- А я думала, ты ў гэтай кватэры вырас...
Гальяш шпурнуў у кучу хламу гумавую грэлку калісьці бэзавага колеру.
- Дзед так і не ажаніўся другі раз і ўпарта ваяваў з бабуляй за права выхоўваць дачку, пасля - мяне. Я яго баяўся - ён быў чалавек дужа суворы. Бабуля так і тлумачыла свой учынак: маўляў, у экс-мужа зверху касцюмчык, а пад ім - ваўчыная скура. Напалохаў ён яе аднойчы моцна сваім... характарам. Неўзабаве пасля таго, як памерла бабуля, памёр і ён, такі вось. лебедзь-адналюб, перад смерцю адпісаў мне кватэру. Тут з шаснаццаці і жыву сам. - Малады гаспадар кінуў на мяне хмуры позірк і прамовіў, нібыта апярэджваючы пытанне, якое, відаць, абрыдла чуць.
- Нічога, спраўляюся. Ведаеш, я неяк прачытаў ва ўспамінах акадэміка Дзмітрыя Ліхачова пра ленінградскую блакаду цікавы эпізод пра лёс навукоўцаў. Этнографы ўсе вымерлі з голаду, матэматыкі, лінгвісты... Адны заолагі практычна ўсе выжылі, бо ўмелі паляваць.
Я абвяла позіркам сталінку: хаця цяпер і рэзрух, і няма асаблівых дызайнерскіх вышукаў, але й дастаткова акуратна, павута па кутах не вісіць. П’янак тут дакладна не ўчынялі, плакатаў з рок-зоркамі на сцены не ляпілі. Нават абраз “Неапалімая купіна” ў куце, а пад ім лампадка. Ціхая кватэра інтэлігентнага хлопца з антыкварнай мэбляй з карэльскай бярозы і густоўнымі нацюрмортамі на сценах. Каб у мяне адпачатку такая была... Жыві - не хачу.
- Ведаеш, я таксама атрымліваю капейкі. І не скажу, каб мае тэмы былі запатрабаванымі ды перспектыўнымі ў вачах уладаў.
- Ты думаеш, я з-за грошай з’язджаю? - бач ты, абурыўся, шэрымі вачыма паблісквае. - Усё, што мне трэба - магчымасць працаваць. А тут яе не даюць. Тры гады таму атрымаў гумовым дручком па галаве і пярцовым газам у вочы за тое, што спыніўся паназіраць за, так бы мовіць, несанкцыянаваным мерапрыемствам. Зазнялі на камеру разам з іншымі, вылічылі, дзе працую, прасігналілі - і я паўгода працаваў на паўстаўкі, потым вярнуўся на месца, але без асаблівых перспектыў. Начальства разумнае, як бы і пакарала, і засталося ўбаку. Бабуля, старая камуністка, як даведалася, што на мітынгу быў, мяне «фашыстам» абазвала. Не, нічога тут не зменіцца. Колькі жыву - столькі чую ў нашай інтэлігенцкай так званай тусоўцы: «Валіць трэба. Валіць трэба». Хто застаецца - ці няўдачнік, ці калабарант. Ну вось і я звалю. Буду героем.
Гальяш прамаўляў з горыччу і злосцю, за якімі адчуваліся сотні пакутлівых спрэчак і несправядлівых абвінавачванняў, у тым ліку ад ягонай дзяўчыны, якая, мусіць, і пастаралася ўгаварыць непрактычнага сябра на правільны крок.
- Я не лічу, што «зваліць» - гэта подзвіг, - асцярожна прамовіла я. -Калі аднаму вучонаму, спецыялісту па рускай літаратуры, пасля рэвалюцыі прапанавалі з’ехаць за мяжу, ён адмовіўся з каментарам: «Месца ўрача - у чумным бараку».
- І пасля яго расстралялі, - злосна адрэзаў Гальяш. - Усё вырашана. Мяне чакаюць кракадзілы Амазонкі.
«І твая Лера», - раздражнёна дадала ў думках я. Але на рэўнасць і раздражненне ў мяне не мелася аніякага права.
Нейкі час мы працавалі моўчкі, дабраўшыся да антрэсоляў. На драбіны залезла я: прыступкі, калісьці пафарбаваныя ў ярка-чырвоны колер, былі здрадліва таненькія, ледзь не з фанеры, месцамі патрэскаліся, і Гальяша маглі не вытрымаць. Я здымала скрынкі і перадавала біёлагу, уяўляючы, што было б, каб аднойчы ён замест скрынкі падхапіў на рукі мяне.
Па апошнюю рэч давялося лезці ў самы кут антрэсоляў. Гэта была каробка з выцвілага юлёвага кардону з выцісненымі срэбнымі кветачкамі, акуратна перавязаная барвовай стужкай, як торт. Па памеры ў такой каробцы мог захоўвацца дамскі капялюш з вялікімі брыламі, пра які я заўсёды марыла, але так ні разу не наважылася набыць. Знаходка адрознівалася ад іншых рэчаў, як тонкая доўгая цыгарэтка з ментолам ад папяросінаў, якія курыў мой дзед.
