Не бракавала тут калісь і паляўнічых... Вадзіліся магутныя туры і лемпарды... Але ўжо ў шаснаццатым стагоддзі ўладальнік гэтых месцаў
Крыштаф Радзівіл пісаў да Канстанціна Астрожскага, упрошваючы здабыць яму ў ягоных падапечных, маладых князёў Сапегаў, лемпарда дзеля звярынца. Бо ільва Крыштаф знайшоў, прывезлі з-за мора, а лемпардаў тутэйшых усіх выбілі.
Не дзіва - што можа лепей упрыгожыць драгуна ці крылатага гусара, чым зухавата перакінутая цераз плячо залацістая скура ў чорныя плямы!
Каго толькі не выбілі ў тутэйшых нетрах. Феніксаў, аднарогаў, паўстанцаў... Даўно сцежкі гэтага лесу не тапталі ні туры, ні лемпарды. Дый мядзведзя, звыклага ліцвінскага тулягу, было сустрэць няпроста. Што з важнай мінай і паведаміў Багуславе археолаг-магістрант Міхал Калоцкі - ясна, з падтэкстам, каб супакоіць паненку наконт нападу звяроў. Багуслава тут жа халодна выказала шкадаванне, што не будзе ёй на кім практыкавацца ў кіданні стылету... Ну і крутанула ў пальцах маланкава выхапленае з рукава лязо, каб кола срэбнае ў паветры ўтварылася. Дзіцячы такі выпад... Надта ж захацелася нагадаць правільнаму юнаку, з кім звязаўся, а то ён нібы вызначыцца не можа, ці драпежная пачвара, ці эксцэнтрычная, але прывабная дама з імі едзе.
Калі шчыра, дык Багута зусім не так вольна пачувалася ў лесе - было ўладанне лесуноў для яе стыхіяй варожай і незнаёмай. Як пакінула пансіён -так усё па гарадах ды мястэчках і бадзялася з Ніхелем. Мінулае ўяўлялася шэрагам пракураных пакояў у прыдарожных гатэлях ды здымнымі кватэрамі з паркалёвымі шпалерамі і забытай кімсьці на трумо сетачкай для набрыяліненых валасоў. А сібірская тайга з успамінаў дзяцінства - гэта кшталту заснежанага пекла, дзе знікаюць збеглыя ссыльныя, толькі аб’едзеныя ваўкамі іхнія косткі знаходзяць па вясне.
А тут яшчэ шчуплы Давыд ускочыў на родны ўслончык ды пачаў расказваць сваё, этналагічнае. Маўляў, звяры ў лесе вакол Жухавіч зніклі таму, што тут, паводле пераканання мясцовых жыхароў, водзяцца ваўкалакі. Выдаў цэлы тузін баек пра пераваратняў, запісаных ім асабіста ад гаваркіх бабулек ды дзядулек. У жахалках фігуравалі зачараваныя пасы, якія рассцілалі на шляху таго, каго задумалі гвалтам ператварыць у звера, і такія ж зачараваныя нажы, колькасцю ад пяці да дванаццаці, цераз якія ўжо самому ваўкалаку трэба перакульвацца, каб вярнуць чалавечае аблічча. Свісталі пазначаныя крыжам срэбныя кулі, разляталася на друз выбітае дужым звярыным целам вакно ў царкве - уздумалася ж камусь завалачы туды няшчаснага пярэваратня... Тут жа Давыд - ажно запалыя шчокі гарэлі румянцам - параўноўваў усё з замежнымі міфамі, напрыклад, што згодна сербскаму Намаканону па спісе 1262 года «Влькодлаци лоуноу изедоше или слнце», што значыць, з’ядаюць месяц і сонца, а гэта дазваляе правесці паралель з салярным міфам і супаставіць ваўкалака як архетып з цмокам... У Старым Запавеце Іерэмія казаў пра “ваўка пустэльнага”, а Навухаданосар за грахі свае стаў напалову зверам. Адны з ікластых істотаў-двудушцаў мусілі заставацца ў скуры, пакуль не здымуць з іх праклён, іншыя пакрываліся поўсцю час ад часу. Было і мноства рэцэптаў, як пазнаць зачараванага. Зверам ён спрабуе падсмажыць мяса на вогнішчы, забытым пастухамі, возіць пысай па расістай траве - мыецца, тужліва вые на ўсход - моліцца, заўсёды самотны, а калі яго забіць і садраць скуру - пад ёй акажацца сатлелае чалавечае адзенне... Калі ж вяртаецца ў чалавечае аблічча, фізіяномія застаецца перакрыўленая, срэбра баіцца, пад поўню не выходзіць, і пах ад яго агідны... Яшчэ адна асаблівасць мясцовых ваўкалакаў - яны асабліва не любілі чужынцаў- нападнікаў. Прыйшлі шведы - ваўкалакі пагрызлі цэлы гарнізон. Татары лагер разбілі- таксама ноччу горлы ім параздзірала пачвара. Маскоўскае войска прыйшло да муроў мястэчка - маскоўцаў звер пагрыз. Французы заявіліся - таксама перапала ад ікластых. Давыд Масевіч тлумачыў тое архетыповай функцыяй татэму, абаронцы роду, якім у мясцовых неадменна з’яўляўся воўк, што пацверджваюць не толькі хронікі Герадота, але і некаторыя гербы мясцовай шляхты.
