Ах!— толькі вырвецца з прагных вуснаў прыемнае здзіўленне.
Цур, адну зацяжку!
Цур, я другі!
Трэці!
А гаспадар капшука пры месячным святле асцярожна, быццам крупінкі смярдзючай махоркі з чыстага золата, робіць самакрутку. I пойдзе цыгарка па кругу — па адной зацяжцы на брата. Настрой у таварышаў адразу ўзнімаецца, аднекуль з'яўляюцца і сілы.
Не прымаю ўдзелу ў курэнні толькі я.
Жалезны ты чалавек, Ваня,— хваляць мяне хлопцы і зацягваюцца дымам.— Мы хоць курым, нам лягчэй. А ты не курыш і не ясі...
Нічога. Хутка немцам абрыдне бадзяцца па лесе, здымуць блакаду. Як-небудзь вытрымаю...— суцяшаю больш сябе, чым таварышаў.
Ніхто, вядома, не ведаў, што было ў той момант у мяне на душы. Кружылася галава ад голаду. Па целе прабягалі вядомыя яшчэ з віленскага жыцця дрыготкі, разлівалася слабасць, засцілала вочы імглой. Прыходзіла абыякавасць. Расслаблялася воля. Першы раз у жыцці я шкадаваў, што не навучыўся курыць.
Братцы, вядро вады замяняе сто грамаў хлеба: даказана партызанскай навукай! — накурыўшыся да ап'янення, жартаваў хто-небудзь з хлопцаў і прыгаршчамі зачэрпваў тлустую балотную ваду.
Глядзі ты, пасля вайны яшчэ дысертацыю абароніш на гэтую тэму! — гучалі павесялелыя галасы.
Толькі ў мяне аднаго няма настрою.
Яшчэ са школьнай парты я ведаў, колькі ў такой вадзе плавае мікраарганізмаў. Агідна глытаць казявак і слімакоў, але калі стаіш перад галоднай смерцю і няма выбару...
А вы не смейцеся! Піце, хлопцы, гэтую ваду, яна пажыўная! — заахвочваю я таварышаў і пераконваю сябе, што мяне таксама мучыць смага, і я цаджу праз зубы рудую вадкасць.
Удзень сонца пячэ бязлітасна, пот коціцца градам, і я п'ю зноў — якраз раблю тое, чаго рабіць нельга. Празмернае паценне прывяло да абяднення клетак солямі, парушыла іх здольнасць трымаць вадкасць, разладзіла ўзаемасувязь працэсаў у арганізме. Праз ты-дзень я зрабіўся такі бязвольны і слабы, што не мог сагнаць з носа камара. А пусцяць немцы ракету, дык не здужваў нават прасачыць за яе палётам. Але ў роце адчуваў смагу і піў яшчэ і яшчэ. Даходзіла да таго, што сцісну пальцамі цела на грудзях — на скуры выступаюць кроплі вады, быццам я сціснуў мокрую губку.
Трэба ж было залазіць да ведзьмы ў дрыгву, каб загінуць тут за нішто ад камароў і голаду! — нібы праз сон чуў я дакорлівыя словы.
— Што мелеш? Ён табе свой хлеб аддаваў, прыкідваўся, што не галодны, а цяпер, бачыш, як дайшоў? — баранілі мяне некаторыя.
— Мо няпраўда? Загінуць, дык у баі! А то запёр сюды ў магілу! Вялікая радасць, што і ён разам тут здохне!..
Але паправіць што-небудзь было позна — усе паслабелі так, што не маглі нават трымаць вінтовак. Калі б у той час надышоў на групу адзін немец, ён, мабыць, пабраў бы нас голымі рукамі.
I ўсё ж я знайшоў у сабе сілы арганізаваць вылазку. Ноччу ўзяў двух сяброў, і папаўзлі мы да немцаў.
Белая палатка. Калі мы ўскочылі ў яе, тры чалавекі на сене не паспелі нават прачнуцца. Патэфон. Стол з газетамі, кацялкамі. Вядро... Мы шукалі ежу. У кутку нейкі мяшок. Намацалі — сухары! Схапілі яго і прэч з палаткі!
Адпаўзлі ў дрыгву, развязалі мяшок, а там — скура на падэшвы! Здаецца, гэта і быў той адзіны выпадак за вайну, калі я заплакаў.
На дзевяты дзень я пачаў траціць прытомнасць, мяне ўсё часцей апаноўвала дрымота. Але і скрозь затуманеныя вочы бачыў, як блішчыць вада, а губы самі цягнуліся да яе.
...Апрытомнеў я на сухім месцы. Нада мной схілілася Зіна і ліла ў рот з бутэлькі малако.
Ты-ы? — хацеў я спытацца і захлынуўся.
Ванечка, золатца, не разлівай, пі!
Дзе хлопцы? — спытаўся я слаба.
Яшчэ спяць!
Спяць?
Давай я цябе падніму. Божа, які ты ў мяне лёгкі стаў!.. А цяпер паглядзі туды!