Я, выцершы слезы, ад якіх усё перад вачыма расплывалася, уважліва перагледзела старонкі: там-сям пакарабачаныя, з пацёкамі, яны ўсё-ткі захаваліся добра, атрамант не расплыўся нідзе.
- Напэўна, дарожныя сумкі графа Каганецкага былі з дыхтоўнай скуры, не прапускалі ваду. Таму і не патанулі.
Гальяш з размаху ўсеўся на канапу, аж спружыны віскнулі, нервова расшпіліў каўнер кашулі ў краткі. Цяпер ён яшчэ больш быў падобны да свайго продка з фотаздымка: ускудлачаныя русявыя валасы, высокі лоб, адчайныя шэрыя вочы на смуглявым абліччы.
- Там яшчэ штосьці напісана?
Я перагарнула апошнюю старонку.
- Так. Запіс зроблены праз год пасля папярэдняга.
Я адпіла даўно астылай гарбаты і зачытала:
- “23.10.1894. Дзеля чаго мне жыць, я зразумела толькі праз месяц пасля таго, як загінуў мой дарагі незабыўны Шымон. Цяпер, спадзяюся, я да канца свайго жыцця буду глядзець у любыя шэрыя вочы - на твары нашага сына. Давыд стрымаў слова, якое даў Шымону: ён самы адданы і верны чалавек на свеце. Мы перабраліся ў Вільню, Давыд перавёўся ў тутэйшы ўніверсітэт, падалей ад здрадніка Калоцкага. Бедны Давыдзе: ён зусім хворы, і нават не гады, дні палічаныя... Магчыма, я прыму ягоную прапанову аб фіктыўным шлюбе і ўсынаўленні: Ігнат мусіць вырасці ў бяспецы, без плямаў на паходжанні. Але сэрца маё засталося ў бурштынавым палацы. Падумаць толькі: нават белая сукенка ацалела з майго няздзейсненага вяселля! А адзінае маё каханне... Я спадзяюся толькі, што ўдасца зноў вярнуцца да тае кладкі над прорвай, дзе стаіць камень з крыжам, і выплакаць хоць частку слёзаў. Спадзяюся, мой сын і дзеці сына таксама не забудуць дарогі туды”.
Мой голас зноў сарваўся.
- Значыць, мяркуючы па нашым прозвішчы, прабабка ўсё-ткі пабралася шлюбам з этнографам Масевічам, - задумліва прагаварыў Гальяш. - Але насамрэч мы - не Масевічы, а Каганецкія.
Я стрэсла з пледа ў краткі, якім была засланая канапа, крошкі і абгрызкі і расклала паперы з цэлафанавага скрутка.
- Та-ак, што з гэтых папер вынікае... Твой прадзед, Ігнат Шымонавіч, бачыш, імя па-бацьку ў яго ўсё-ткі захавалася, стаў выкладчыкам педтэхнікума. Вунь колькі грамат у яго... Вынаходнік, перадавік, удзельнік ВДНХ...
- Гэтую кватэру вылучылі менавіта яму, - пацвердзіў Гальяш. - Але дзед пра яго нічога не распавядаў.
Я вывучала пасьянс з чужых лёсаў, раскладзены на пледзе ў краткі.
- А не распавядаў таму, што твой прадзед быў арыштаваны ў 1937-м. Вось даведка: загінуў ад сардэчнай недастатковасці ў медпункце Сіблага ў 1942-м. Я такіх даведак нагледзелася. Закатуюць чалавека, расстраляюць - і пішуць сваякам: “ад сардэчнай недастатковасці”. Добра, калі яшчэ адразу паведамяць. Здаралася, цягам гадоў слалі нябожчыку лісты і перадачы.
Гальяш узяў пажаўцелую паперу, як рэдкага павука:
- Цікава, прабабка Багуслава яшчэ жыла, калі яе сына, як і бацьку, пагналі ў Сібір?
Я ўявіла, што гэта магло значыць для няшчаснай жанчыны, і здрыганулася.
