- Табе не страшна знаходзіцца тут, сам-насам са мной? - раптам папытаўся Гальяш. - Вунь на табе нават чырвоны каптурок адпаведна сітуацыі. А раптам ува мне прачнецца воўк?
Біёлаг крануў мой капялюшык колеру зімовай вішні за брыло, пагладзіў па касе - каб я не пафарбавалася, была б яна не рудой, а попельнай. Калі мне і было страшна - дык самой сябе, каб не захлынуцца пачуццямі. Таму што ўпершыню Гальяш дакранаўся да мяне не выпадкова.
- А Лера цябе баіцца?
Біёлаг не ўздрыгнуў, не адвярнуўся.
- Яна бачыць мяне толькі звонку, праз краты. А ты, здаецца, зайшла ў клетку.
- Багуслава не збаялася, і я не збаюся, - вымавілі мае непаслухмяныя вусны.
Патэнцыйны амерыканец зноў кінуў на мяне нейкі дзіўны позірк і рашуча штурхнуў аблезлыя дзверы графскага маёнтка. Яны былі замкнёныя, але чыста сімвалічна. Бо не забранае кратамі, з выбітай рамай акно справа ад дзвярэй сведчыла, што будынак даўно перастаў ад кагосьці абараняцца, як знявечаны жабрак, што ляжыць ля цвінтара і нават не спрабуе адсунуцца ад чужых крокаў.
Калідоры з дашчатай падлогай, стандартныя канторскія пакоі... Рэшткі выцвілых танных шпалераў, некалькі крэслаў з паламанымі ножкамі... Пад нагамі агідна, як косткі, хрумсцела бутэлечнае шкло. Абрыўкі газетаў, пустыя бляшанкі з-пад кансерваў, рыззё, падэшвы ад абутку... Усё назапашвалася гадамі. І характэрны для такіх памяшканняў пах: грамадскай прыбіральні і памыйкі. Цалкам магчыма, што ў гэтай кучы знаходзіліся і рэчы з чужым злом, сурокамі, праклёнамі... Такое ж нязводнае.
На другі паверх падняцца не атрымалася: лесвіца абрушылася, праз дзіравы дах пазірала катарактнымі вачыма неба.
Ходу ў сутарэнне таксама не знайшлі. Затое ў яго лёгка было залезці звонку, праз падвальнае вакно, таксама без кратаў, без шыбаў, з няроўнымі краямі абламанай цэглы. Мусіць, яго выламалі ў сцяне ўжо ў нашым стагоддзі - Багуслава ж не згадвала, што ў сутарэнні ёсць вокны. У Гальяша знайшоўся дыхтоўны ліхтарык, і хаця тут таксама ўсё засмечана, і нават валяліся іржавыя часткі ложкаў яшчэ бальнічнага перыяду маёнтка, готыкі адчувалася больш. Мяне перасмыкнула, калі я падумала, што, магчыма, менавіта тут фашысты трымалі няшчасных дзетак-донараў...
З-пад тынкоўкі агалілася амаль уся цэгла - а ёй стагоддзі тры, не менш. Быццам усё заліта запеклай крывёй. Каржакаватыя калоны, нават умураваныя ў іх жалезныя кольцы засталіся. Усё, як апісвала Багуслава Ніхель. Толькі клеткі няма.
Апошні з Каганецкіх рэзка слізгануў ліхтарыкам па сценах, быццам закрэсліваў іх.
- Ведаеш, усё чакаю, калі ж адчую покліч продкаў... і ніяк. Смурод, сум, бруд... Рушылі адсюль, Чырвоны Каптурык! А то ў мяне кіпці вырастуць.
Вось жа, далася яму тэорыя са спадчыннай лікантропіяй... Што праўда, чалавек, які ў дзяцінстве размаўляў у лазенцы з павукамі, а падрослы, трымае дома змей, не можа не валодаць чорным гумарам.
Стаўшы перад ганкам, мы яшчэ раз агледзелі будынак. Сіні лапік неба над напаўзруйнаваным дахам вызірнуў, як сцяг войска, якое ідзе на дапамогу абложнікам.
- Адрэстаўраваць - які б цуд атрымаўся! - услых падумала я. - Канец васямнаццатага стагоддзя. Вунь там яшчэ фрагменты фрызу...