Гальяш няўважна дазволіў мне вывучыць экспанат. Я паставіла каробку на канапу і тузанула за аксамітную запыленую стужку.
Зверху ляжалі граматы з профілямі Леніна-Сталіна, выпісаныя на імя выкладчыка педтэхнікума Ігната Сымонавіча Масевіча, далей - загорнуты ў цэлафан стосік пажаўцелых паперак, якія, аднак, не стала разглядаць, бо рука сама пацягнулася да антыкварнага альбома ў скураной вокладцы, з накладнымі металёвымі кветкамі, з выцісненымі вензелямі, якія яшчэ не страцілі пазалоты.
- Падобна, мы знайшлі твой сямейны архіў! - урачыста абвесціла я. Гальяш прысеў ля мяне, бязважка і павольна пагладзіў альбом, нібыта прыручаў звера, і разгарнуў. Вялікі здымак з літарамі ў куце «Фотоателье Ніхель і Ко” змусіў мяне захоплена ўздыхнуць. Сапраўдная дама-вамп: тонкі профіль, цёмныя бліскучыя валасы-карэ паказваюцца з-пад капелюша з кароткімі брыламі, доўгая прыгожая шыя, як у Ганны Ахматавай, рука ў карункавай пальчатцы манерна падносіць да ярка нафарбаваных маленькіх вуснаў цыгарэтку ў тонкім муштуку. Вочы вельмі светлыя і нейкія дзіўныя... Углядаюцца ў невядомую далеч, але быццам чакаюць не прынца пад пунсовымі ветразямі, а атрад гунаў у калматых скурах, якім трэба ўсадзіць па страле ў сэрца.
- Гэта хто? - выдыхнула я. Гальяш дастаў фотаздымак з акуратных паўкруглых пазоў, пераканаўся, што на звароце нічога няма, акрамя надпісу алоўкам: “Багуслава”.
- Магчыма, якаясь прабабка. Не ведаю.
Прагарнуў яшчэ адну старонку. На нас глядзелі людзі даўно прамінулай эпохі. У сурдутах, мундзірах, пышных спадніцах да падлогі і шчыльна зацягнутых гарсетах.
- Ну вось гэта неадменна твой продак! - тыцнула я пальцам у фота чалавека ў дыхтоўным касцюме, пры гальштуку, але з тварам паляўнічага, вандроўніка ці ваяра. Вочы быццам свяціліся на загарэлым твары, і напэўна былі шэрага колеру, як у Гальяша, нос, здаецца, перабіты, валасы, таксама светлыя, адкінуты назад, адкрываючы высокі лоб. Подпіс лацінскімі літарамі: “Шымон Каганецкі”.
- Нагадвае артыста з прыгодніцкіх фільмаў пра пошукі скарбаў, - зазначыла я. - Хто гэта?
- Не ўяўляю, - напружана прагаварыў Гальяш. - Такога прозвішча ў сям’і ніколі не чуў.
- Ой, а гэтая мясціна мне знаёмая! - радасна сказала я, паказваючы на фотаздымак маёнтка - двухпавярховы будынак, масіўныя белыя калоны, герб над уваходам, не разабраць, які. - Гэта Энгельсаўка, непадалёк ад майго мястэчка. Мы туды ў грыбы ездзім. У будынку было лясніцтва, а цяпер нічога няма, вокны дошкамі забітыя. Разбураецца паціху. А герба над уваходам не памятаю, знішчаны, відаць, яшчэ да вайны.
- А як даўней тая Энгельсаўка называлася? - запытаўся Гальяш, якога, як я спадзявалася, усё больш чаплялі таямніцы мінулага. Да свайго сораму, я не магла дакладна ўспомніць. Нешта такое інфернальнае, замененае на ідэалагічна правільную назву, як Прапойск - на Слаўгарад.
Яшчэ ў альбоме былі пранумараваныя здымкі нейкіх этнаграфічных рэдкасцяў: каляднай маскі, каменнага стода, драўлянага слупа з грубай разьбой.
Наступным скарбам у юлёвай каробцы аказалася загорнутая ў белую сурвэтку, пажаўцелую на згінах, срэбная пласцінка. Калі мы пачалі круціць яе ў руках туды-сюды, разгледзелі на паверхні выяву мужчыны. Малады, са шляхецкімі вусамі, у канфедэратцы. Дагератып, тэхналогія першых фотаздымкаў! Відаць выяву кепска, затое захоўваецца лепш, чым папера. Але ні подпісу, ні лічбаў.
- У цябе дакладна арыстакратычныя карані, Гальяш! - з хваляваннем зазначыла я. Біёлаг паціснуў плячыма і зірнуў на мяне амаль вінавата.
- Нічога не магу патлумачыць. Бабуля памерла, дзед памёр, маці наўрад што ведае, яе радавод ніколі не цікавіў. Дзеда ненавідзела, з бабуляй сварылася - як жа, дачка-камсамолка збегла да імперыялістаў.
- Я дапамагу разабрацца з гэтымі дакументамі, - вырвалася ў мяне.
- Я ж у архівах з падобнымі працую.