- Даведка пра рэабілітацыю Ігната Масевіча... Выдадзена жонцы, Ульяне Масевіч-Кароціч. О, цікавы дакумент... Копія скаргі на шкодніка Ігната Масевіча, супрацоўніка аддзела машынабудавання КП(б)Б, ад рабочага- вынаходніка Аляксея Хведаровіча самому Сталіну. Не, ты паслухай, якая жэсць: “Ваша искренность, Иосиф Виссарионович, и простота души к простым людям всего мира возбудили в моей душе мужество оторвать Вас на несколько минут от государственных дел”. Бла-бла-бла... “Я, простой рабочий в области изобретательской работы, задался целью быть настоящим изобретателем. Я хочу описать вам, Иосиф Виссарионович, судьбу одного моего изобретения, именуемого «Комбинированная машина для производства трудоемких работ». Машина предназначена для выполнения работ до тридцати наименований”. Бла-бла бла. “Мое образование состоит из 3-х классов церковно-приходской школы. И вот когда рабочий изобретатель к тому же малограмотный является в Комитет по изобретениям в области машиностроения с изобретением, имеющим большое значение для народного хозяйства нашей Родины, то вызвал простест среди членов Комитета, имеющих специальное образование и занимающих высокие должности. Некоторые люди (И.С. Масевич), занимающие высокие должности, еще не лишены чванства и не могут равнодушно относиться к важным изобретениям, сделанным простыми людьми, и тормозят их продвижению...”
Я адарвалася ад даўжэзнага ліста на некалькіх аркушах, які пакідаў адчуванне, быццам цябе прымусілі есці крэйду.
- Нагадвае сцэну з рамана братоў Стругацкіх “Казка пра Тройку”... - змрочна азваўся Гальяш. - Там таксама быў такі вынаходнік, толькі замест “камбінаванай машыны для працаёмкіх работ” прынёс камісіі “эўрыстычную машыну”, адзін да аднаго старую машынку-друкарку, якая магла адказаць на любое пытанне, праўда, адказы друкаваў сам вынаходнік. Прынцып дзеяння дзед тлумачыў проста: “У ней внутре неонка”.
- А Хведаровіч свой цуда-агрэгат зрабіў з аўтамабільнага рухавіка. Але за гэтую “камбінаваную машыну” Ігната Масевіча, падобна, звольнілі з камітэту. Рэзалюцыя чырвоным алоўкам: “Неадкладна пакараць вінаватых у зацісканні рабочага вынаходніка”. Дзякуй Богу, што цяпер не трыццатыя гады. Колькі такіх Хведаровічаў пішуць у нашу рэдакцыю! Ім вяртаюць дурны рукапіс - яны цябе вінавацяць у антыдзяржаўнай дзейнасці. І нікога на тры літары не пашлеш, нават калі бачыш, што ўзровень - “у ней внутре неонка”. Хутчэй журналіста пакараюць “за абыякавыя адносіны да чытачоў”. А вось гэта ўжо тычыцца твайго дзеда. Таксама граматы... “Лепшаму выкладчыку вучэльні”...
- Дзед хацеў паступіць у Маскоўскі ўніверсітэт, - раптам сказаў Гальяш. - Я ўспомніў адну размову бабулі. У дзяцінстве, вядома, не звярнуў увагу... А бабуля распавядала, што дзед лічыў сваё жыццё сапсаваным, бо яго не прынялі на вучобу ў Маскву, потым не пусцілі на ўсесаюзную алімпіяду па фізіцы, дзе ён спадзяваўся заняць першае месца. Нешта з ягонай біяграфіяй было не так. Цяпер разумею - сын “ворага народа”.
- І акупацыю, магчыма, яны з маці перажылі тут, у Мінску, - згадзілася я. - Ён жа малы быў... Добра, што ацалелі. Так што характару было дзе сапсавацца. Пра сваю прабабку і яе сям’ю нічога не ведаеш?
Гальяш пакруціў галавой, запусціў пальцы ў русявыя валасы, як у адчаі.
- Я ж сказаў, нічога! Ні пра каго!
Зноў ускочыў, захадзіў па пакоі, кусаючы вусны.
- А працы Шымона Каганецкага мусяць дзесьці быць! Цяпер мне здаецца, што я сустракаў гэтае прозвішча ў навуковай літаратуры. Абавязкова знайду... І... я павінен з’ездзіць у Жухавічы!
Шэрыя вочы глядзелі разгублена і адчайна.
- Добра, з’ездзім, - сказала я, намагаючыся, каб мая рэпліка прагучала не надта хутка і не надта радасна.