- Усе вашы падазрэнні дарэмныя, шаноўны Пінкертан, - стамлёна прамовіў Каганецкі. - Доктар Людвіг - чалавек з бездакорнай рэпутацыяй, дабіўся ўсяго ў жыцці сам. Думаеце, ён стаў бы рыхтаваць лекі, экспертыза якіх скасавала б яго кар’еру? Не думаю. А цяпер дазвольце мне пабыць аднаму...
Ніхель рашуча ўзяў Багуславу пад локаць і вывеў з пакоя.
- Ну, дарагая, давай працаваць. Тут, вядома, мала што пазаставалася - але трэба заказ выканаць, каб студэнты адчапіліся. А ваўкалаку нашаму варта адаспацца.
Але важдацца з фотаапаратам Ніхель пакінуў Багуту. А сам узяўся за даследванне змесціва забранай у графа бутэлечкі. Разліў вохкую празрыстую вадкасць па шклянках, нешта даліваў, змешваў... Не дарэмна ў іх асяродку жартавалі, што Ніхель можа зрабіць бомбу нават з аўсянай кашы і рондаля.
Чаму ж насамрэч у гісторыі пана Шымона можна верыць? Багута памятала, як адна пансіянерка, кволенькая ціхмяная дзяўчынка з падслепаватымі вачыма, якія вечна слязіліся, трапіла ў карцэр за нюханне эфіру
- распаўсюджаная звычка ў пансіянерак, толькі ніхто больш не папаўся, акрамя гэтай недарэкі. Якая да таго ж не выносіла цемры і замкнутых памяшканняў. У карцэры з ёй надарылася нервовая гарачка. Дзяўчынка крычала страшна, не сваім голасам, і кідалася ў бакі з такой сілай, што яе не маглі стрымаць некалькі дарослых выхавацелек. Усе шапталіся пра бесаў і апантанне... Але, звязаная ручнікамі і напоеная святой вадой, небарака проста заснула, а пасля не памятала нічога. Толькі вырваная з дзвярэй ручка нагадвала пра здарэнне.
Дык чаму ў юнака не магла падчас нервовага прыступу гэтак жа ненатуральна, па жывёльнаму, павялічыцца сіла?
Багуслава адлюстравала на бромжэлацінавай пласцінцы стод з галавой каня. Праўда, пра тое, што гэты абрубак дрэва - галава каня, фатографка нізавошта б не здагадалася, каб не колішнія тлумачэнні этнографа ды археолага. Радасць будзе Калоцкаму... А больш мала чым можна было парадаваць. Дробныя экспанаты разам з прывязаным да іх старажытным злом знайшлі сваю вогненную смерць, нібы граф старанна працягваў традыцыі мясцовых шмальцоўшчыкаў, вось каб яшчэ патрапіў наладаваць попелам бочкі. Шафа, дзе захоўвалася зачараванае адзенне, стаяла пустая, як труна вурдалака, які выйшаў на паляванне. Згарэлі чарадзейныя кнігі і шаманская вопратка, лялькі ў скрынцы і калядныя маскі. Засталіся егіпецкі камень ды паламаны саркафаг, але якім чынам могуць яны паспрыяць захаванню гісторыі края - невядома.
Што ж, няхай студэнты-шантажысты падзякуюць і за тое. Будуць яшчэ і каменныя стоды зазнятыя, што стаяць ля прысадаў. Незразумела, якім чынам іх збіраюцца знішчыць - але Багуслава падазравала, страх і нянавісць мясцовых жыхароў дасягнулі такой мяжы, што калі гаспадар штосьці і пакіне цэлым, знойдуць спосаб даламаць. У дрыгву завалакуць, урэшце. Тутэйшая дрыгва чаго толькі не прымала... Кажуць, цэлыя палацы ў яе нетрах хаваюцца.
Таму першай новага госця якраз і сустрэла фатографка, якая здымала прытулены пад бярозай, як пачварна павялічаны грыб, чырванаваты камень з высечанымі ў ім вачыма і ротам-шчылінай. Другі камень, пляскаты, быў пакладзены на яго ў якасці “капелюша”.
