І што яму напрарокаваў піражок імянінніцы, я так і не даведалася.
Толькі пад канец вечарыны Гальяш трохі разгаварыўся - пра апошнюю экспедыцыю... Я так і не ўцяміла, куды менавіта, але на балаты. Змрочныя такія, бясконцыя беларускія балаты. Расказваў цікава: пра злітыя журавінамі паляны, птушак, якія крычаць, як немаўляты, параненага лася, якога выцягнулі з дрыгвы - а цалкам магчыма, ён проста сам пайшоў туды паміраць. Я глядзела, як хлопец падчас аповеду няўважна адкідвае пяцярнёй доўгі русявы чуб, як пасміхаюцца ягоныя вусны з цвёрдым «мужчынскім» абрысам, як на шчацэ бялее маленькі стары шнар... І разумела, што папалася. І вельмі няўдала.
Гэты малады чалавек не цікавіўся беларускай літаратурай, у яго мелася дзяўчына, і ён у хуткім часе павінен быў з’язджаць за мяжу.
Пасля мы яшчэ некалькі разоў сустракаліся ў той жа кампаніі - глядзелі фестывальныя фільмы, потым абмяркоўвалі іх у кавярні, аднойчы Гальяш нават праводзіў мяне дахаты - ну, не тое, што праводзіў, яму проста было па дарозе, і, акрамя сяброўскіх размоў, нічога не здарылася...
А цяпер і не здарыцца. І я буду жыць у гэтай кватэры з высокай столлю, з пафарбаванымі яшчэ за савецкім часам жоўтай крэйдавай фарбай сценамі і цяжкой бронзавай люстрай, у якой не хапае лямпачак... І вышукваць сляды былога гаспадара, і адгадваць, ад чаго ўтварылася гэтая драпіна на сцяне, і гэтая пляма на сталешніцы...
- Праходзь, пакажу, дзе што.
А ў мяне ўзнікла пакутлівая дылема: здымаць ці не здымаць чаравікі? Зняць - выявіць сябе выхаванай дзяўчынкай, тым больш і гаспадар у гумавых сініх «хлёпанцах», як кажа мая бабуля, і такія ж запасныя «хлёпанцы» для гасцей стаяць у вітальні... Але вельмі верагодна, што чорныя мае калготкі парваліся на вялікіх пальцах, і я буду крадма і пакутліва сцягваць дзіркі ўбок, каб пальцы з іх не вытыркаліся, і больш ні пра што думаць не змагу, акрамя як заўважыць хлопец, што я ў дзіравым, альбо не.
Паркет чысты, але лакам не блішчыць... А, пашкандыбаю ў сваіх жаўнерскіх чаравіках, выяўлюся такой нефармалкай.
Падчас азнаямляльнай экскурсіі я глядзела ў шырокую спіну біёлага, і гэта здорава адцягвала ад успрыняцця інфармацыі, яна даходзіла да свядомасці як праз пылавы фільтр. “З суседзямі асцярожна, старыя «актывісты», зрэагуюць на любы гучны «чых». Кран падцякае, пастараюся памяняць перад ад’ездам пракладкі. На гаўбцы барахло, якое ўсё варта выкінуць, але калі знойдзеце, што скарыстаць - калі ласка. Ровар, дарэчы, яшчэ на хаду. Талеркі ўсялякія ды рондалі маюцца, мыць ці не мыць - вырашаць вам. Тэрарыумы-серпентарыі свае я дамовіўся ўжо, дзе прыстроіць, не зважай на іх. Вось кнігі і часопісы прашу ўсё-ткі не выкідваць. Мог бы - забраў, але за акіян валачы не выпадае. Да таго ж, можа, прыйдзецца вяртацца”.
Вычутае ў апошняй фразе змусіла здрыгануцца: «прыйдзецца». Гэта значыць, вяртацца не збіраецца.
Я нарэшце ўважліва азірнулася: так, гэта кватэра чалавека, які сабраўся ў бежанцы. Дыван скручаны, як вялізны пыльны вусень. Перавязаныя стосы кніг ляжаць проста на падлозе, побач са спакаванымі валізамі, у парасчыненых шафах гуляе паветра. Ой, а вось і згаданыя серпентарыі- тэрарыўмы... У шкляных скрынках, адмыслова падсвечаных, нечалавеча марудна варушыліся істоты, з якімі я не жадала мець ніякіх зносінаў, нават на адлегласці. Ніколі не зразумею людзей, якія могуць жыць побач з гэтай гадасцю... Не, я ўсведамляю своеасаблівую прыгажосць і гэтай срабрыста-зялёнай змяюкі, што ляніва гоніць свае кольцы вакол нейкай карчажыны, і вунь таго гіганцкага павука, які трымаецца ўсімі расстаўленымі валасатымі лапамі за кавалак цагліны, і чарапахі, якая меланхалічна пускае бурбалкі, высунуўшы звыродліва маленькую галаву, падобную да гнілога карэньчыка, з-пад вады... Супэр, усе прыгожыя, усе хай жывуць... Толькі не побач са мной!
Я кінула ўважлівы позірк на гаспадара кватэры: што з ім не так, не можа быць, каб чалавек, які спіць здаровым сном побач з жывым тарантулам, што перабірае калматымі лапкамі, быў зусім нармальны...
З другога боку, мае апантаныя архіўныя вышукі «за так» і слёзы над запырсканымі крывёй стэнаграмамі допытаў таксама камусьці падаюцца прыкметай душэўнай хваробы.
