- Вось чым адрозніваецца сапраўды чалавек ад жывёлы - дык тым, што акрамя звера, у ім жыве і Бог. Але мы даем волю зверу, і Бог пакідае нас.
Ад таго, як граф гэта сказаў, Багуце стала непамысна. Гэта прагучала, як быццам чалавек паведаміў, што ў яго апошняя стадыя рака.
- Ну тады я ўвогуле не разумею вашай філасофіі, - Ніхель адкінуўся на зэдліку, адбіваючы на цёмнай сталешніцы стала, за якім шляхціцы мінулых стагоддзяў падымалі срэбныя кубкі з медавухай, рытмы полечкі.
- Да ўсяго вы яшчэ і забабонны чалавек. Але ж вы не будзеце адмаўляць, што прырода - гэта ланцуг стрававання, дзе ўсе ядуць адзін аднаго без усялякіх сантыментаў?
Граф нахмурыўся.
- А вы ўжо вырашылі, што я гатовы садзіцца за стол з дзікімі мядзведзямі? Я не толькі вучоны, але і паляўнічы. І без сантыментаў падстрэльваю трапяткую кранальную казулю, калі трэба карміць экспедыцыю, і гордага тыгра, на якога напароўся ў джунглях. Мне было восем гадоў, калі маю маці за тры вярсты адсюль, на дарозе, задзерлі ваўкі.
Госці агаломшана замёрлі, Багута ледзь не ўпусціла цыгарэту.
- Тады бацька прызначыў узнагароду ў дваццаць рублеў за кожную галаву ваўка ці ваўчаняці. З таго часу ў гэтых лясах драпежнікаў няма. Акрамя людзей, вядома. А да іх мне, прабачце, ніякай справы.
Вось яно што, дзіцячая траўма... Таму й такі дзіўны характар. Багуслава ледзь не пасміхнулася.
- Я разумею вашую нелюбоў да гэтых мясцін. Але ваш продак, сябар таварыства філарэтаў, не быў такі абыякавы да лёсу края, - з абвінавачваннем у голасе заявіў Калоцкі. - Няўжо вам абыходзіць, што цэлы народ жыве, пазбаўлены асветы, без права на друкаванае слова і адукацыю на роднай мове, проста на тое, каб заставацца самім сабой? Няўжо вас больш хвалююць праблемы шымпанзэ Танзаніі?
Аблічча Каганецкага пацямнела.
- Вось толькі не трэба ўпікаць мяне ў абыякавасці да беднага гаротнага народа і роднага куточка. Сумленне маё ўздумалі абуджаць? Тое, што я жыву не тут, прыязджаючы раз на год, не мой выбар, і абумоўлена дастаткова важкімі прычынамі. На жыццё сабе зарабляю лекцыямі, публікацыямі і здабычай рэдкіх звяроў для заасадаў. Мая нябожчыца-мачыха, якая кіравала гаспадаркай пасля смерці бацькі, упэўнены, не прыгнятала нашых нешматлікіх арандатараў. Яе брат, доктар, якога я пакіну ўсім тут распараджацца, таксама чалавек адукаваны, спагадлівы. Даходы ад нашых уладанняў у Жухавічах і Пагневічах збольшага ідуць на ўтрыманне ягонай бальніцы. Я нікому тут нічога не павінны. І пасля смерці пані Антаніны нічога мяне тут не трымае. - Каганецкі ледзь чутна ўздыхнуў, відавочна адганяючы прыкрыя ўспаміны. - І дом перадам для патрэб бальніцы. А тое, што знаходзіцца ў ім - зло, не меншае, чым гэты злітак. Што тут выклікае ў вас замілаванне? Кнігі заклёнаў, па якіх сурочана не адна бязвінная маладзіца? Вось гэты хамут, які ў вёсцы выкарыстоўвалі для пакарання нецнатлівых дзевак? Ці гэты паганскі стод, у драўніну якога ўелася кроў ахвяр? Сведчанне людскога паскудства? Можа, і добра, што не даводзіцца мне жыць сярод народа з такім “духоўным багаццем”. Ды каб не бацькаў запавет, які загадваў мачысе захоўваць тут усё непарушным, я б ужо даўно калекцыі гэтыя знішчыў. Цьху... Сцярвятнікі вы ўсе...
Каганецкі рэзка ўзняўся і, пакульгваючы, адыйшоўся ў другі канец пакоя.
- Вы проста не ведаеце свайго народа! - тонкі, трохі хрыплы голас Масевіча дрыжэў ад абурэння. - Тое, да чаго мае дачыненне сабранае тут
- толькі адзін бок фальклору. А колькі мудрасці, дабрыні, прыгажосці і розуму можна знайсці ў народных песнях і легендах, казках і прымаўках! Вы чыталі працы Паўла Шэйна ці Івана Насовіча па беларускім фальклоры? Ці хаця б - вам жа гэта блізка - даследванні Паўла Шпілеўскага пра ваўкалакаў... Вядома, не, што я пытаюся... - Давыд інфантыльна махнуў рукой і працягнуў далей. - Я ж вырас у гэтым самым мястэчку Б*, у якім для вас, сталічных штучак, напэўна нічога цікавага. Але адна мая бабуля, беларуска, у дзяцінстве мне распавядала пра вужынага караля ў залатой кароне, які жыве на дне дрыгвы ў бурштынавым палацы і прыпаўзае на наш ганак апоўначы, другая, габрэйка - пра анёла, што кожны дзень кладзе на маю падушку нябачную карону з пер’яў. А калі выходзіла замуж мая цётка, малодшая сястра маці, на яе вяселлі танцавалі казачок, галападу, бейгеле, хасідл, а ў завяршэнне - кантрданс. Дзе на зямлі яшчэ можа быць такое скрыжаванне культур? І для чалавека, які сам знаходзіцца на такім скрыжаванні, які шукае сваё месца - тут яно знойдзецца. Павярніся да гэтай зямлі, шчодра палітай крывёй, ад якой адракаюцца нават родныя дзеці, і ты не будзеш чужынцам у самоце яе. Я захапіўся этнаграфіяй пасля таго, як знайшоў у доме цёткі «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці», патрапаную брашурку з сухім кляновым лістом замест закладкі. Яе ў 1867-м разаслаў па ўсёй Беларусі, шукаючы памагатых, мой цяперашні настаўнік, Павал Шэйн, сын магілёўскага купца-габрэя Мафіта Шэйна, вялікі вучоны і сябар Льва Талстога. У адным ягоным зборніку больш за тысячу беларускіх народных песень! Дарэчы, ён і сам іх цудоўна пяе... - Масевіч заперхаўся ад узрушэння, аддыхаўся і працягваў.
- Уяўляеце, пару тыдняў таму я запісаў ад бабулькі на хутары, вёрстаў за дзесяць адсюль, песню “Англеза танец прамінада”. Старажытны ангельскі прыдворны танец англеза згадваецца ў курной хаце! Адкуль бабулькіны продкі гэта расчулі? Спыняўся на іхнім хутары падчас палявання якісь князь? Ці хтось служыў у палацы? А вы ведаеце, пан заолаг, што апошні аднарог Еўропы быў злоўлены тут, на Беларусі? На Случчыне, асабіста князем Алелькавічам? І рог таго адзінарога значыўся ў рэестры скарбаў князя Гераніма Радзівіла. А яшчэ зуб дракона! Вас і гэта не цікавіць?
Каганецкі стаяў спінай да вакна, цень хаваў недахопы знешнасці, напяты сілуэт здаваўся выразаным з чорнай паперы: доўгія валасы ляжаць на ганарыста распраўленых плячах, рукі скрыжаваныя на грудзях, не хапае толькі шаблі пры баку.
