Слёзы як быццам падзейнічалі на нявестку. Падняла Рыта галаву, выцерла тыльным бокам далоні вочы, сказала смялей:
— Паедзем мы, мама. Пасля абеду збяромся і пойдзем памаленьку.
Маўчала Тацяна. Не ведала, што казаць. Упрошваць, угаворваць, як малую? Дык жа, дзякаваць, ужо сама матка. Хто яе самую, Тацяну, калі пашкадаваў, хто яе калі прытуліў-прылашчыў? Нечакана для сябе самой са злосцю сказала:
— Нікуды не паедзеш! Прыехала от, дык і жыві!
Рыта апусціла галаву, панікла, а ўнучка, адарваўшыся ад кубачка, уставілася на яе, Тацяну, спытала:
— Чаго ты, бабка, крычыш?
Глядзела на ўнучку нейкую хвіліну няўцямна, бы недачула, што яна сказала. Урэшце падалася да малой, правяла рукой па галоўцы:
— Крычу, бо маці твая... Табе ж тутака добранька, праўда? Па пясочку можна пабегаць і на траўцы паляжаць, і малачко во свежанькае... А матка твая ў Мінск ірвецца. Ты ж не хочаш у Мінск?
— Не, я буду ў бабкі,— Алачка ўткнулася ёй у калені.
— Я ж і кажу, што ты ў мяне разумніца. А маці...
— Ай, мама! — матлянула галавой Рыта.
— Што, ай? Чаго ты ехала сюды, га? Каб тым абрадаваць, што сказала? Дык і без цябе ўведала б! Ці, можа, і ты добрая цаца, як Манька кажа?
— Чым жа я вінаватая!
Чула, што нявестка вось-вось зноў заплача, хацела сказаць нешта мякчэйшае, ласкавейшае, аднак па-ранейшаму злосна кінула:
— А не вінаватая, дык сядзі і не рыпайся! Водпуск свой скончыш, тады паедзеш, калі так хочацца!
Устала, даліла малако ў збанок, паставіла яго на стол, прыкрыўшы зверху газетай, каб муха не ўбілася, другі збанок занесла ў кладоўку. Вярнуўшыся ў хату, пайшла ў запечак — замяшаць парасяці і курам. Не бачыла адтуль, а ведала: Рыта сядзіць там, дзе і сядзела,— на ўскрай стала. Сядзіць і маўчыць, і яна, Тацяна, не азывалася, пакуль корпалася ў запечку. А выйшаўшы на хату з вядром у адной руцэ і з міскай у другой, сказала:
— Не думай ні пра што такое, дачушка. Неяк жа будзе.— І, бачачы, што Рыта не падымае галавы ад стала, патапталася на месцы.— Я па даёнку забягала, дык вас не было відаць нідзе. Хадзіла куды з Алачкай ці толькі ў садок?
Рыта паволі падняла галаву, зірнула на яе:
— Па вуліцы прайшлі, да магазіна...
І раптам нявестка падхапілася з услончыка, абняла Тацяну, уткнуўшыся носам у грудзі:
— Мамачка вы мая!..
Разгубілася яна. Ні адштурхнуць, ні абняць — рукі занятыя. Апусціла вядро на падлогу — яно ў левай руцэ было, вочапка глуха дзынкнула аб край, атуліла Рыту гэтай вольнай левай рукой за плечы, а ў правай так і трымала міску. Гладзіла нявестку па валасах, па плячах, шаптала:
— Ну, ціха, ціха... Ну, супакойся, не плач, дзіцятка. Не трэба так...
Потым яны разам выйшлі на двор, разам ішлі да хлява. Яна несла вядро, а Рыта, ідучы ззаду, міску.
— Пастаў от тут, ля карытца, пакуль. Я вылью парасяці, дык сама выкіну, а ты рук не ўрабляй,— казала да нявесткі.— Куры да цябе не прывыкшы, дык усё адно не падыдуць. Пастаў пакуль.
— Добра, мама,— Рыта паставіла міску з тоўчанай бульбай і хлебам, адышлася, села на лаўцы ля сенцаў.
Даўшы курам, прысела побач і яна, Тацяна. Сядзелі, глядзелі, як чубіліся ля карыта куры, і маўчалі. Зайшоў на двор Шулячышын певень, паходжваў зводдаль, намерваючыся далучыцца да кампаніі, баязліва паглядаў на яе, Тацяну, але яна, як бы заўсёды зрабіла, не замахнулася на яго, не заакышкала. Наадварот, пасміхнудася сама сабе, быццам сказала: «Дзеўбані, дзеўбані і ты, кавалер. Пасеш жа і маіх...»
А ўголас прамовіла да нявесткі:
— Ну, хай ядуць. Пара і нам за стол.
Пасля абеду Манька не прыйшла на буракі. Як і казала, паехала ў Мінск — надумала ж баба госці рабіць. Кінула-рынула ўсё — і паджгала. А ёй, Тацяне, мо і трэба было б з'ездзіць, дык жа...