Раздзел трэці. Змрочная калекцыя Каганецкіх
Чаго толькі людзі не збіраюць! Чарапы ворагаў і парцалянавыя статуэткі пастушак, люлькі і пісталеты, засохлыя букецікі і сэрцы былых каханкаў... Менавіта калекцыю такіх забальзамаваных сэрцаў, паводле легенды, насіла пад сваёй неабдымнай спадніцай на жалезных абручах чароўная каралева Марго. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Трэці выразаў з паперы чалавечкаў і будынкі, Геранім Радзівіл збіраў голкі ды іншыя небяспечныя прадметы, якія яму падкладалі ненавіснікі ў ежу.
Продкі пана Шымона Каганецкага, падобна, апантана цягнулі ў пакоі прадметы, з дапамогай якіх чалавек зводзіў са свету бліжніх. Багуслава адчувала ў роце мядзяны прысмак, быццам выпіла атруты. Быццам зноў даводзілася фатаграфаваць мёртвых дзяцей. Артэфакты грувасціліся проста на падлозе вялікага пакоя, выкінутыя без усялякай павагі з шафаў, падрыхтаваныя да знішчэння. І пра прызначэнне гэтых дошчачак, клубкоў і скураных варонак проста не хацелася ведаць. Цяпер дзяўчына не так ужо асуджала цемрашала-заолага, які збіраўся гэтае “багацце” знішчыць.
- І як нябожчыца Каганецкая магла жыць у такім бедламе?
- А яна тут і не жыла.
Багуслава ледзь стрымалася, каб не выхапіць стылет: пан Шымон падыйшоў са спіны зусім бязгучна, як сапраўдны паляўнічы, нягледзячы на кульгавую нагу.
- Мачыха перасялілася ў іншы дом, у Пагневічах, адразу пасля смерці майго бацькі.
- Нічога дзіўнага...- прабурчэла Багута, змрочна назіраючы, як студэнты зацята варушаць экспанаты, быццам вароны падлу каля бойні, адбіраюць, што наступнае варта адлюстраваць для вечнасці. - А ў бацькі вашага як узнікла такое... захапленне?
- Калекцыю яшчэ дзед пачаў, - неахвотна адказаў Каганецкі. - Ён быў у нейкіх там тэасофскіх гуртках, укруціўся ў эзатэрыку. Ведаю, што першым экспанатам стаў срэбны злітак здрадніка Бекю. Яго гісторыя зрабіла на яшчэ зусім юнага дзеда такое ўражанне, што закупіў чатыры маланкаадводы найноўшай канструкцыі ў Нямеччыне, за кошт якіх можна было пабудаваць яшчэ адзін дом, ды ўсталяваў на даху. Бацька іх чамусьці паздымаў. А ў калекцыю пачало дадавацца ўсё, звязанае з праклёнамі, сурокамі, варажбой.
- Егіпецкія артэфакты - гэта таму, што на тых, хто іх здабываў, таксама падаў праклён? - зацікавіўся Калоцкі, ягоныя шырока расплюшчаныя сінія вочы паглядалі па-дзіцячы сумленна. Гэткі сімпатычны прыстойны малады чалавек з высокім ілбом і даверлівымі пульхнымі вуснамі, увасобленая мара салонных паненак... Пан Шымон, аднак, зіркнуў на піцерскага магістранта раздражнёна і зрабіў некалькі няроўных крокаў да вакна, каля якога ляжала палова драўлянай накрыўкі саркафага, выразанай па форме цела і адпаведна размаляванай. З фрагмента твару нябожчыка раскоса пазірала адзінае цёмнае вока, нібыта егіпцянін задумліва выбіраў, у каго б тут выдраць вока да пары свайму.
- Так, егіпецкія рэчы, асабліва з грабніцаў, лічыліся самымі... праклятымі. - Каганецкі грэбліва тыцнуў наском бота ў саркафаг, нібыта ў ім калісьці быў пахаваны ягоны вораг. - Успомніце лёс экспедыцыі лорда Карнавона! Нават тыя даследчыкі, хто паспелі вярнуцца ў Англію, памерлі невядома ад чаго. Магчыма, дзед хацеў давесці, што гэта ўсяго толькі забабоны, кінуць выклік лёсу. Ва ўсялякім разе, пра чорныя месы ў Жухавічах ніякіх чутак не хадзіла, магічных рытуалаў тут ніхто не спраўляў, цмокі золата не насілі, сталы не танчылі воляю выкліканых духаў. Памёр дзед мірнай смерцю, ад хваробы нырак, пахаваны як хрысціянін, на могілках у Пагневічах. Бацьку пашанцавала менш - сышоў адносна маладым. Мне, падобна, пашанцуе яшчэ ў меншай ступені...
