І зараз аб’явіцца ў доме раптоўна, як восеньскія грымоты.
А вось гэта кепска... Трэба тэрмінова папярэдзіць Ніхеля, каб госць не заспеў яго за хімічнымі доследамі. Багуслава не доўга думала, улюбёны пісталецік сам сабой слізнуў у руку.
Ад стрэлу ўсхадзіліся вароны, як гандляркі на Ніжнім рынку. Рудая кабылка, відавочна не прывучаная да баявых умоваў, ледзь не перакуліла таратайку і, замест таго, каб паперці да дома, пачала кідацца ўбакі. Доктар, з усяе моцы нацягваючы лейцы, ашалела азірнуўся. Багуслава шырока ўсміхнулася і няспешна сунула пісталет за пояс:
- Выбачайце, але надта ж вароны псавалі кадр. Мастацтва і вялікая навука вымагаюць ахвяраў!
Пан Людвіг праявіў годную для доктара па нервовых хваробах вытрымку, здушыў словы, што рваліся з ягоных вуснаў, і нарэшце змусіў спалоханую кабылу везці яго да дома з гербам з ваўчынай пысай.
Фатографка, аднак, зараз жа страціла цікавасць да несапсаванага варонамі кадра і хуценька пачала спакоўваць маёмасць фотаатэлье “Ніхель і Ко”.
Вядома, джэнтльмен не павінен быў бы дазволіць кволай дзяўчыне цягнуць на плячы цяжкі апарат з трыногай.
Але джэнтльменаў каля дома не назіралася, драўляны бог Хорс мог толькі па галаве, паваліўшыся, стукнуць, а Багуслава ніколі не лічыла сябе кволай. Неяк не да таго ўсё жыццё было. Таму і данесла ўсё да будынка сама, ды яшчэ подбегам.
І якраз патрапіла на душэўную бяседу між Ніхелем і панам Боўнарам, які трымаў у руках абавязковую доктарскую прыналежнасць - скураны сакваяж. Фатограф і доктар паспелі адзін аднаму прадставіцца і займаліся слоўнай эквілібрыстыкай, прычым Боўнар увесь час касавурыўся ў той бок калідора, дзе знаходзіўся ўваход у сутарэнні. Відаць, карцела пераканацца, што там няма сваяка.
Багута акуратна паклала фотаапарат на стаўбурок, прыхінула да сцяны падстаўку.
- А вось і мая дачушка, Багуслава! - радасна заявіў Ніхель, ні на драбніцу не выклікаўшы радасці ў адказ ад субяседніка.
- Мы ўжо знаёмыя з паненкай, - пакланіўся трохі сухавата пан Людвіг, пад капелюшом якога хавалася палыселая макаўка. - Прыемна бачыць, як жанчыны асвойваюць здабыткі прагрэсу. Думаю, фатаграфія можа добра паслужыць медыцыне. Напрыклад, дазволіць зафіксаваць міміку хворых, калі...
Доктар перарваў прамову пра бліскучыя перспектывы шлюбу медыцыны і фатаграфіі, таму што з другога паверха па лесвіцы з дужа рыпучымі прыступкамі спускаўся гаспадар уласнай графскай персонай. У ясным пане Шымоне Каганецкім нічога не нагадвала ні змучанага патэнцыйнага ваўкалака, які валяўся на каменнай падлозе сутарэння, ні спрытнага воя, які лёгка ўхіляўся ад стылету шалёнай фатографкі ля каміна “шаманскай залы”, ні змрочнага тыпа, падобнага да лясніка, які сустрэў этнаграфічную экспедыцыю ў Жухаве... Чорны жалобны касцюм зашпілены на ўсе гузікі, беллю першаснегу ззяюць каўнер і манжэты кашулі, шаўковы гальштук колеру восеньскай ночы завязаны на дасканала цвёрды вузел. Русявыя валасы акуратна зачасаныя, рукі арыстакратычнай формы, але зусім не кволыя, не спешчаныя, лёгка кратаюць парэнчы... Каб не загар ды не перабіты нос - зусім быў бы рафінаваны гжэчны пан. Вось цяпер верылася і ў ягонае прафесарства.
Да задавальнення Багуславы, пан Людвіг не кінуўся да сваяка з абдоймамі, пацалункамі і шчаслівым мармытаннем наконт незямнога шчасця бачыць. Гаспадар і госць паціснулі адзін аднаму рукі цалкам па-сяброўску, але дастаткова стрымана.
- Рады, што ты добра сябе адчуваеш, Шымон, але лячэннем пагарджаць з твайго боку - недаравальна.
- Я памятаю, - адрывіста сказаў Каганецкі, апускаючы шэрыя вочы.
- І я ў чарговы раз прапаную: кладзіся ў маю бальніцу... Дарэчы, твой персанальны дон Радрыга, той няшчасны вар’ят з ружжом, які ў цябе страляе, зноў сядзіць у палаце для шаленцаў, напоены бромам, і я вельмі шкадую, што паслухаўся цябе мінулы раз і выпусціў яго. Але давай пагаворым сам-насам, пайшлі наверх, я цябе агледжу...
Боўнар гаварыў так, як павінен гаварыць доктар: уладна-даверліва. Ну як такому адмовіць... Багуслава разгублена паглядзела на Вараксу: няўжо нельга не дапусціць, каб добры доктар, якому яна давярала не больш, чым гаспадыня ювелірнай крамы - сарокам, застаўся сам-насам з гаспадаром?
Але Ніхель толькі тузануў куточкам рота, маўляў, хай сабе.
- А пасля мы ўсе вып’ем гарбаты! - радасна прагаварыў Варакса. - Не так часта ўдаецца пасядзець у інтэлігентнай, навуковай кампаніі, каб абмеркаваць апошнія навіны прагрэсу!
Каганецкі кінуў на фатографа змрочны позірк і моўчкі пайшоў наверх са сваяком.
А калі праз нейкі час лесвіца сумленна зарыпела, папярэджваючы, што па ёй спускаюцца, Ніхель спрытна перакуліў над адным з расстаўленых на стале парцалянавых кубкаў, упрыгожаных намаляванымі пазалочанымі кветкавымі гірляндамі, бутэлечку з цёмна-бурштынавага шкла.
Сталоўня цяпер больш нагадвала сваё першапачатковае прызначэнне, пазбавіўшыся практычна ад усіх змрочных экспанатаў. Нават драўляныя стоды пасля фатаграфавання былі вынесеныя з дома дзеля не вельмі ўрачыстага аўтадафэ. Толькі бронзавы гонг маўчаў сабе, так і спакушаючы хоць лёгенька стукнуць у ягоныя шырокія грудзі і абудзіць нетутэйшыя гукі нябёсных гор. Граф змрочна пацягваў гарбату, у якую Варакса шчодра дадаў вохкіх зёлак, і нават не спрабаваў удаваць з сябе гасціннага гаспадара і падтрымліваць салонную гаворку. Затое доктар стараўся, як мог - расцягваў вусны ва ўсмешцы, абмяркоўваў з Ніхелем ідэі маладога Зыгмунда Фройда наконт лячэння жаночай істэрыі, няслушнасць жывёльнага магнетызму і фізіягномікі.
- Ну чаму ж, фізіягноміка мае пэўныя практычныя досведы! - запярэчыў Ніхель. - Вось па вашым твары, пан Боўнар, я вызначыў бы, што вы - арыстакрат, дваранін з радаслоўнай у некалькі стагоддзяў. Ці не так?
Вочы доктара зрабіліся чамусьці жорсткімі, трохі адвіслая ніжняя губа на імгненне пагардліва прыўзнялася.
- Я не вельмі веру, што прыналежнасць да старажытнага роду і высакароднасць натуры - тоесныя паняцці, а значыць, фізіягноміка тут бяссільная. Наш род дастаткова старажытны, але быў пазбаўлены дваранства.
Ніхель трохі памаўчаў, нібыта просячы прабачэння за тое, што закрануў балючую тэму, але асцярожна працягнуў:
- Многія патрыятычна настроеныя, смелыя людзі патрапілі ў такое ж становішча трыццаць з лішнім гадоў таму...
- Гэта здарылася раней, - цвёрда заявіў Боўнар. - Мой дзед быў удзельнікам падзеяў у Віленскім універсітэце.
- Надзвычай цікава! - Ніхель падкруціў вусы і захоплена ўсміхнуўся. - Значыць, прадзед пана Каганецкага і ваш дзед разам бралі ўдзел у высакароднай барацьбе за свабоду роднага краю і шчасце народа!