— Благому ён і сам навучыўся. Добраму ты яго не навучыла, дзеўка!
Сказала тое Манька і, як яе хто ўджаліў, ірванулася наперад, толькі камякі зямлі паляцелі з-пад матычкі. А яна, Тацяна, наадварот, як умлела, нібы яе варам усю абліло — так яе словы Маньчыны ўразілі. Не кінулася даганяць сяброўку. Ведала, пачакае Манька, пасядзіць на ўздоражку. Корпалася, падсякала матычкай зелле, машынальна пасоўвала паперадзе сябе кошык — ужо амаль поўны — і ўсё над Маньчынымі словамі думала.
«Добраму ты яго не навучыла...» А чаму ж яна вучыла яго? Усё ж рабіла, каб найлепей яму было. А ці ж добрае можа благім абярнуцца? Але ж чаму ёй сэрца па Алёшку даўно баліць, так баліць, як ніколі раней не балела, нават тады, калі маленькі быў? Сэрца матчына чуе бяду дзіцячую. Ужо не першы год той боль жыве ў яе сэрцы. І не той колішні боль па малым Алёшку, калі ёй усё на бяду варажыла. Боль той, памятае, салодкі быў і мінаўся адразу, як толькі абдымалі яе за шыю яго цёпленькія ручаняткі. А то ж — наадварот! Асабліва з тае пары, як у горад падаўся Алёшка. Прыедзе ён, у хату зойдзе, дык яна і радай, і як бы нейкі страх душу халоніць. Глядзіць на яго, на тое, як ён робіць што, ходзіць, прычэсваецца каля люстэрка, і ўсё ловіць сябе на думцы: чужы нейкі робіцца яе Алёшка. Штораз, з кожным яго прыездам усё болей палохалася яна гэтага незразумелага і неадчэпнага адчування.
Палягчэла троху, калі ажаніўся Алёшка. Мо проста не да таго было, другі клопат быў? Але праз нейкі год-другі страх вярнуўся. І боль. Шчымела сэрца і шчымела. Яна ўжо, хоць ты нікому не прызнавайся, нібы змірылася з тым страхам, быццам і чакала бяды. А яно вось і праўда. Заўчора, як Рыта прыехала, яна, Тацяна, адразу здагадалася, што нешта не тое. Рыта яшчэ і слова не паспела сказаць, і не падышла, каб паздароўкацца, а ў яе сэрца так і забілася: тах-тах-тах, і гарачыня пад грудзі падкацілася...
Дагрэблася яна да дарогі, прысела, а пасля і прылегла, каб спіна адышла. Манька загаварыла да яе зусім не пра тое:
— Чула ты ці не, як учора Гэлька ля канторы лямантавала?
— Не чула я нічога.
— Цырк, і толькі! Яе ж з пошты прагналі. Дык яна злавіла ля канторы дырэктара і давай прасіць, каб даяркай ёй пайсці. А ён вазьмі ды скажы: «Ты ж усе кармы ў свой хлеў перацягаеш!» Дык яна кляла і дырэктара, і Пётру, крычала, што гэта ён увёў дырэктару ў вушы, што зладзейка яна...
Яна, Тацяна, не слухала. Не было ёй сёння справы да Гэлькі ці да каго там яшчэ.
Прыбегла дадому — нявесткі ў хаце не было. Пэўна, у садок з Алачкай пайшла. Яна не стала гукаць іх, узяла даёнку, у кішэню паклала лустачку хлеба і пабегла ў поле. А прыйшла, дык нявестка з унучкай, бы сабраўшыся куды, у двары яе стрэлі.
— Ай-яй, няўжо бабу з малачком чакала? От разумніца мая! Бярыся за вочапку, памагай бабцы, а то баба старая, нядужая...
Так, гамонячы з малой, зайшла ў хату, узялася цадзіць малако. Следам зайшла і Рыта, прысела ля стала. Знячэўку спытала:
— Мама, аўтобус роўна ў шэсць ідзе?
— Каторы на Мінск? Ага, дачушка, у шэсць.
— Паедзем мы.
— Куды гэта? — перапытала яшчэ быццам спакойна.
— Дадому паедзем. У Мінск.
У яе ажно вядро ў руцэ калыхнулася.
— Чаго ж так, Рыта? Ты ж казала — водпуск у цябе.
Нявестка ўздыхнула. Памаўчаўшы троху, сказала:
— Водпуск, канечне. З панядзелка толькі і пачаўся. Але чаго мы тут сядзець будзем?
Сказала і змоўкла, галаву апусціла, шоргала даланёй па стальніцы.
Яна, Тацяна, не дацадзіла малако, адставіла даёнку, сама апусцілася побач са збанком на ўслон, ускінулася:
— Што ты кажаш, Рыта? Як гэта — чаго вы тут сядзець будзеце? А дзе ж вам яшчэ сядзець? І не думай!
Схамянулася, што не наліла малой. Падхапілася, выцягнула са стала шуфлядку, дастала кубачак, нагібкам пялёхнула ў яго са збанка, падала Алачцы:
— Пі, пакуль цёпленькае. Чысценька толькі, каб дно відаць было.
Рыта раптам заплакала, аблакаціўшыся на стол. Хліпаючы носам, сказала глуха:
— Не магу я, мама. Стараюся, а не магу. Хто я вам? Людзі пачнуць гаварыць...
Хацела Тацяна падняцца, падысці да Рыты, абняць, суцешыць, ды не рашылася чамусьці, у нагах нейкую слабасць адчула. З другога рога стала азвалася:
— Перастань! Прыехала — і добра зрабіла. І мне, старой, весялей, і вам тут не горай. А людзі што? Якое каму дзела? Перастань, дачушка! — І не стрывала, сама ўсхліпнула.— Мне ж таксама не лягчэй...