- А ў мяне гэты дом не выклікае цёплых пачуццяў, - Гальяш апусціў фотаапарат, якім толькі што цэліў у заўважаны мной фрыз, падобны да следу ад шыны. - Пэўна, назапашаная колькасць зла зашкальвае. Падобнае я адчуваў, калі быў на экскурсіі ў маёнтку Салтычыхі - памятаеш, знакамітая расейская душагубка, якая прыгонных дзяўчатаў катавала? Кажуць, што там загубленыя душы проста віюцца, раяцца... Дый наўрад сюды рэстаўратары дойдуць. У нас жа лічаць, лепей занядбаныя руіны знесці ды на іх месцы новенькі дом з сілікатных блокаў збудаваць, - Гальяш падбіў нагой кавалак цагліны, і той адскочыў, як напалоханы звярок. - Памятаю, мы ездзілі ў заказнік Барбастэла, дзе зімоўе кажаноў, дужа рэдкіх - еўрапейскія чарнавушкі. Зімоўе проста ў старым форце Брэсцкай крэпасці. Аказалася, нейкія п’янтосы туды залезлі, скінулі шыфер - а там пачваркі нерухомыя! Ну і давай іх душыць, як булгакаўскі Шарыкаў катоў... Ледзь не сотню раздушаных звяркоў мы знайшлі. Міліцыя крымінальную справу завяла... Але, ведаеш, нават міліцыянты стрымлівалі ўсмешкі: знайшлі вучоныя дзівакі злачынства!
Гальяш спрытней закінуў заплечнік на спіну.
- Добра, хопіць з мяне агледзінаў спадчыны.
Проста ад ганку за агароджу, у лес вяла яшчэ адна дарога, у патрэсканай асфальтавай скуры, калісьці абсаджаная дрэвамі - ад іх засталіся адны пні, вакол тырчэлі голыя пруты кустоўя. Па гэтай дарозе, безумоўна, і прыехалі ў Жухавічы госці ў брычцы. А вось і пацверджанне - валун, ружовы, з выбоінамі, што нагадваюць вочы і шчыліну рота. Паводле апісанняў з зялёнага сшытка, зверху павінен быў ляжаць пляскаты камень-шапка... Стод! З калекцыі Каганецкіх, які фатаграфавала Багуслава Ніхель!
Гальяш некалькі разоў таксама шчоўкнуў ружовы камень. Я выразна бачыла, што сітуацыя ўсхвалявала графскага нашчадка - хоць ён і спрабаваў выяўляць з сябе скептычнага такога, меланхалічнага маладзёна. Але вось, зноў кусае вусны, і цягнецца рукой адкінуць з ілба русявыя валасы, хаця іх зараз жа верне назад вецер.
- Цікава, ці выкарыстаў атрыманыя негатывы Міхал Калоцкі?
Гальяш не адгукнуўся, зноў аглядаючыся па баках, нібыта чакаў нападу. Сапраўды, у ім, як і ў ягоным продку з фотаздымка, прысутнічала нешта... звярынае. Небяспека, дужасць, грацыя, уласцівая драпежнікам. І адначасова безабароннасць: ані хітрасці, ані здольнасці прыстасоўвацца. Такія калі што вырашаць - на рагаціну палезуць, не збочаць. Замест інтрыгі - двубой. Расчаруецца - сыдзе.
Цікава, чым жа яго так зачапіла Лера? Адной гожасці для ваўкалака мала...
Раздзел трэці. Вяртанне ваўкалака
Калісьці ў дзяцінстве я чытала казку, у якой раілі гераіні: заблукаеш - пакланіся на ўсе чатыры бакі і папрасі: “Лес, бацюхна, адпусці!”
Памятаючы гэты надзейны рэцэпт, я больш-менш спакойна паставілася да выбару маршруту.
Бо мы, не згаворваючыся, рушылі па дарозе, што вяла ад ганка Жухавіч праз лес. Па сумніўнай такой дарозе, якую чамусьці не паказваў навігатар на маім смартфоне. Дзесьці тут мы з маці калісьці збіралі грыбы... Але хіба я што толкам памятаю? У мяне ўвогуле, так бы мовіць, тапаграфічны крэтынізм. Мая мінская сяброўка дужа весяліцца, калі я, у дваццаць пяты раз ідучы да яе ў госці, усё блукаю паміж трох дамоў, гадаючы, каторы ейны.
Мапа сведчыла, што мусілі мы выйсці на шашу... Рана ці позна.
Асфальт закончыўся адразу за межамі маёнтка. Кіламетраў праз пяць я ўсвядоміла, што шаша з’явіцца хутчэй позна, чым рана. Неба зноў зацягнулі хмары. Гальяш кінуў на сухую траву, ля камлёў гонкіх соснаў, заплечнік.