І тут зноў запілікаў скайп на ноўце. Маю патаемную радасць як абламала. На маніторы ззяў гожы твар Леры, яе цёмныя кудзеркі былі перацягнутыя зялёнай банданай с малюнкамі мядзведзікаў Тэдзі.
- Зая, а ты купіў ільняныя абрусы з сурвэткамі? Чатыры наборы, я ж прасіла.
Госпадзе, а яна ўжо з акцэнтам гаворыць! Ці за год набыла, ці падкрэслівае, што ўжо нетутэйшая?
Шымон стаў так, каб захіліць ад мяне ноўтбук, і я, узяўшы пусты кубак, ціха выйшла на варыўню. Але ўсё роўна працягвала чуць размову, амаль аперэтачную.
- А што яшчэ з тваёй зачуханай Беларусі тут каго зацікавіць? Кніжкі пра Вялікае Княства Літоўскае? Цукеркі? О, дарэчы, цукерак набудзь. Толькі якіх-небудзь прыкольных. Ну, там, “Любімая Аленка”, з дзяўчынкай савецкай у хустачцы... Помню яшчэ смешны шакалад “Теленок Борька”. Увогуле, будзеш якія сувеніры купляць - лепей пабрутальней, пагрубей. Аўтэнтыка, этнаграфія, тыпу там лапці, каўшы... З савецкай сімволікай пакоціць.
- Слухай, гэтая “зачуханая Беларусь” яшчэ нядаўна была тваёй радзімай, тут твае бацькі жывуць, дзяды-прадзеды ў зямлі ляжаць.
- У цябе што, прыступ местачковага патрыятызму? Збегай на плошчу Незалежнасці, пакланіся помніку Леніну і ачуняй.
Далей я прапусціла частку размовы - таму што змусіла сябе адцягнуць увагу на агні, якія беглі па праспекце, нібыта адлучаныя цемрай ад машынаў, самі па сабе, балотныя агеньчыкі вялікага балота.
Чамусьці ўспомнілася, як некалькі год таму па гэткім жа начным праспекце мяне везлі ў бальніцу - падхапіла свіны грып. Дакладней, гэта мы адзін аднаму казалі - “свіны грып”, а міністэрства “па ахове здароўя ад грамадзянаў” сцвярджала, што гэта паніка, падрыўныя чуткі, ніякай эпідэміі. Людзі валіліся, як мухі ад дыхлафосу, у аптэках разабралі ўсе марлевыя павязкі і няшчасны арпетол, які нібыта падымаў імунітэт, а насамрэч хутчэй даваў надзею, што неяк усё ж лечышся. Бо тэмпература не збівалася, людзі згаралі з пнеўманіяй. Маладыя, моцныя, паміралі за некалькі дзён. І ніякія лекі не дапамагалі, таму што вакцыну ад “атыповай пнеўманіі” міністэрства не закупіла. Затое вытворцы арпетолу, арбідолу ды іншых шараговых прэпаратаў ад вірусаў азалаціліся.
Бязлюдныя вуліцы, фігуры з заматанымі да вачэй тварамі... Цішыня. Разгубленыя, злыя дактары, якім не дазволена пісаць у картках сапраўдны дыягназ.
Мяне везлі ў “хуткай”, я глядзела на жоўтыя агні праспекту, машыны, што праслізгвалі міма, і думала, што, магчыма, еду ў апошні шлях.
У бальніцы было пекла. Людзі з тэмпературай сорак градусаў па Цэльсіі сядзелі ў калідорах, абсоўваліся са сценаў. Асабліва цяжка хворым даставаліся інвалідныя крэслы. У многіх у руках цямнелі здымкі іх лёгкіх са сведчаннем страшнай хваробы. Кожны мусіў прайсці немудрагелісты шлях: аналізы - рэнтген - накіраванне ў палату.. Хаця палаты даўно былі запоўненыя. Калідоры таксама. І чарга ў прыёмным пакоі амаль не рухалася, некаторыя сядзелі ў гэтых фарбаваных бляклай зялёнай фарбай сценах з раніцы. Я адчувала, што больш не вытрымаю. Адшукала, хістаючыся і трымаючыся за сцены, адзінага доктара - маладую дзяўчыну ў марлевай масцы. На маю абурана-адчайную просьбу - “ды чалавечнасць у вас ёсць ці не?”, доктар зарыдала. Яна тут таксама з раніцы, другія ўрачы пахварэлі. Лекаў няма. Месцаў у бальніцы няма. Выпісала мне хаця б накірунак на рэнтген.
Яшчэ праз гадзіну мне сказалі, што да пнеўманіі пакуль не дайшло, толькі бранхіт. Па шчаслівым, задыханым званку прыехала мая сяброўка Насця і забрала мяне на таксоўцы.
Цяпер я магу трохі ўявіць, што такое - смяротная хвароба і вызваленне ад яе. Як у графа з ягонай лікантропіяй.
Цікава, ці жыў бы граф Каганецкі на Беларусі? Ці прыехаў бы працаваць у наваствораны ўніверсітэт у 1920-х?