Госць пад’ехаў на двуколцы, запрэжанай сытай рудой кабылай. І нічогенька ў ім не нагадвала ні Яга, ні Макбета. Звычайны такі інтэлігентны сівы дзядзечка ў капелюшы з мяккімі брыламі, з чорнай жалобнай стужкай на рукаве, з абвіслымі вусамі на мяккім твары з носам-бульбінай.
Дзядзечка з цяжкасцю вылез з экіпажа, дастаў з кішэні вялікі ключ і звыкла адамкнуў замок на браме. Цяпер ясна, чаму Каганецкі нідзе не скарыстаў засовы - чакаў візіту. Госць заехаў на двор і... Відовішча кабеты с фотаапаратам, якая спакойна працягвала займацца сваёй таямнічай справай, змусіла прыезджага ледзь не перажагнуцца, як пры з’яўленні прывіда.
- Што... што пані тут робіць? Гэта прыватная ўласнасць!
Багута акуратна падкруціла колца на апараце да патрэбнага ўзроўню і толькі тады павярнулася да госця.
- Са згоды пана Шымона Каганецкага ў маёнтку працуе этнаграфічная экспедыцыя. З кім маю гонар размаўляць?
Дзядзечка быў не просты і не баязлівы, але не адразу змог схаваць сваю разгубленасць і незадаволенасць.
- Я брат нядаўна памерлай мачыхі пана Каганецкага, доктар Людвік Боўнар. І я вельмі здзіўлены, што сваяк, які да таго ж і мой пацыент, прымае гасцей. Яго здароўе апошнім часам пагоршылася.
- А мы нічога падобнага не заўважылі, - як мага больш шырока ўсміхнулася Багуслава. - Падаецца, пан Шымон цалкам здаровы.
Як фатографка і разлічвала, гэтая заява зусім збіла пана доктара з тропу. Ён нават на нейкі час страціў мову. Але нездарма доўгія гады меў справу з вар’ятамі, таму, звыклы да выкрунтасаў чужой логікі, адперхаўся ды асцярожна папытаўся:
- Ці дазволена мне будзе даведацца, літасцівая пані, калі вы апошні раз бачылі пана Каганецкага, і дзе менавіта?
Гаворыць - як масла мажа, а ў вачах трывога, быццам у касіра ў час раптоўнай рэвізіі. Ясна, пан быў упэўнены, што сваяк наглытаўся мікстуры ягонага прыгатавання і ціха загінаецца ў клетцы ў сутарэннях. Не будзем спадара расчароўваць. Ці будзем? Багута зноў узялася наладжваць фотаапарат і знарочыста няўважна адказала:
- Ды пару гадзін таму мы ўсе каву пілі ў гасцёўні.
Доктар зноў заперхаўся... Ад такіх нечаканых заяваў у яго, глядзіш, і сухоты ўваб’юцца.
- Яшчэ раз прашу прабачэння, літасцівая пані, а ці многа вас у экспедыцыі? Пану Шымону шкодзіць тлумная кампанія, да таго ж у доме жалоба.
А гэта ўжо называецца рэкагнасцыроўка. Колькі ворагаў, дзе, што за яны...
- Ды мы яму не перашкаджаем, - ветліва адказала фатографка, цяпер пільна вывучаючы каменны стод з ротам-шчылінай, быццам менавіта гэты пачварны камень быў паважаным госцем, а той, што сядзеў у таратайцы
- каменным бескарысным балванам. - Займаемся кожны сваёй справай, служым вялікай навуцы. - Багута падпусціла ў голас пафасу - калі гаворыш такім тонам, абавязкова трэба закаціць вочы ўверх. А цяпер пасентыментальней. - Пан Шымон, сам навуковец, вельмі гасцінны і мілы гаспадар, мы так удзячныя яму за дапамогу. Выбачайце, пан Людвіг, у нас яшчэ шмат спраў.
Вызначэнні “гасцінны і мілы” да пана Шымона на фоне Жухавіч гучалі дзіка.
Багуслава зноў узялася за маніпуляцыі з фотаапаратам, усім сваім выглядам намякаючы: а ехаў бы ты, дзядзька...
І той тузануў лейцы. Нават слова на развітанне не сказаў, небарака.