- Калі юны Гегель пабачыў, як у ягоны родны горад заязджае Напалеон на белым кані, то быў упэўнены, што гэта і ёсць Сусветны дух. Калі павіяны бачаць усход сонца, яны ўздымаюць лапы і захоплена равуць. З’явы аднаго парадку.
Калоцкі раскалыхаўся, як брацкі звон:
- Вы хочаце сказаць, што ўсе высокія памкненні чалавечага духу...
- Усяго толькі жывёльны інстынкт, замаскаваны свядомаснымі канструкцыямі, бо чалавек ніколі не прызнае, што ён не разумнейшы і не маральнейшы ад жывёлы.
Вось табе і спадчыннік Жухавіч... Дзікунскае аблічча і вучоныя прамовы. Хаця чаму “дзікунскае”? Шляхетныя продкі, якія большую частку жыцця - бо жылі тады нядоўга - праводзілі ў ваенных паходах, таксама не выглядалі спешчанымі, іх твары - гетманаў, князёў, магнатаў - таксама былі абветранымі, у шнарах, плечы шырокімі, каб трымаць цяжкія латы, а рукі дужымі, звыклымі да зброі.
- Пан мае на ўвазе так званае “быдла”? - нейтральна папытаўся Ніхель. - Мужыкоў, якіх вашыя продкі трактавалі як хатнюю жывёлу і з чыёй працы жылі і набывалі егіпецкія камяні?
Багута вырашыла, што Ніхель толькі што папоўніў спіс дэспатаў, вартых знішчэння, жухавіцкім гаспадаром. Але пан Шымон толькі стамлёна пакрывіўся:
- Ну навошта так спрашчаць? Я заолаг. Я бачу сутнасць, прыроду, а не абалонку. Для мяне людзі не дзеляцца на арыстакратаў і плебс. Хіба што з Сакратам пагаджуся, які падзяляў усіх на залатое, срэбнае, жалезнае і глінянае саслоўе, але не па паходжанні, а па здольнасцях - у сям’і “срэбнага” чыноўніка можа нарадзіцца “гліняны” някемнік, здольны толькі араць зямлю, а ў шаўца - “срэбны” вайскавод. Насамрэч людзі - усяго толькі адзін з жывёльных відаў, як ваўкі альбо пацукі. Сацыяльныя адрозненні - гэта загана цывілізацыі.
- Даволі... прагрэсіўныя погляды для нашчадка графскага роду, - працягнуў Ніхель, цяпер ужо з цікаўнасцю ўглядаючыся ў Каганецкага. Граф піў гарбату з парцалянавага кубка, як на дыпламатычным прыёме. З манерамі і этыкетам у яго, напэўна, пры неабходнасці праблем не мелася.
- Той, хто добра ведае звяроў, не можа быць высокай думкі пра чалавека. Усё, чым чалавецтва ганарыцца, спаконвеку існуе і ў чатырохлапых, крылатых ды хвастатых. Мастацтва, каханне, здольнасць ахвяраваць сабой дзеля бліжніх, любоў да дзяцей, павага да старых...
- Вы перабольшваеце, пан Шымон! - запярэчыў Давыд Масевіч, ледзь не выраніўшы сваю канапку. - Вы прыніжаеце чалавечы розум і пачуццё прыгожага! Дзе вы бачылі ў звяроў мастацтва?
Каганецкі акуратна паставіў на егіпецкі камень, побач з самаварам, недапіты кубак, пара над ім танчыла, як празрыста-срэбныя змейкі.
- А вы бачылі, якія мазаікі выкладвае для сваёй самкі птушка-буданчык? З рознакаляровых каменьчыкаў, ягад, кветак... Мастак не здольны на такую фантазію. Вам нагадаць пра птушыныя спевы, якія беспаспяхова пераймаюць на сцэнах оперных тэатраў? Запэўніваю вас, вайсковы строй павіянаў альбо мурашоў зладжаны па ўсіх правілах ваеннай навукі. Звычайная пчала, вяртаючыся ў вулей, выконвае перад супляменнікамі складаны танец, у якім распавядае, дзе і на якой адлегласці ёсць меданосныя кветкі. Адзін мой калега пралічыў, што ў пчол розных месцаў зямлі свае дыялекты, і адзін і той жа элемент танца ў нямецкай пчалы азначае 75 метраў, у італьянскай - 25 метраў, а ў егіпецкай - пяць.
Калоцкі і Масевіч не вытрымалі і дружна фыркнулі, граф, на дзіва, таксама ўсміхнуўся.
- Так, вучоных-энтузіястаў часта “заносіць”, думаю, вам гэта вядома на ўласным прыкладзе. Вучань Дарвіна Джордж Раманес, я з ім быў аднойчы ў экспедыцыі, напісаў кнігу “Розум жывёлаў”, у якой так ухваліў інтэлектуальную дзейнасць малпаў, варонаў ды іншых жывых істотаў, што хоць зараз стварай для іх універсітэты. Але я і сам бачыў, як грыф кідае з вышыні камень на гняздо страуса, каб разбіць яйка, а галапагоскі дзятлавы ўюрок дастае жамяру з трэшчынаў з дапамогай кактусавай калючкі. Вось вам працоўныя інструменты... Творчасць? Падчас экспедыцыі па Танзаніі ў нас знікла пустая бляшаная бочачка з-пад вады. Назаўтра мы пачулі ў джунглях, дзе не мелася згодна карты ніякіх паселішчаў, барабанны бой. Рушылі асцярожна туды... І пабачылі, як малады шымпанзэ, страшэнна горды сабой, выбівае рытм на нашай бочачцы, а супляменнікі захоплена яго слухаюць, гукаючы ды пляскаючы ў ладкі. Чым не канцэрт Ігнацыя Падэрэўскага?
- Выбачайце, але чалавек мае маральнасць! - абурана выгукнуў Масевіч, адарваўшыся ад хлеба з сырам. Граф счапіў тонкія пальцы, як на лекцыі, і насмешна прымружыў вочы.
- Та-ак, ну, давайце зірнем на мараль... Дэльфіны падымаюць хворага таварыша да паверхні вады, каб даць удыхнуць паветра. А вы наведвалі калі-небудзь звычайную гарадскую багадзельню, дзе дажываюць свой век інваліды, гніючы зажыва? А хто з людзей можа пахваліцца такой любоўю да радзімы, як бусел, які пралятае тысячы вёрстаў, каб вярнуцца на нашыя балаты, такой вернасцю, як сабака, такім каханнем, як лебедзь? Звяры мудрэй за чалавека, бо толькі двухногія могуць гэтак бязлітасна знішчаць адно аднаго, быццам іх мэта - звесці ўласны род. Леў можа з аднаго кідка вырваць бок буйвалу. Але калі б’ецца з сутаварышам за тэрыторыю альбо за самку, ніколі не пусціць на поўную моц іклы і кіпцюры. У звяроў ёсць абмежаванне на сваю зброю, калі б’юцца з прадстаўніком уласнага віду. Толькі чалавек такога абмежавання не мае! Праўда, дадзеная яму ад прыроды зброя вартая жалю: пазногці крохкія, зубы тупыя... Але чалавек надзвычай вынаходлівы ў прыстасаваннях для больш зручнага забойства падобных да сябе.
- Вы не дужа любіце людзей? - спытала-сцвердзіла Багута, вывучаючы смуглявы твар, занадта нервовы для мізантропа. Граф перавёў на адзіную ў кампаніі кабету спакойны позірк шэрых вачэй.
- Той, хто кажа, што любіць дарагое наша чалавецтва ўцале, ці ілгун, ці сам сабе тлуміць галаву. Любіць можна таго, каго ведаеш, і ў абмежаванай колькасці асобінаў. Я сустракаў людзей, вартых любові і павагі. Няшмат, але мне досыць. І асабліва не люблю тых, хто спрабуе згаданае чалавецтва перавыхаваць, перарабіць на свой густ і, зразумела, ашчаслівіць. Як сведчыць гісторыя, агульнае шчасце такія дабрадзеі заліваюць чалавецтву ў глотку гвалтам, як расплаўлены свінец, і эпоху доўга ванітуе крывёй.
- Вы не верыце, што можна выправіць сацыяльную несправядлівасць? - Ніхель перастаў ветла ўсміхацца, шкельцы ў ягоных акулярах нібыта пацямнелі.
- Ну чаму ж, веру, нават чарнаскурых рабоў вызвалілі ад рабства, - прагаварыў Каганецкі. - Але любая высакародная справа прыцягвае зашмат паразітаў, якія высмакчуць урэшце яе сутнасць. Вось, адзін з экспанатаў сямейнага музея...
Граф падыйшоў да шафы з чорнага разнога дрэва, падобнай да труны, адчыніў шуфляду, якая жаласна зарыпела, і дастаў бясформны срэбны злітак памерам з два кулакі. Нават археолаг Калоцкі не змог вызначыць, што гэта было.
- Мой дзед вучыўся ў Віленскім шляхецкім інстытуце, - змрочна пачаў апавядаць граф. - Ён, як і многія студэнты, увайшоў у таемнае таварыства філарэтаў. У нармальным грамадстве мэты такога ўтварэння былі б толькі ўхваленыя: прысвяціць жыццё асветніцтву народа, збіраць ягоны фальклор, набываць веды. Весці цвярозы лад жыцця... Але тыраны заўсёды лічаць, што няхай лепей малады чалавек будзе блытацца па тлумных вечарынках з віном, паскуднымі песенькамі і дурнымі гульнямі ў фанты, чым стане развітай асобай, якой не загадаеш думаць так альбо іначай. Сяброў таварыства выкрылі, быў ганебны працэс з неапраўдана жорсткім следствам і прысудамі. Сенатар Навасільцаў раздзімаў справу, як мог, ператварыў падлеткаў у вачах царскага двара ў нейкіх усемагутных монстраў, чым зрабіў сабе кар’еру. Усе юнакі трымаліся годна, і падчас доўгіх катаванняў, і на судзе... А іхнія каты і даносчыкі, адпаведна, павагай не карысталіся.
Каганецкі правёў пальцам па пашкоджаным носе - Багута падумала, што ён, напэўна, увесь час памятае пра сваё калецтва, - і працягваў:
- Адным з самых непаважаных у Вільні стаў прафесар Аўгуст Бекю, выдатны фізіёлаг і гігіеніст, які першым пачаў рабіць на гэтых землях прышчэпкі ад воспы, але вось - вырашыў, што ягоны доўг змагацца з мярзотнікамі, якія разгойдваюць сістэму. Ён дапамагаў Навасільцаву вынішчаць парасткі бунту... І ў хуткім часе пасля суда над філаматамі
- катарга, высылка, здача ў салдаты - яго, па перакананнях віленчукоў, напаткаў Божы суд. Аўгуста Бекю забіла маланка проста ў ягонай спальні. А срэбныя манеты, якія ён нібыта атрымаў ад Навасільцава за сваю здраду і хаваў пад матрацам, сплавіліся вось у гэты злітак...
Калоцкі, які ў гэты момант трымаў у руках загадкавы прадмет, грэбліва кінуў яго на стол, ажно дзынькнулі лыжкі ў кубках.
- І як жа гэта апынулася ў вашым доме?
- Дакладна не ведаю, - змрочна адказаў пан Шымон. - Мусіць, спадчыннікі Бекю не надта гарэлі жаданнем трымаць дома такі сумніўны рарытэт, і дзед гэты “злітак Юды” ці выкупіў, ці выпрасіў на памяць. Дзеду тады пашанцавала, ён абыйшоўся толькі выключэннем з інстытута, давучваўся ў Санкт-Пецярбурзе. Разумееце, у любога жывёльнага віду заўсёды спрацоўвае інстынкт - ратаваць моладзь, падлеткаў, якія працягнуць, абароняць род. А чалавек імкнецца сваім птушанятам з дзяцінства перабіць крылы.
- Вы сапраўды верыце ў Божую кару? - ляніва запыталася Багута, дэманстратыўна запаліўшы тонкую цыгарэтку ў касцяным муштуку. Яна ведала, як шалеюць ад такога відовішча старасвецкія паны, і манерна выдыхнула ў бок гаспадара струмень дыму, быццам насылала сурокі. Граф нібыта не заўважыў абуральных паводзінаў госці.