На пісьмовым стале стаяў расчынены ноўтбук, на маніторы якога млява плаваў, як яшчэ адна пачварка ў празрыстай скрынцы, лагатып Windows. А побач у шкляной рамачцы фота: Гальяш у кашулі ў краткі, толькі чорна-чырвоныя, а ля яго - галава да галавы - вясёлая прыгожая дзеўка ў каўбойскім капелюху і чорнай цішотцы. Гарэзлівыя цёмна-бліскучыя кудзеры дзеўкі змяшаліся з русявымі валасамі біёлага, які тады адрасціў іх ледзь не па плечы.
Гэта тая самая Лера, што чакае яго ў каліфарнійскім універсітэце.
Што ж, ручніком ім дарога... Будуць разам ездзіць па прэрыях і збіраць тарантулаў.
- Халера, здаецца, цэлы тыдзень рэчы перабіраў, але гэта ж кватэра дзеда і прадзеда, тут ва ўсіх закутках нейкая старызна, - вінавата прагаварыў Гальяш, азіраючыся па баках. - На антрэсолі і ў камору яшчэ нават не зазіраў.
- Дык давай дапамагу, - нечакана для самой сябе прапанавала я. І, злавіўшы разгублены позірк, паспешліва патлумачыла:
- Мне ж, урэшце, тут жыць. Усё роўна буду прыбірацца.
Гальяш трохі павагаўся - так званая джэнтльменская паўза, потым крытычна агледзеў мяне - джынсы, чорная байка, цалкам прыдатна для нечарговага суботніка, пакорпаўся ў плеценай скрынцы, якая стаяла ў куце пакоя, і кінуў мне пад ногі паношаныя жаночыя чорныя паўкеды якраз майго памеру.
- З мяне гарбата.
Усё-ткі з ім проста. І паўкеды - не “хлёпанцы”, дзіркі ў калготах схаваюць (а дзіркі якраз былі, як я ўпэўнілася, сцягнуўшы нарэшце ў вітальні боты).
Каб весялей працавалася, Гальяш уключыў на ноўце музыку, прычым падборка была самая дзіўная. Дэпрэсіўныя скавытанні «Металікі» змяняліся энергічным «Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы! Чаго хочаш? Долі лепшай!», меладычнае пяшчотнае «Алоха» гавайскага спевака Камакавівы, які загінуў, задушаны ўласным тлушчам - фолк-рокам фэнтэзійнага шкталту. Пра рыцараў, эльфаў і цмокаў. Асабліва да гаспадара падыходзіла песенька пра Міхеля, у якога ёсць калодзеж, у якім жыве Ундзіна. І нічогенька таму мужыку больш не трэба, ні гаспадыні ў хаце, ні золата, ні кароны, ні трона. Бо «ў Міхеля ёсць калодзеж, у калодзежы ёсць Ундзіна».
Каб выцягнуць усе транты з кладоўкі, спатрэбілася не менш за гадзіну. Падшыўкі «Нового мира» і «Науки и жизни» сямідзясятых гадоў, перавязаныя «шпагатам» - скручанай з жаўтлява-брунатнай паперы вяровачкай, мех старога мужчынскага абутку, выцвілыя балоневыя курткі, радыёла, набор медыцынскіх банак у палатняным мяшэчку... Музей сац-арта.
- Слухай, і не шкада табе з’язджаць? - не вытрымала я. Гальяш трохі прамарудзіў, перш чым кінуць у кучу хламу, асуджанага на сметніцу, настольную лямпу на гнуткай металёвай ножцы, але без абажура, шнура і лямпачкі.
- А што я тут забыўся? - адказ прагучаў нечакана злосна-тужліва, нібыта той, хто гаварыў, сам сябе пераконваў. - Магчымасцяў для працы
- трохі больш, чым ніякіх, выбіць фінансаванне экспедыцыі - лягчэй самому ў жабу ператварыцца. Тэма мая нікога тут не цікавіць, бо каўбасы ад яе не прырасце.
- А родныя? - не здавалася я. - Не засумуеш?
- Маці без мяне цудоўна абыходзіцца ўжо дваццаць гадоў, - Гальяш страсянуў русявым чубам. - Жыве ў Швецыі, дзе ў яе іншая сям’я, і два мае зводныя браты там таксама па мне не плачуць. Бацьку ўвогуле не ведаю. Мяне выхоўвала бабуля. Яна калісь сышла ад майго дзеда - доктара навук і ўладальніка гэтай кватэры, у хрушчоўку да простага інжынера па пральных машынах. У той час, дарэчы, гэта была супер-тэхніка, кшталту нана-тэхналогій. Нічога сабе сямейка, так? Мае першыя ўспаміны - я лаўлю ў лазенцы павукоў, саджаю ў слоік і адчуваю сябе непатрэбным і падкінутым, як Гары Потэр да Хогвардса.
Я агледзела ўпэўненую постаць гаспадара і не змагла ўявіць яго затурканым худзенькім Гары Потэрам у каморы альбо лазенцы. Да таго ж я ва ўласнай сям’і расла маленькім боствам, для якога тата прыладжваў на балконе гамак, мама шыла касцюмы прынцэсы, а бабуля не клала ў варыва цыбулі, якой я не цярпела, і мне цяжкавата ўявіць іншае дзяцінства.