Я ж нават калі захварэла на той свіны грып, бацькам не паведаміла. Не таму, што баялася - расхвалююцца, самі, не дай Бог, заразу падхопяць. А каб не пачалі адгаворваць ад вучобы так далёка. Не змусілі перавесціся бліжэй да дому, як адразу намаўлялі.
Для горада Б* у мяне адзін варыянт падзеяў: сталіца - гэта супер, там усё добра, і іначай быць не можа. Нават калі мне давядзецца варыць на абед уласныя чаравікі, не вярнуся ў зацень запалкавай фабрыкі.
І чым тады я лепшая ад Гальяша, якога спрабую прысароміць непатрыятычнымі паводзінамі?
У сваёй часовай кватэры, прапахлай спаленым мною пазаўчора амлетам, я доўга стаяла пад душам, змываючы стому і дарэмныя надзеі. З-за аднойдзенага сямейнага альбома ніхто ад’езд у Амерыку не адменіць. Але заўтра ў мяне будзе яшчэ адзін дзень побач з каханым чалавекам.
Так, яшчэ глыбей загразла ты, паненка, у сваёй дрыгве.
Гальяш чакаў мяне на аўтобуснай станцыі з квіткамі ў руках, быццам мы зараз пойдзем на спектакль.
На драму. У некалькіх актах. Да фіналу дапаўзае толькі адзіны другарадны персанаж.
- Ведаеш, чарга затрымалася: адна дзяўчына выкупіла білет на маршрутку па інтэрнэце, а касірка, немаладая цётка, ніяк не магла зразумець, дзе ж гэты білет цяпер узяць. Патрабавала ад дзяўчыны раздрукоўку, дакумент нейкі матэрыяльны, карацей. Дзеўка гаворыць код замовы - касірка: “Білет пакажыце!” Паўгадзіны разбіраліся, не разабраліся.
Гальяш быў зноў у кашулі ў краткі, толькі ўжо іншай, чорна-чырвонай, той самай, у якой сфатаграфаваўся разам з Лерай, у цёмна-шэрай куртцы з капюшонам, джынсы запраўленыя ў высокія чаравікі, падобныя да маіх. Я амаль чакала, што ў яго за спінай акрамя заплечніка будзе тырчэць ружжо.
Ружжа не было, затое фотаапарат, з прафесійным даўжэзным “ствалом”, меўся.
І адразу нацэліўся на мяне, каб занатаваць маё смешнае аблічча: бо я была ў матчыным капелюху з абвіслымі брыламі колеру зімняй вішні, які надта ўдала прыкрываў мае вечна хворыя вушы ад ветру, а яшчэ я абматалася шалікам у дробныя чорна-белыя шашачкі, так званай “арафаткай”. А з-пад капелюха звісаюць дзве рудыя, абы як заплеценыя коскі, перацягнутыя чорнымі гумкамі.
Я ледзь стрымалася, калі Гальяш пачаў, пасмейваючыся, тлумачыць пра “жывапіснасць” майго аблічча.
Спазнялася я проста, спадар. Іначай дзесяць разоў пераапранулася б, нафарбавался, валасы падвіла, іншы капялюш, які некуды, як на злосць, заваліўся, надзела...
Пакуль ехалі, мы з дапамогай майго смартфона пашнырылі па сеціве. Энгельсаўка сапраўды раней была маёнткам Жухавічы. Нават прозвішча Каганецкіх згадвалася. Але з 1894 года яна ўжо належала Людвігу Боўнару. У адной судовай справе ён даказваў права на спадчыну. І валодаў доўга, гадоў дваццаць. Хто потым атрымаў маёнтак - я не ведала. Але па любому быў уладальнікам нядоўга. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна... Немцы, палякі, бальшавікі... Будынак рэквізавалі, зладзілі ў ім бальніцу. Потым, у апошнюю вайну, немцы таксама размясцілі там свой шпіталь. Па чутках, была палата, у якой трымалі мясцовых дзетак, каб браць кроў для параненых акупантаў. Жах які! Маёнтак проста прыцягваў да сябе зло...
Ну а лясніцтва тут размясцілі пасля вайны.
Як толькі мы апынуліся ў Б*, Гальяш адразу пачаў шчоўкаць фотаапаратам... Аж няёмка. Знаёмыя месцічы ходзяць, касавурацца, а гэты здымае. Людзі ж застраманыя. Падумаюць, што праверка якая. А калі праверка, значыць, пасля вымовы ад начальства - разборкі, а тады і звальненне... А куды асабліва пойдзеш працаваць у гэтым мястэчку?
Таму я ўпарта цянула біёлага на другі прыпынак, дзе нам належала сесці на іншы аўтобус, які два разы на дзень ездзіў у Жухавічы. Так што да мяне дахаты, на шчасце, не было часу заходзіцца. Таму што як патлумачыць бацькам, чаму прывяла не свайго хлопца? І так суседзі нарасказваюць ім, наплявузгаюць... Вунь як дзівіцца паштарка, ледзь ровар у слуп не скіравала.
Ну навошта ён здымае і здымае гэты павалены плот са скурчанай ігрушай, ствол увесь у вузлах і трэшчынах, быццам паднялі са дна мора... Хатку, крытую даўняй дранкай... Аўтэнтыкі захацеў!
Я ніколі не жыла ў вясковай хаце. Бацька і маці пажаніліся яшчэ ва ўніверсітэце, а калі патрапілі сюды па размеркаванні, як маладым спецыялістам, ім адразу вылучылі аднапакаёўку з лоджыяй у двухпавярховым шэрым дамку, складзеным з сілікатных цаглінаў, мёртвых і шэрых, у адрозненне ад сапраўдных, чырвоных, са слядамі пальцаў майстра-цагельшчыка - з такіх будавалі замкі і храмы.
Як я марыла, каб побач быў замак! Нейкі час прымала за яго нават пажарную каланчу... І як замірала сэрца, калі дзесь у траве чырванелі патрушчаныя цагліны... Ці не рэшткі замка?
Можа, і таму я так захапілася гісторыяй і раскопваннем ейных падмуркаў?
Аўтобусік на Жухавічы тросся, быццам няспынна скардзіўся на неспакойную старасць. Я заглядзелася ў вакно - ні на што, проста бываюць такія моманты здранцвення, адсланення... І раптам усвядоміла, што Гальяш ужо нейкі час вывучае мяне нейкім дзіўным позіркам. Пабачыў, што я вярнулася з летуценняў, і спытаў:
- Паслухай, а навошта ты гэта ўсё робіш?
Я ўздрыгнула, як заспетая за нечым непрыстойным. Гэта ён пра што? Патэнцыйны граф крыва пасміхнуўся.
- Ну, едзеш са мной... Дакументы дапамагала разбіраць... Хату чысціла...
Я пастаралася, каб голас мне не здрадзіў.
- Павінна ж я расплаціцца за дармовае жыллё.
Біёлаг апусціў галаву, хмыкнуў, і зноў дзіўны позірк:
- Ну а калі б я скасаваў дамову, і ніякага дармовага жытла? Ты б са мной не паехала?
Няўжо ён падазрае... Няўжо я выдала неяк сябе, закаханая дурніца... І ён намякае, што мая такая ўвага яму непрыемная. Залішняя. Так, сабрацца... Мармытнуць абыякава: