I зараз поўня пасылала на зямлю нябачныя хвалі з-за шчыльных хмараў, якія для яе не больш, чым павуцінкі для паляўнічага, што шыбуе па лясной сцежцы. Час “цыганскага сонца” ва ўсе эпохі лічыўся спрыяльным для ўсялякіх нетутэйшых праяваў. І цяпер у доме штось грукатала, разбівалася... Але не воляю прывідаў. Відаць, гаспадар зацята нішчыў спадчыну. Абкурыўся ці нанюхаўся, відаць...
Пры гэтай думцы Багуце страшэнна захацелася курыць. І хацелася зрабіць гэта на свежым паветры, дзе не смярдзіць склепам і адсырэлымі пярынамі. Фатографка не цярпела замкнутай прасторы ад часоў пансіёна. Яна нават устала і патузала рамы вакна, за якім усё гэтак жа бушавала залева: марна. Іх не расчынялі, магчыма, з часоў чырвоных абцасаў і пудраных парыкоў. Выйсці ў калідор? Забаронена...
Дзесьці пачуўся звон разбітага шкла, а потым - стрэл. Стралялі ў доме, з ружжа - механічна вызначыла Багута. Трохі счакала - ніводныя дзверы не рыпнулі, ніхто з яе спадарожнікаў не наважыўся праверыць, што здарылася, хаця, мусіць, і папрачыналіся.
Ну і хай сабе ляжаць. Багуславу заўсёды злавалі правілы і забароны, навязаныя ёй чужымі людзямі. Калі б Бог слухаў пастуха, уся чарада паздыхала б. Нігілістка прыхапіла цыгарэты, абхінулася шаллю і рашуча паклала руку на мядзяную ручку дзвярэй, зробленую ў выглядзе... не, не ваўчынай морды, а звычайнай ружы. Галоўнае - рухацца бязгучна.
Ну а калі ўжо апынулася ў калідоры, парушыла правілы - дык якога лесуна хавацца? І Багуслава, намагаючыся ўсё-ткі ступаць ціха, адправілся туды, дзе грукатала, ірвалася і страляла і адкуль цягнула смуродам сярэдняй велічыні пажарышча.
У каміне “шаманскага” пакоя палаў агонь. Языкі полымя ледзь не выскоквалі вонкі, узбуджаныя багатай здабычай. Граф у кашулі і скураной камізэльцы сядзеў перад камінам проста на разасланай на падлозе мядзведжай скуры, спінай да дзвярэй, меланхалічна браў з гімалаяў дзядоўскіх і бацькоўскіх экспанатаў, што грувасціліся па левую руку ад яго, па адной рэчы і скормліваў агню. Быццам качагар, які пільна падтрымлівае агонь у топцы парахода, што плыве скрозь начную буру. Прыстаўленая да сцяны, адпачывала сякера, з дапамогай якой занадта вялікія прадметы бесцырымонна распалавіньваліся. Шкло ў створцы аднаго з вокнаў было разбітае, у пакой заляталі парывы мокрага ветру і шум дажджу. Ружжо, што стаяла злева ад вакна, сведчыла, што стрэл не прымроіўся.
Граф трохі павярнуў галаву, рэзкія цені падкрэслілі абрысы запалай шчакі, выліцы, упартага падбароддзя прадстаўніка эксплуататарскага класу.
- Так і думаў, што калі і з’явяцца праблемы, дык з вамі, мадэмуазэль. Вы проста не ў стане трымаць слова?
- Я хачу выкурыць цыгарэту, - халодна цэдзячы словы, прагаварыла Багута, звыкла чапляючы на сябе маску - на гэты раз яна пераймала адметную паненку, якую пабачыла ў піцерскай багемнай кавярні. Тая заўсёды прыходзіла ў чорнай сукенцы шчыльна па фігуры, у гаржэтцы, з падведзенымі сурмой вачыма, рухалася лена і ўладна, а калі курыла, манерна трымаючы муштук, выцягвала доўгую шыю, быццам змяя рыхтавалася ўджаліць.
Струменьчык дыму цыгарэты спалохана выцягнуўся ўбок ад павеваў мокрага ветру.
Граф неахвотна ўзняўся з падлогі і стаў перад госцяй - здаецца, наркатычнае ап’яненне ў яго зменшылася, толькі стома ды туга ў рысах.
- Як бачыце, тут нават крэсла няма, вам прапанаваць. Дымна. І вакно разбітае. Ідзіце курыць у свой пакой.
- Затое попельніцы не трэба, - працягнула Багута і дэманстратыўна стрэсла попел проста на падлогу, засмечаную, як пасля візіту рабаўнікоў.
Пан Шымон злосна паглядаў на нахабную паненку, заўважна нервуючыся.
- Дакурыце - і сыходзьце. Вы не павінны тут быць.
І вярнуўся на сваё месца перад камінам, дэманструючы нежаданне падтрымліваць нават бачнасць этыкету Падумаеш! Багуслава ўселася на падлогу непадалёк, дацягнулася вольнай рукой да кучы экспанатаў, ухапіла нейкі скураны скрутак і шпурнула ў агонь. Скрутак затрашчаў, задыміў, стаў курчыцца, як жывы... А што, можа, у ім злы жрэц калісьці зняволіў беднага духа? Каганецкі скасавурыўся, сціснуў сківіцы, але нічога не сказаў.
Нейкі час яны моўчкі сядзелі, па чарзе кормячы агонь, як жрацы паганскага капішча.
- І ўсё-ткі я не разумею вас, пан Шымон, - парушыла маўчанне Багуслава. - Здаецца, адукаваны чалавек, і дапускаеце такое... Няўжо вы не можаце давесці сваім землякам, што пярэваратняў не бывае, прынамсі, вы - не ваўкалак? Чаму яны так у гэтым упэўненыя?
Каганецкі кінуў у камін штосьці падобнае да лапця.
- Вам хочацца маёй споведзі?
Лапаць сам па сабе падскочыў на вуголлях, нібыта апрануты на нагу з капытом. Багуслава зацягнулася цыгарэтай. Што агульнае было ў графа з яе таварышамі - непатрэбна ў размовах захоўваць усе гэтыя рэверансы, ветлівыя іншаказанні, якімі абараняюцца адзін ад аднаго людзі, каб не пакрыўдзіць, не наклікаць на сябе чужой злосці.
- Было б цікава.
- Я хіба раблю ўражанне чалавека, які направа-налева распавядае пра сваё асабістае жыццё? - лена абурыўся Каганецкі, памаўчаў. - Але, відаць, містычныя дэкарацыі і самота прыгняталі яго больш, чым ён жадаў паказаць, і граф, прымружыўшы вочы і прыслухаўшыся да чагосьці, замест таго, каб зноў праганяць госцю, прамармытаў: “Час яшчэ ёсць”, і прапанаваў:
- Мена. Па справядлівасці. Я расказваю штосьці пра сябе, а вы - пра сябе.
Багуслава выдыхнула дым, паназірала, як ён растае ў паветры, быццам легкадумныя мроі юнацтва пра сусветную місію.
- Паспрабуем. Вы - першы.
Заолаг паварушыў вуглі качаргой, і яны ўспыхнулі з новай сілай, быццам агонь жадаў пакусаць нахабнае жалеза, якое даткнулася да яго вантробаў.
- Я вам казаў, што маю маці загрызлі ваўкі, калі яна вярталася ў экіпажы дамоў праз лес. Дык вось, я тады быў з ёю.
Багуслава нават забылася на маску ракавой жанчыны.
- Фурман загінуў адразу, я бачыў, як яго зваліў на дарогу звер, хапануўшы за горла. Помню, як ірваліся і хрыпелі коні, і лілася кроў з іх ранаў. А потым маці накрыла мяне сабой, і больш я не памятаю нічога. Засталося толькі... вось...