1
Усе мае пакуты хутка скончыліся. Нечакана мне дапамог наш швейцар, пан Войцех.
Аднойчы пад канец заняткаў я пранік у ліцэй і стаіўся ў калідоры. Больш паспешліва, чым звычайна, снавалі выкладчыкі, таропка прабягалі з класа ў клас ліцэісткі. Усе яны бытта і праўда былі заняты, а на самой справе прагаладаліся і паспяшалі дадому.
Мой план быў просты: Дануся будзе ісці, мы павітаемся, пачнём гутарыць, і я запрапаную схадзіць на гару. Так ёй аб гэтым і скажу — проста і без абінякаў. Ва мне ўжо настолькі паспела рашэнне, што яшчэ ўчора ніякай сілай я сябе не прымусіў бы гэта зрабіць, а цяпер мне здалося зусім простым і звычайным. Толькі выбраў нязручны момант, трэба было ісці вартаваць яе на вуліцу.
Калі я ўжо выходзіў, мяне перапыніў пан Войцех:
Янэк, ты што тут робіш?
Проста сабе зайшоў...
Ага, ішоў, ішоў і зайптоў! Проста!..
Ну...
Кунцэвіч вызываў чагосьці...
Зноў маніш!
Праўда, праўда, Кунцэвіч...
А чаму мне ў вочы не глядзіш?
Я вас, ухажораў, усіх па вачах пазнаю!.. Ладна. Хадзі са мной!— адзваніўшы на ўрок, пазваў мяне стары ўніз да дзяжурнага стала.
Я ведаў, чым магла скончыцца для швейцара мая прысутнасць у ліцэі, таму адчуў да старога ўдзячнасць.
Ну, кажы як на споведзі перад ксяндзом, каторая табе тут папала ў вока! Прызнавайся! — ні то жартам, ні то сур'ёзна спытаўся ён, заглядваючы мне ў вочы.
Ад хітрых, дабрадушных вачэй старога я паступова пачаў размякаць, але маўчаў.
Чаго раскіс? Паглядзі на сябе ў люстэрка! Ты ж увесь скрыў-лены, як серада на пятніцу, як пабітая баба! Яшчэ і не спіш недзе, уздыхаеш, а з-за чаго? Каб потым, калі даб'ешся, сказаць сабе: «Ну і дурань жа быў!»
Не даб'юся...— выдаў я сябе, і штосьці мяне сціснула за горла.
Не сумнявайся! — суцешыў стары як малога.— Я дапамагу!
Вы?
— Го, колькі вашага брата па свеце, каму памог!..
У калідоры з'явіўся настаўнік, і стары змоўк. Калі пагроза мінавала, ён загадаў:
Пішы запіску, перадам!
Запіску?
Пішы, пішы! Няма чаго з імі асабліва цырымоніцца, будзь мужчынам!
Запіску, гы?!.
А што, непісьменны?.. Глядзі, колькі мне іх перадаваць! — дзядзька адкрыў шуфляду і паказаў з дзесятак заклееных канвертаў без марак.
Я тады ўспомніў, як яшчэ мінулай восенню каля Войцеха заўсёды круціліся старэйшыя вучні ўсіх амаль віленскіх гімназіяў, а ліцэісткі часта да яго падбягалі і таямніча шапталі:
Для мяне нічога няма?..