Карацей, як штурхнуў матавіла, дык да Вільні круціла.
Лес чорны, дарога гразкая, а там, дзе лес на нейкі час адступіў далей, і на змену гонкім соснам выкульгвалі скалечаныя, скурчаныя асіны, было яшчэ горш - балота. Шлях ператвараўся ў грэблю - па абодва бакі была дрыгва, над якой калісьці наслалі целы тых жа соснаў і прысыпалі зверху зямлёй. Па балатах Багуце ўвогуле ні разу не даводзілася вандраваць, за што яна была шчыра ўдзячная лёсу.
Дзякуй Богу, даехалі да Жухавіч засветла.
Таму што ў цемры было б яшчэ больш жудка... Глухі лес вакол, агароджа з ваўчынымі галовамі, якія шчэрацца з іржавых прэнтаў. У канцы прысадаў цямнее панскі дом з шэрага каменю, сіратліва свеціцца ўжо запалены самотны агеньчык ліхтара. Добра хоць, нехта з уладароў загадаў заміж соснаў пасадзіць уздоўж прысадаў ліпы - але гэтыя дрэвы, такія звычайна ветлыя, тут выглядалі, як згалелыя да рыззя старыя купчыхі. Яны ў адчаі цягнулі да неба рукі з лахманамі апошняй брунатнай восеньскай лістоты, якая ўжо і не памятае, што была залатой.
Калоцкі, які спраўляўся за фурмана, нацягнуў лейцы, утаропіўшыся з жахам і захапленнем на тое, што ўзвышалася злева паміж чорных целаў ліп. Багута недаўменна зірнула: на рудой траве ляжала некалькі вялізных камянёў, усцягнутых адзін на адзін, быццам волатава дзіця замест снежнай бабы ляпіла каменную. Збудаванне і сапраўды нагадвала жаночую фігуру: у верхнім камяні паўсляпыя страшныя выёміны-вочы, кірпаты нос, расселіна-рот, ніжэйшы камень раздвойваўся, як грудзі... Падобна, гэта быў старажытны стод, аб чым і перакідваліся вучонымі тэрмінамі студэнты.
- Глядзі, там далей, злева, Хорс! Далібог, выява Хорса! - Давыд саскочыў з брычкі і, паперхваючы, пашкандыбаў да чарговага рарытэту, на гэты раз драўлянага - пачарнелы патрэсканы слуп з падабенствам конскай морды наверсе. Міхал Калоцкі, кусаючы ад нецярпення пульхныя вусны, падагнаў за сябруком гнядога каня, цярплівага і панылага, якім толькі і можа быць бяспраўны найміт, які бясконца мяняе часовых гаспадароў. Студэнты разглядалі злавесны слуп, быццам наведнікі Мулен-Руж красуньку, якая танцуе канкан. Як жа нязручна мець справу з энтузіястамі!
За спінай апошні раз бразнулі вароты. Багута азірнулася: слуга, старанна зачыніўшы ўсе засовы, ішоў пругкай размашыстай хадой, трохі пакульгваючы, услед за гасцямі, а за спінай яго - далібог - тырчэла стрэльба... Дзяўчына абмянялася позіркам з Ніхелем: спрактыкаваны стары ваяр таксама прыкмеціў патэнцыйную небяспеку. Такое правіла: у любым месцы, самым сяброўскім, прыкмячай, хто можа табе стаць супернікам у бойцы.
