- Пані Антаніна, - скупа патлумачыў Каганецкі. - Хай зямля ёй пухам... Не, асаблівай пяшчоты з яе боку не бачыў, але яна зрабіла для мяне вельмі шмат. Ніхто б таго не зрабіў.
Вось такое развітальнае слова.
- А вы адкуль родам, пан Ніхель? - нечакана папытаўся граф, які сам гарбаты піць не збіраўся, але прынёс знізу жалезны, трохі пагнуты імбрык з кіпенем, у той час як Багуслава завалакла на падносе кубкі і срэбную цукарніцу ў выглядзе дамка з саламянай страхой. Праца была настолькі тонкая, што ў метале перадавалася кожная саломінка.
Та-ак, куды лепей было б цяпер сядзець у такой беднай хатцы, чым у гэтым фанабэрыстым маёнтку, у атачэнні восені, нянавісці і забойцаў.
- Я нарадзіўся тут, - памаўчаўшы, прамовіў Ніхель. - Праўда, не магу сказаць, што буду жыць тут. - Пасміхнуўся, падкруціў вусы. - Мне сапраўды давялося блізка пазнаёміцца са смерцю - трыццаць гадоў таму. У тутэйшых лясах і балотах.
Багуслава нават уздрыгнула: Варакса, пільны канспіратар, ніколі не дазваляў сабе раскрываць штось з уласнай біяграфіі. Ды яшчэ пры людзях старонніх, магчыма, небяспечных. Але Ніхель працягваў:
- Я не дваранін, мой бацька быў гадзіннікавым майстрам, зыгаршчыкам, як у нас казалі. Добрым майстрам. І кніжнікам. Любіў чытаць філосафаў і верыў, што грамадства мусіць быць адладжанае, як механізм: кожны рамеснік і земляроб круціцца на сваім стрыжні, шасцяронкі-чыноўнікі перадаюць адна адной рух, чапляючыся зубчыкамі, а ў цэнтры - спружына. Мысляры і асветнікі. Бацька лічыў, што воля - натуральнае права чалавека.
Каганецкі скептычна пахітаў галавой.
- Пусціць ідэаліста кіраваць - усё роўна, што даць дзіцяці лейцы наравістых коней. Гісторыя з Фаэтонам, сынам Геліяса, які, зажадаўшы сам сесці ў бацькаву сонечную калясніцу, не ўтрымаў коней і ледзь не ўчыніў зямлі вогненнае пахаванне, павінна чамусьці вучыць.
- Найлепшае апраўданне ўсіх дыктатараў - што простыя людзі не здольныя да дзяржаўнай дзейнасці, - холадна сказаў Ніхель. - А між тым у 1606 годзе жыхары Магілёва, даведзеныя да скрайнасці рэпрэсіямі супраць праваслаўных - ім не давалі ні дзіця ахрысціць, ні нябожчыка адпець, ні шлюб законны ўзяць - паднялі паўстанне, разагналі раду, занялі ратушу.
Правадыром быў стараста цэха саладоўнікаў Стахор Мітковіч. Абралі новую раду - у яе ўвайшлі простыя рамеснікі, такія, як мой бацька, кавалі, збройнікі, ганчары. І два гады гараджане самі кіравалі сваім горадам!
Ніхель урачыста памаўчаў і працягваў сямейную гісторыю.
- Дык вось, аднойчы бацька быў змушаны тэрмінова везці адрамантаваны залаты брэгет заказчыку, які захацеў прадэманстраваць знаёмцам асаблівы перазвон гадзінніка на патрыятычны матыў. У Менску якраз б^ілі кантракты - традыцыйныя з’езды шляхты, якія адбываліся напачатку сакавіка кожнага года дзеля разлікаў па крэдытах ды маёмасных угодах. Магнат знаходзіўся на прыёме ў Ашторпаў. Бацька з належным паклонам уручыў гадзіннік... А замест платы тут жа, пры ўсёй шаноўнай публіцы, атрымаў поўху - бо заказчык, які ўжо накаштаваўся шампанскага, вырашыў, што на ягоным атрыманым у падарунак ад высокай асобы брэгеце не хапае аднаго смарагда, а ў патрыятычнай мелодыі майстар-шкоднік змяніў некалькі тактаў.
Фатограф гаварыў вельмі спакойна, нават з усмешкай. Так паляўнічы распавядае пра паядынак з тыграм, пухатая скура якога ляжыць у гэты час пад ягонымі нагамі, бездапаможна рассцеленая перад утульным крэслам.
- Бацьку завалаклі ў пастарунак. Я бег следам і душыўся слязьмі, але не маліў і не крычаў, таму што ведаў: гэта ганебна. Бацька ўзяў мяне з сабой да Ашторпаў, каб паказаць гэтак званы “свет”, пыхлівы, легкадумны і жорсткі... Паказаў. Заказчык, нават калі працверазеў, так і не прызнаўся, што памыліўся. Праўда, абвінавачванне сваё адклікаў, да суду не дайшло, бацьку назаўтра ж адпусцілі... Але за гэты час “злачынцу” збілі так, што дадому везлі непрытомнага, згрузіўшы кулём на воз. Праз пяць гадоў у атрад інсургентаў мы з бацькам пайшлі абодва. А потым маёй радзімай стаўся ўвесь свет.
Багуслава ўспомніла, што Ніхель не насіў з сабой гадзіннікаў, купляў толькі ёй. Яна думала, гэта проста прыхамаць... З другога боку, дасканалая дакладнасць Вараксы ў абыходжанні з хімікаліямі, узрыўнымі ці фатаграфічнымі механізмамі заўсёды яе здзіўляла... Вось і разгадка: так мог працаваць спадчынны гадзіннікавы майстар, зыгаршчык.
Калоцкі, прыціскаючы да грудзей томік у пашарпанай чорнай скураной вокладцы, неяк збянтэжана паглядзеў на Ніхеля і прамовіў, быццам просячы прабачэння:
- А я дваранін.
Уздыхнуў, нібыта прызнаўся ў злачынстве.
- Род збяднелы, хоць і стары. Герб “Касцеша”. Бацька разарыўся, ажаніўся другі раз з трохі багацейшай, удавой з двума дзецьмі. Я гадаваўся ў дзеда, бегаў басанож па лугах ды палях разам з сялянскімі дзецьмі, разам пасвілі коней і распавядалі страшныя гісторыі пра цмокаў, сустракалі Купалле і шнырылі на вясковых вяселлях... Але, вядома, сваякі мне ўнушалі, што я шляхціц, што мы вышэй за простых людзей. Бабуля кожны вечар чытала мне Славацкага і Міцкевіча. Зразумела, калі падрос і паступіў у гімназію на казённы кошт, а пасля ва ўніверсітэт на дзяржаўную стыпендыю, я на басаногае дзяцінства забыўся. Заняўся скіфскай культурай, - Міхал Калоцкі скасавурыўся на Багуславу, нібыта хацеў пабачыць найперш яе рэакцыю.
- Вы мне вельмі нагадваеце скіфскіх стэпавых ваярак на конях, гнуткіх, дужых і бязлітасных, панна Ніхель. Прынамсі, я іх такімі ўяўляў... Як і валькірый - не мужападобнымі, з вырачанымі вачыма і цяжкімі сківіцамі, а вытанчанымі і бясхібнымі, як стылет... - Міхал, кінуўшы на Багуславу захоплены позірк, сарамліва адвёў вочы, як бы просячы прабачэння за няўчасны камплімент. - А аднойчы ва ўніверсітэце мы паўсталі супраць таго, што дваіх студэнтаў адміністрацыя за парушэнне дысцыпліны аддала ў салдаты. Атрымаўся сапраўдны бунт, да нас далучыліся студэнты з медыцынскага ды тэхналагічнага... Карацей, наарыштоўвалі паліцыянты народу пару соцень, сагналі ў Манеж... Вось сядзім, пакуль разбіраюцца з нашым лёсам. Чым заняцца? У карты? У фанты? Пасля такога прыступу высакароднай адвагі? Не варта герояў! І паколькі там нас было выхадцаў з розных куткоў імперыі, хтось прыдумаў у народніцкім духу: падзяліцца па нацыянальнасцях і зладзіць канцэрты культур. Украінцы паказалі свае песні ды скокі, расейцы, габрэі, чачэнцы, грузіны... А мы, беларусы, збіліся сіратліва ў куток - і паказаць няма чаго. Не ведаем. Сорамна так сталася... Давай кожны ўспамінаць, што там чуў у дзяцінстве, якія песні, хоць прыпеўкі... Як там словы прамаўляюцца... Здолелі тое-сёе адметнае падрыхтаваць. Але перажытае так нас уразіла, што калі ўсіх выпусцілі, мы вырашылі выправіць тую ганьбу і стварылі гурток беларускай моладзі. А я пачаў адкрываць для сябе гісторыю Беларусі, каб потым адкрыць яе для іншых.
Міхал раптам усмінуўся - не з выклікам, а шчыра, па-дзіцячы, і зноў зірнуў на Багуславу, ягоныя шчокі заружавелі.
Нешта зачаста ён пазірае на забойцу з нечаканым замілаваннем. Што ж, адзіная дама ў мужчынскай кампаніі - тут праз нейкі час і расамаху прымуць за Купалінку.
- Вы так горача агітуеце мяне за вартасці тутэйшай культуры, як быццам я вырас на Суматры, - з некаторым раздражненнем прагаварыў Калоцкі, нервова хаваючы рукі ў кішэні замшавай курткі. - Запэўніваю, што і мне даводзілася бегаць басанож па гэтых лугах, чуць купальскія песні ды нянькіны казкі-байкі. Слухаючы вас, можна падумаць, гэта нешта выключнае, нейкі подзвіг... Мне не чужы гэты край, я ведаю, што мае продкі называлі сябе ліцвінамі, гінулі за волю гэтай зямлі, што і сёння хтосьці змагаецца за яе незалежнасць. Мне нават даслаў адзін мой сентыментальны знаёмца з Гародні ў Вену асобнік зборніка “Дудка беларуская” паэты Мацея Бурачка... Цікавая такая стылізацыя пад мужыцкія напевы. Прызнацца, мне больш спадабалася сваёю жарсцю прадмова да тае брашуры. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”... Але ў мяне зараз ёсць куды больш балючыя і неадкладныя справы, чым фальклор. Паверце, тое, што я згадзіўся вас прыняць - вялікая ахвяра.
Граф Каганецкі неяк тужліва зірнуў за вакно - праз двайныя шыбы, кватэры і зімовага саду, святло прасявалася скупа, як манеты з рук мытніка, і перавёў позірк на фатографку.
- А вы, мадэмуазэль, як і ваш бацька, грамадзянка свету?
Багуслава злосна сціснула вусны. Сустрэцца б з гэтым прафесарам
Венскага ўніверсітэта на вузкай сцежцы без сведкаў, ды разікаў пяць прыкласці яго смуглявай нахабнай фізіяноміяй у гразь, ды другую нагу перабіць - тады з ягонага голасу, калі звяртаецца да яе, знікла б гэтая старасвецкая галантнасць з адценнем паблажлівасці. Што ж, калі Ніхель даў дазвол сваім прыкладам на шчырасць...
- Я нарадзілася ў Сібіры. У бараку для катаржнікаў. Расла ў прытулку. На радзіме продкаў упершыню апынулася ў шаснаццаць гадоў. Так што з успамінамі дзяцінства, купальскімі песнямі ды казкамі клапатлівай нянькі ў мяне кепска.
Каганецкі паглядзеў на Багуславу, потым на ейнага саманазванага бацьку: