Я сеў, абапёрся спіной аб сасну і азірнуўся.
I праўда. Мае партызаны, разваліўшыся на паляне, храплі на розныя галасы. Паразвешваная на кустах вопратка сушылася на сонцы. Ад яе, нібы дымок, ляніва ўздымалася пара.
За палянай на балоце мірна пахаджваў бусел, пакідаючы цёмны след на траве. Там, дзе ляжаў я, быў прыемны халадок, дзе-нідзе сарамліва чырванелі першыя ў гэтым годзе бусінкі суніц, гойдалася ўсыпанае расінкамі павуцінне — па ім бегаў павук. А над усім гэтым стаяў такі птушыны шчэбет, што, здавалася, лісце і галіны дрэў аж варушыліся ад птушак. Я ўдыхнуў п'яны пах ляснога паветра і так па-цягнуўся, што аж затрашчалі мае косці, а па целе разлілася асалода.
Усе жывыя, не бойся! — суцешыла дзяўчына.
А астатнія групы?
У кожнай засталося па некалькі чалавек. Нават у зямлянцы немцы атруцілі ўсіх газамі. I з нашай палова не вярнулася. А твае — усе. Малайчына, камандзір! Хлопцы цябе хваляць... Толькі сам паддаўся, ледзь адратавала. А каб я вас не знайшла, то і памёр бы?.. Пі, спецыяльна з хутара свежага прынесла...
А блакада? — успомнілася раптам мінулае, нібы цяжкі сон.
Ужо два дні, як немцы адышлі!
8
Апрача ўсяго мы з Зінай мелі адну таямніцу.
Раздабылі з ёю толу і ўзрывальнік. Механіка ўзрывальніка была даволі простая. Ад батарэйкі кішэннага ліхтарыка ішлі два ізаляваныя дроцікі, адзін плюс, другі — мінус. З гэтых дроцікаў трэба было скруціць спіральку і пакласці на рэйку. Колы цягніка націснуць на дроцікі, зробяць замыканне, і міна здэтаніруе.
Пайшлі мы ўдваіх на пуць. Я заклаў міну, уставіў батарэйку, і мы схаваліся ў кусты.
Поезд праехаў, а міна не ўзарвалася.
Па інструкцыі міны ў такім выпадку кранаць нельга: замыканне можа наступіць нечакана. Але мы з Зінай пашкадавалі толу і вырашылі яго забраць.
Мы яшчэ поркаліся ля рэйкі, як здалёк пачуўся гудок цягніка. Я ўспомніў: у гэтую пару праходзіць пасажырскі.
— Давай паспрабуем зноў! — шапнуў я дрыжачым ад хвалявання голасам.
— Толькі хутчэй! — падхапіла Зіна.
Частку дроцікаў колы аддавілі, яны зрабіліся надта кароценькія і не хацелі ляжаць на рэйцы. Я знайшоў кіёк, лёг на насып і пачаў ім падтрымліваць дроцікі. Выцягнутая мая рука хутка самлела.
— Цяпер я! — шапнула Зіна.— Будзем на змену!
Так мы і мяняліся, пакуль пад'язджаў поезд.
Калі цяпер колы зробяць замыканне, ад мяне і Зіны не застанецца і следу. Але нас ахапіў азарт. Мы думалі толькі аб адным: едзе поезд, у ім поўныя пульманы гітлераўцаў — упэўненых, здаволеных, з туга набітымі нарабаваным дабром чамаданамі... Мы гатовы былі яшчэ дапамагчы міне і падштурхнуць вагоны, каб яны лепш ляцелі пад ахон!
Па рэйках пакаціўся грукат, потым паказаліся фары. Яны раслі на вачах, пакуль не пранесліся над намі, і тады мы зноў апынуліся ў цемры. Поезд толькі выбіў з маіх рук кіёк, абдаў мяне ветрам, ашпарыў кроплямі гарачай пары, а пясчынкі балюча секанулі па твары.
Забралі мы з Зінай тол і моўчкі папляліся ў лес.
Каб зрабіў гэта іншы партызан, я аддаў бы яго пад суд: бяздумная ліхасць нікому не была патрэбнай, і ў нас існавалі строгія на гэта законы.
9
Восенню 19З9 года пасля ўз'яднання ў Заходняй Беларусі адчувалася няхватка кадраў. I на Міншчыне абвясцілі камсамольскі прызыў. Па гэтаму прызыву прыехала ў Заходнюю Беларусь і Зіна Кварцёнак.
Зіма ў тым годзе стаяла лютая. Зіна прыехала ў тоўстых, падшытых шмат разоў і зноў растаптаных валёнках, у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец кіраваўся толькі адным прынцыпам: як найбольш усадзіць у яго ваты — так прасіла Зініна маці.
Гарады Заходняй Беларусі мелі бедную прамысловасць, іх засялялі пераважна былыя чыноўнікі, гандляры і ўладальнікі крам. Не па душы была многім з іх Савецкая ўлада, не даспадобы былі і людзі, якія з ёй прыехалі.
— Глядзіце, яшчэ адна ўсходніца-калода! — смяяліся з Зіны ў Гродне модніцы ў фетравых боціках, у расшытых адмысловымі ўзорамі кракаўскіх кажушках.
Саромеючыся сваёй вопраткі, Зіна з кватэры прабіралася завулкамі ў «Загатзерне», дзе працавала лабаранткай-прыёмшчыцай.