра ведалі, чыя рэч, і хлопцы, але не спяшаліся адказваць. Нібы гэта была не звычайная рукавіца з труса, толькі да смешнага малая, пашытая поўсцю ўсярэдзіну, а - сонца, якое ўсіх абагрэла.
Гляджу, штосьці ляжыць. Падымаю, ажно...— Шчаслівы Трухан трымаў рукавічку так асцярожна, быццам яна была з павуціння.
Кожны хацеў бы патрымаць яе таксама. А Трухан, бадзяга, на зайздрасць усім, яшчэ ўсадзіў свае брудныя і струпастыя пальцы ў шаўкавістую воўну:
А цё-оплая, кхэ!
Ну, ты! — закрычалі на яго адразу.— Гэта Стасіна!
Стасіна?
Не ведаеш!.. Пакладзі ў будан!
Хлопцы адразу неяк падабрэлі, парабіліся ціхія, паслухмяныя. Яшчэ доўга я заўважаў, як стараліся яны пабыць адзін на адзін з сабой, як свяціліся іхнія вочы.
У групе былі бывалыя сэрцаеды, і кожны з іх меў яшчэ свайго балельшчыка. I як балельшчыкі ні стараліся падгледзець які-небудзь поспех свайго аўтарытэту, Стася была з усімі аднолькава ветлівая. А гэта вельмі інтрыгавала.
Яшчэ інакш радыстка ставілася да мяне. Яна ўмудралася гадзі-намі быць са мной і маўчаць, гледзячы на мяне нібы на пустое месца.
Стася была прыгожая, перад ёй так і хацелася парысавацца, паказаць сябе з найлепшага боку. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка і мяне заінтрыгавала. Толькі я быў у горшых умовах.
Гордасць не дазваляла набівацца са сваімі паслугамі, бо гэта выглядала б так, нібы выкарыстоўваю службовае становішча. I пасля сцэны на аэрадроме было брыдка. А прасіць прабачэння не прывучылі мяне змалку. I са Стасяй я не гаварыў. Толькі зайздросціў сябрам, што могуць адкрыта ёй зрабіць паслугу, і крадком пазіраў, як радыстка з жаночай нязграбнасцю ў ватных штанах месіць снег. Моўчкі ішоў я следам і лаяў сябе за нетактоўнасць.
Так мы і брылі чатыры дні.
4
Падыходзілі мы да крыніц. Праклятыя, іх нават не адзначылі на картах-кіламетроўках, а ў прыродзе яны існавалі.