Пан Шымон абарваў сябе, быццам пачаў гаварыць лішняе. Ніхель, які наладжваў фотакамеру, павярнуўся да яго:
- Вы б усё-ткі адышліся падалей ад акна, пан Каганецкі. З вашых паводзінаў магу выснаваць дзве гіпотэзы: альбо вам надакучыла жыць, альбо карціць пахваліцца зухаватасцю і падражніць дурных мужыкоў, якія відавочна прымаюць вас за ваўкалака. І ў першым, і ў другім выпадку нас чакаюць непрыемныя клопаты з вашым трупам. Тлумачэнні з паліцыяй, сапсаваная рэпутацыя... З чаго б нам увязвацца ў гэта, тым больш уражлівай дзяўчыне?
Заолаг кінуў незадаволены пагляд на фатографа, але ўсё-ткі адступіў углыб пакоя.
- Прашу прабачэння. Даю слова, што да вашага ад’езду пастараюся не перайсці ў становішча трупа.
І, памачаўшы, дадаў:
- Хаця не думаю, што вас з дачкой уразіць відовішча нябожчыка.
Вось табе маеш... Нешта западозрыў? Студэнты прагаварыліся? Налілі
алею ў дзіравы збан... Але граф патлумачыў:
- Лічу так не таму, што вас запрашаюць фатаграфаваць пахаванні. У мяне ўражанне, што вы з дачкой прайшлі вайну... Ці на ёй знаходзіцеся. Я ж спецыяліст па паводзінах жывёлаў, а што тыпова для іх, тыпова і для чалавека. У таго, хто аднойчы змірыўся з прысутнасцю смерцю, вочы іншыя...
- Як у вас? - рэзка папыталася Багуслава. Каганецкі адвёў пагляд шэрых вачэй.
- Як у мяне.
Да чаго недарэчныя размовы... Усё, што варта ведаць - як найхутчэй сфатаграфаваць тое, што гэтыя маньякі, Калоцкі з Масевічам, палічаць патрэбным, і з’ехаць. Хай гэты вар’яцкі граф сам разбіраецца са сваймі хімерамі.
- Вось гэта яшчэ, калі ласка! - археолаг ласкава грувасціў на пакрыты белым палатном зэдлік, прыстасаваны як падстаўка для таго, што здымалі, палена з груба высечаным арнаментам, у якім угадваліся вочы і перакрыўленыя лапы. Адно такое палена ўжо гарэла ў печцы, бязлітасна расколатае і засунутае туды гаспадаром дома пад тужліва-абураныя пагляды студэнтаў.
У пакоі ні абразоў, ні знака крыжа. Нават у сталоўні, дзе зваленая частка калекцыі, усё-ткі меўся ў куце стары абраз, з якога з дакорлівым сумам пазірала Прасвятая Багародзіца. А тут, відаць, самі ўладальнікі ўсведамлялі
- не да месца святыя рэчы. Ганебна паказваць такое вачам святых - хаця ясна, што тыя вочы бачаць і скрозь сцены, і скрозь грэшную плоць.
Дарэчы, і ніводнага фамільнага партрэта. Магчыма, таксама каб не засмучаць продкаў. Ну і змрочныя арыгіналы былі дзед і бацька кульгавага графчыка!
Багута падумала, што таксама не хацела б, каб юнак у канфедэратцы на ейным дагератыпе быў сведкам такіх-сякіх яе ўчынкаў.
За вакном сцямнела, хоць было яшчэ далёка да вечара. Кастрычнік, як самавіты млынар, няспешна развязваў поўны мех з буйным халодным зернем дажджу, каб сыпануць уніз, на марудныя жорны зямной цвердзі. Ніхель заявіў, што асвятленне надта кепскае, зараз усю магнэзію растрацяць на падсветку, і так увесь пакой задымілі, і лепш зрабіць невялікі перапынак на гарбату. Толькі давайце не станем гуляцца з небяспекай і ў сталоўню, дзе такія зручныя для забойства вокны, не пойдзем.
Адзіны фамільны партрэт якраз і выявіўся ў гасцёўні на другім паверсе, куды граф пусціў прыхадняў не больш ахвотна, чым свякруха нелюбімую нявестку да куфра са сваімі сукенкамі. Але ж тут было найбольш бяспечна - усяго два вакны, абароненыя ад вока стралка зашклёнай галерэяй з зімовым садам - ад яго застаўся толькі панылы сухі фікус ды шэраг пустых кадак, з якіх там-сям тырчэлі скурчаныя парэшткі раслінаў. З партрэта ў бронзавай рамцы з віньеткамі пазірала мажная дама з чорнымі зрослымі брывамі і цёмным позіркам. Напэўна, пад носам у яе былі вусікі - у Вялікім Княстве Літоўскім гэта лічылася прыкметай жарснай натуры. Менавіта з-за такіх вусікаў кароль Ягайла не ажаніўся са старэйшай князёўнай Гальшанскай, абраўшы не такую прыгожую, але маладзейшую і спакайнейшую Соф’ю. Але ў эпоху дырыжабляў і морфію белая скура і субтыльная фігура цаніліся вышэй, чым румянак, крамяныя формы і згаданыя вусікі, таму мастак іх і не намаляваў. Аднак і без гэтага жанчына на партрэце была ўладнай і суровай, не як каралева - хутчэй як ахмістрыня. Белыя карункі старасвецкага каптура, што аздаблялі яе твар, здаваліся калючай шэранню.