Вядома, старых спяцоў у трыццатых панішчылі як “ворагаў народа”... Але ж ён паспеў бы штось стварыць! Застацца ў гісторыі краю! Было б што адшукваць у архівах. А так - дзе тая Вена, дый нямецкую мову я ведаю на ўзроўні “іх бін аус Вайсрусланд”, нічога не расчытаю. Каб хоць у Польшчы ягоная светласць на навуковай ніве падвізаўся...
Між тым скайпавая размова пагучнела так, што я не змагла далей прымушаць сябе не слухаць.
- А чым кепска напачатку - лабарантам? Не бэбі-сітэрам жа! І зарплата большая, чым у твайго прафесара, разоў у дзесяць! Які “гастарбайтэр”? Зноў пачынаеш? Ну, ведаеш, зая, свае амбіцыі пакінь у саўку, дзе атрымліваюць сто даляраў і ганарацца, што такія інтэлектуальныя і абраныя. Здагадалася: у цябе, як у жаніха перад вяселлем, капрызы псіхікі. Супакойся. Кахаю цябе. Цалую. Чакаю.
Гальяш зайшоў на кухню з такой фізіяноміяй, быццам адбыў урок нялюбай фізкультуры, дзе не змог падцягнуцца патрэбную колькасць разоў.
Жанчына не павінна змушаць мужчыну здаваць нарматывы. Паміж двума закаханымі ўсё - норма, усё - на вышэйшую адзнаку.
- Прабач... - мармытнуў біёлаг, кінуўшы вінаваты позірк. - І так нервуюся перад ад’ездам. А тут яшчэ жухавіцкая гісторыя...
Гальяш цяжка ўздыхнуў.
- Мне трэба ісці... - прагаварыла я, разумеючы, што заставацца нельга, і ён не папросіць, а каб папрасіў, мне належала б горда адмовіцца. Мінулая ноч мая прайшла тут - але мы прыляглі толькі пад раніцу, на пару гадзінаў, у розных пакоях, не распранаючыся. І з гэтага таксама вынікала
- не пашкодзіць добра выспацца і прывесці сябе да ладу. - Заўтра, калі не перадумаў, паедзем да мяне на радзіму, у горад Б*, адтуль дабярэмся да Энгельсаўкі.
- Давай хоць да тралейбуса правяду... - з няёмкасцю прамовіў Гальяш.
- Цёмна... А ты не мая прабабка, стылет у рукаве не носіш.
Усю дарогу мы маўчалі... Але, упэўнена, думалі пра адно і тое ж: падзеі стогадовай даўніны пракручваліся ў свядомасці, як тэлесерыял. Фотаатэлье з выявамі кацянятаў, страшныя пост-мортэм, дзёрзкія студэнты, пусты маёнтак з зачараванымі рэчамі, бойка мужчыны і жанчыны перад камінам, жалезная клетка ў сутарэнні, пажар на заводзе, дрыгва, паверхня якой паволі заціхае, прыняўшы ахвяру... Я ўвесь час спалучала вычытаныя, уяўленыя карціны з сучаснымі краявідамі роднага мястэчка. І яны ніяк не спалучаліся. Ну хіба што ёсць у нас фабрыка па вытворчасці запалак. Але ці гэта мадыфікацыя таго самага дрэваапрацоўчага завода, які задумвалі век таму будаваць, я не ведала. Яшчэ хіба пачарнелая пажарная каланча на тым самым месцы тырчыць. Але нічога падобнага да будынка, у якім магло б месціцца фотаатэлье, насупраць яе няма. Шэры простакутнік Дома быта, у якім дакладна не замовіш ні сурдут, ні сукенку з турнюрам, гаражы ды пустка, на якой спачываюць іржавыя касцякі старых машын.
Ні пра тэракт на заводзе, ні пра тэрарыстаў у горадзе, ні пра пагромы ў нас нічога не расказвалі. Я не магла ўявіць, што сто гадоў таму ў маім Б* мелася капялюшнае атэлье, выпякаліся венскія булачкі, у кніжнай краме стаяла гіпсавая Мінерва і прадаваліся манаграфіі аўстрыйскага вучонага.
Ды ў нас апошнія дваццаць гадоў увогуле кніжнай крамы ў горадзе не было! Толькі аддзел у “супермаркеце” (бяру гэтае слова ў двухкоссе) з наборам дэтэктыўных томікаў Марыніных-Данцовых-Усцінавых. У нас, у горадзе Б*, балі? Карэты? Аркестр? Фотаатэлье з дэкаданснай дамай? Вось Дом культуры маецца. Бетонна-дыхтоўны, з вялікай актавай залай, на сцэне якой ладзяць канцэрты местачковыя таленты. Царква ёсць, так званая “мураўёўка”, касцёл захаваўся. Сінагогі даўно няма, дый габрэяў амаль не засталося. Нават мая лепшая сяброўка дзяцінства Іна з’ехала з бацькамі ў зямлю абетаваную, цяпер толькі лістуемся праз інтэрнэт. Толькі габрэйскія могілкі засталіся, за запалкавай фабрыкай, з надмагільнымі плітамі, што амаль ураслі ў зямлю. Звычайнае, ціхае мястэчка. З якога я так ірвалася з’ехаць у сталіцу.
Родны кут, родны кут. Ды ў мяне ўражанне, што ў беларусаў спаконвеку ў крыві іншае - “зваліць” з таго куточка.