- Мяне ўсё роўна цікавяць гістарычныя расследванні...
На шчасце, небяспечная размова перарвалася - мы прыехалі. Але на прыпынку апынуліся адны-аднюткія. Ды каму магло тут што спатрэбіцца
- ні будынкаў, ні людзей, ля шашы бетонны слуп з памятай бляшанай шыльдай з раскладам аўтобусаў, лес, прарэзаны дарогай з коркай падсохлай гразі, у якой выразна адбіліся рубчыкі шынаў.
Па гэтай дарозе мы і рушылі. Гэта быў не той шлях, якім ехала ў Жухавічы брычка з фатографамі. Графскі дом паказаўся за плотам з бетонных квадрацікаў у профіль. Жалезныя вароты, яшчэ з бляшанымі зорачкамі на іх, ляжалі на зямлі ў якасці дыванка.
- Ну вось, мая спадчына... - насмешна-трывожна прамовіў Гальяш.
Тут сапраўды можна было ратавацца толькі іроніяй... Дом даўно пазба-
віўся прыбудоваў і ўсялякіх архітэктурных лішкаў. Толькі аблезлыя калоны перад уваходам стаялі, як ногі даўно памерлага слана. Над дзвярыма, дзе калісьці красаваўся герб з ваўчынай пысай, бачыўся прамавугольны след ад сарванай шыльды і чорныя дзіркі мацаванняў. У некаторых вокнах першага паверха захаваліся краты ў выглядзе сонейка. Можа, бачылі такія, савецкага часу: у куце - круг, ад яго па ўсім перыметры разыходзяцца промні-прэнты. Быццам прыдумалі здзеклівы сімвал, згадваючы беларускі адраджэнцкі лозунг “Загляне сонца і ў наша ваконца”.
Ціха, бязлюдна... Толькі вецер шасціць сухімі лістамі.
Біёлаг, не адрываючыся, глядзеў на тое месца над дзвярыма, дзе вісеў калісьці герб.
- Паслухай, Сімка, калі я - нашчадак Каганецкіх, калі ўва мне іх кроў, значыць, мне маглі перадацца і іхнія якасці... Спадчынныя хваробы і праклёны...
- Гэта ты наконт чаго? - напружана папыталася я, надта ўжо сур’ёзны твар быў у майго спадарожніка. - Пра лікантропію? Здзекуешся? Ты ж вучоны... Нават у дзевятнаццатым стагоддзі разумныя людзі змаглі давесці, што ваўкалацтва няшчаснага графа - містыфікацыя.
Гальяш прайшоўся туды-сюды, неяк нервова азіраючыся на панылыя краявіды занядбанага радавога гнязда.
- Ну, нездарма ж у гербе была ваўчыная пыса. І ўсе гэтыя мясцовыя паданні... Выпадак у царкве... Калі прадзед выскачыў праз вакно. Багуслава, вядома, усё вытлумачыла галюцынагенамі, якімі паіў графа доктар Боўнар. Але ж і да жаніцьбы старэйшага Каганецкага са злавеснай Антанінай Боўнар з Шымонам не было ўсё гладка... А з яго бацькам, дзедам? Што за пачварная калекцыя? Няўжо яе збіралі толькі ад спалоху перад выпадкам са здраднікам Бекю, ад уражання містычным срэбным зліткам? Не веру... Гэта нейкая душэўная псота...
Я ажно разгубілася. Хлопец, якога я кахала, ніколі не даваў падставы западозрыць яго ў містыцы.
- Нагледзеўся серыялаў пра вампіраў ды іншую нячыстую сілу? Баішся, што ў цябе хвост вырасце?
Гальяш Масевіч, які насамрэч быў Каганецкім, закінуў твар да неба, якое было то безнадзейна шэрым, то з сінімі лапікамі волі.
- Госпадзе, ну як жа я не ўмею весці такія размовы...
Перавёў позірк на мяне.
- Магчыма, мае продкі проста пакутвалі на нейкую псіхічную хваробу, спадчынную манію.
Як жа мне хацелася абняць яго, прытуліцца, пагладзіць ягоны мужны твар, правесці пальцам па абрысе прамых густых броваў...
- Магчыма, у тваіх даўніх продкаў гэта была проста карысная баявая якасць. Хаця б тое самае берсеркерства - шал падчас бойкі, адсюль і легенды пра панішчаных чужынцаў. Пра гэта і ў дзённіку Багуславы гаворыцца.
Гальяш змрочна хмыкнуў.
- У такім выпадку, калі Каганецкія пачалі знявольваць у сабе звера, замест таго, каб ставіць яго на варту краю супраць чужынцаў, змусілі віхляць хвастом і слугаваць ім, звер ператварыўся ў праклён. У хваробу. Пачынаючы са здрадніка Радаслава Каганецкага, які выдаў філарэтаў.
Вецер рыўкамі гнаў па патрэсканым асфальце поліэтыленавы пакет, быццам прывід мядузы. Прывід пагардліва шаргатаў.
- Я кепска пераношу поўню... - Гальяш не ўсміхаўся. - Я гэта не адразу зразумеў. У пэўныя дні - бяссонне, начныя жахі...
- Ну і што? - здзівілася я. - У свеце хапае людзей, як гэта, селеназалежных. Адны балюча рэагуюць на ўспышкі на сонцы, другія - на фазы месяца.
- Я магу быць... жорсткім. Таму стараюся не біцца і не сварыцца.
Я шчыра не разумела, што яго трывожыць. Відаць, бабуля, а пасля тая самая Лера, убілі небараку ў галаву, што калі ён пярэчыць ім ці сярдуе - ён кепскі. Я проста не магла ўявіць яго, такога спакойнага, інтэлігентнага, у гневе.
- Буду ведаць, што ты - Халк, герой амерыканскіх коміксаў. І калі цябе раззлаваць, зробішся зялёны і вялізны.
Ветрык зноў прашамацеў па зарослым быльнягом двары маёнтка, быццам злодзей залез да паноў. Але ўпэўніўся, што красці няма чаго, і хуценька ўцёк. З галінкі сасны раптам сарвалася сарока, пранесла чужыя навіны і знікла ў лесе.