- Не ўчыняйце мне іспытаў, літасцівыя паны! Я прафесар Венскага ўніверсітэта, а не студэнт. А вы - хто? Два местачковыя патрыёты плюс два нігілісты з фотаапаратам, прычым адзін з іх - дама-суфражыстка... Замілаванне родным куточкам і бедным мужычком не павінна даходзіць да абсурду. Да адмаўлення фактаў, якім паскудным можа быць той мужычок і якія подласці творацца ў “родным куце” нават самымі прагрэсіўнымі людзямі.
Заолаг зрабіў некалькі няроўных крокаў па пакоі, жадаючы, відаць, супакоіцца.
- Я не часта бываю на радзіме, але і да мяне тое-сёе даходзіць. Хто здаваў паўстанцаў расійскім жандарам? Свае ж. Хто адварочваўся, як толькі трымацца было нявыгадна, ад роднай мовы і сямейнай рэлігіі? Нашы, тутэйшыя. А ў 1881-м, калі забілі Аляксандра Трэцяга, пагромы дайшлі і да вашага ўлюбёнага мястэчка Б*, сям’я аднаго крамніка ажно ў Жухавічах ратавалася, і для мяне аднолькава быдлячая сутнасць і ў пралетарыя з цаглянага завода, які з іконай наперавес ідзе біць вокны іншаверцам, і ў палымянага рэвалюцыянера, які гэта ўхваляе.
- Разумею, на што вы намякаеце. Але Вера Фігнер парвала “рэвалюцыйныя” лістоўкі, якія апраўдвалі такое “змаганне з эксплуататарамі”, і я з ёй салідарны, - Ніхель сунуў рукі ў кішэні, як заўсёды рабіў, калі хацеў, каб вораг не заўважыў ягоную гатоўнасць да бойкі. - Нельга вінаваціць увесь народ за кучку нягоднікаў і проста абдураных.
Каганецкі толькі пагардліва фыркнуў:
- Ды вы адзін аднаго ненавідзіце і зразумець не можаце, а хочаце зразумець “народ”. Прысягнуць магу - для вас за гэтым словам крыецца абстрактнае паняцце і апраўданне любых вашых пражэктаў і авантураў. Чароўныя словы “дзеля народа” - і вар’яцтва робіцца подзвігам. А самі, прыехаўшы, прыслугу сабе запатрабавалі! Усё, інтэлектуальны пралог скончаны. Слова сваё назад не забяру - фатаграфуйце і сёння ж вымятайцеся.
Каганецкі рэзка павярнуўся і рушыў да выхаду, кульгаючы больш заўважна. У гэты момант шыба, ля якой ён толькі што стаяў, нібы ўзарвалася. У пакой заляцела, як шляхецкі наезд, восеньскае паветра.
Граф толькі азірнуўся з незразумелым выразам на разбітае вакно і хуткім крокам выйшаў з пакоя, нічога не сказаўшы. Калоцкі і Масевіч, збялелыя, застылі, аднолькава ўгнуўшы плечы. Падаць на падлогу, хавацца, адпаўзаць? Ніхель з пісталетам у руцэ прыціснуўся да сцяны ля вакна, асцярожна вызірнуў праз утвораны прагал на двор.
- Думаю, стралялі з паляўнічага ружжа... Здалёк, усляпую. Добра, што ўсе дрэвы вакол будынка высечаныя, але лепей перад вокнамі больш не стаяць, спадарства.
- Ды што ж гэта... Ды як жа... Якога лысага чорта... - бязладна мармытаў Давыд Масевіч, абціраючы вільготны лоб. Калоцкі, спрабуючы стрымаць дрыготку вуснаў, падазрона ўтаропіўся на Ніхеля:
- Ці не за вамі гэта з’явіліся госці, пан Варакса?
- Думаю, што не, - Багуслава нажом выкалупала кулю з драўлянага пачарнелага слупа, які мусіў для продкаў увасабляць бога Хорса, і цяпер круціла яе ў пальцах, быццам здабытую са дна мора перліну. - Срэбрам, ды яшчэ пазначаным крыжам, у нас яшчэ не пулялі.
У маёнтку Жухавічы была раніца.