Вецер кінуў у твары па прыгаршчы халодных кропляў, Ніхель прыспешыў Калоцкага, той прыспешыў каня, і дом з век непатрэбнымі рэвалюцыйнай справе скарбамі пачаў набліжацца. Багуце карцела выхапіць у мядзведзяватага Калоцкага лейцы, развярнуць брычку ды галопам - назад, да брукаваных вулак, пякарняў ды свежых газетаў.
Зноў сыпануў дробны дожджык, ад якога хацелася адмахнуцца, як ад машкаты. Дом быў выкладзены так званай “разынкавай” кладкай: паміж шэрых камянёў у расчынні цямнелі дробныя каменьчыкі, як разынкі. Вузкія вокны з аблезлымі драўлянымі рамамі, калісьці фарбаванымі ў белы колер, зялёна-шэрая, як спіна старой чарапахі, чарапіца на даху і навесе над ганкам, які абапіраўся на дзве нязграбныя калоны. Над уваходам мацаваўся высечаны з мармуру герб: падзеленае на дзве часткі поле шчыта, у левай частцы - рука ў рыцарскай пальчатцы трымае меч, у правай - прадказальна - ашчэраная ваўчыная пыса са смешна высалапленым языком, быццам геральдычны звер падрыхтаваўся лізаць цукровага пеўніка на палачцы.
Змяшанае з апошнімі промнямі дня святло ліхтара, павешанага на жалезны крук злева ад дзвярэй, нагадвала, што вось-вось сцямнее. Другі такі ж ліхтар свяціўся на доўгай прыбудове злева ад дома - стайні былі разлічаныя на некалькі дзясяткаў коней. Але ў рудой траве і гразі малавата слядоў колаў і капытоў. Ніхто не спяшаўся і сустракаць прыезджых, якія разгублена тапталіся перад ганкам, дом здаваўся мёртвым, бы леташняя павута.
Між тым, наблізіўся кульгавы слуга, які ўпускаў прыхадняў у маёнтак. Пры больш пільным паглядзе ён нагадваў не лёкая, а ляснічага: абветраны смуглявы твар, якому ўмяціна на пераноссі дадае ваяўнічасці, хада і пастава чалавека, што часта вандруе пешкі і звыкся да небяспекі.
- Коней можаце паставіць у стайню, там, дзе гарыць ліхтар, - уладна заявіў смуглявы, няўважна махнуўшы рукой. - Спадзяюся, паны справяцца з гэтым. Рэчы таксама давядзецца занесці ў дом самім, - цяпер у голасе гучала амаль непрыхаваная насмешка. - Прыслугі, перапрашаю, няма.
Міхал Калоцкі як правадыр фатаграфічна-этнаграфічай экспедыцыі ступіў наперад:
- А ці ёсць пан Шымон Каганецкі? Ён сам запрасіў нас!
Незвычайна светлыя на смуглявым твары шэрыя вочы раздражнёна
бліснулі:
- Запрашаў? Правільней сказаць, дазволіў прыехаць. І не магу прызнацца, што надта гэтаму рады.
Вось табе маеш чорта ў буслянцы. Пан Варакса Ніхель ветліва пакланіўся, перахапіўшы ролю правадыра кампаніі ў Калоцкага:
- Трэба разумець, маем гонар бачыць перад сабой графа Шымона Антонавіча Каганецкага?
Гаспадар не зварухнуўся.
- Не ведаю, у чым вы бачыце гонар, але так, я граф Шымон Каганецкі. Спадзяюся, наша знаёмства будзе максімальна неабцяжарвальным для абодвух бакоў і нядоўгім. Калі б вы, пан Калоцкі, - гаспадар беспамылкова кінуў востры позірк на археолага, - не спаслаліся на аўтарытэт вельмі паважанага мною прафесара Заменцкага, я б адмовіў адразу. Скажу шчыра
- мне не да вас. І, спадзяюся, умову маю памятаеце: ніякіх кранальных размоваў пра мае намеры, святую навуку і цемрашальства. І нікуды не заходзіць без майго дазволу. Інакш выганю.
Каганецкі сказаў гэта так, што не падлягала сумневу: як што ўпоперак
- павыкідвае за браму з ваўчынымі пысамі адзін усіх, нават плячыстага Калоцкага. Праўда, пасміхнулася пра сябе Багута, гэты хамаваты графчык не падазрае, што гадзюкаў, такіх, як яна з Ніхелем, нельга чапаць нават за хвост. Пан Варакса зноў ветліва пакланіўся: