Помніцца, мы лезлі на гару. Перада мною — стройныя ногі, на якіх галінкі пакінулі белыя крэскі.
Добра запомнілася, як Дануся стаіць наверсе і з жаночай няз-грабнасцю — аднолькава левай і правай рукой — кідае ўніз каменьчыкі ды просіць:
Ану, цяпер пан!
Мяне ў гэты час апанавала жаданне парысавацца. Я скакаў з абрыву, кідаў вялікія каменні, пераскокваў яры. Як тады не скруціў сабе шыі, не зламаў нагі, не ведаю! Кажуць, п'яным і закаханым заўсёды шанцуе. Не ручаюся за п'яніц, бо п'яным ніколі не быў, а закаханым, відаць, праўда шанцуе, і яшчэ як.
Я нават не бачыла, каб мужчына так скакаў! — шчыра дзівілася Дануся, калі я, знайшоўшы кавалак тэлефоннага кабеля, паказваў сваё майстэрства.
З-за адной гэтай пахвалы варта было перацярпець кулакі рыжага капрала і нудныя практыкаванні педанта Левандоўскага.
Трымаліся мы зводдаль, стараючыся не сустракацца вачыма. Нібы займаліся кожны сваім, але гэта было няпраўда. I хоць Дануся часта вохкала, любуючыся краявідамі, я выразна чуў у яе голасе і нейкі страх, і заахвочванне, і дрыжанне, а мае паводзіны былі як бы часткай паводзін і яе.
Часамі яна нагадвала дзіця, якое вырвалася на волю і старалася нацешыцца, пакуль не пакліча маці.
Яшчэ перад спатканнем я добра абдумаў, куды і як пойдзем. Мы ўзабраліся на аблюбаваную гару, нікога не спаткаўшы. I на вяршыні нас ніхто бачыць не мог, затое мы бачылі ўсё.
Няёмкасць, якая была пры спатканні ля студні, прайшла. Абое мы нібы ап’янелі, нават пустая гаворка нам здавалася значнай. Я пра нешта выхваляўся, гаварыў рукамі, плячыма, выхадкамі. Дануся слухала, глядзела, смяялася.
У дзяцінстве я верыў у казкі пра рай. I цяпер у мяне было адчуванне, бытта знаходжуся ў гэтым самым раі. I не было курсаў.
Не было сотні праклятых паўлітровак, якія мне, соннаму, заўтра на світанні трэба разносіць па кватэрах.
Не было маёй вёскі, бацькоў і надзённых клопатаў.
Вакол ззяла вясна, існавалі Дануся і я. Гучалі цудоўныя мелодыі, зіхацела сонца, а час спыніўся, застыў.
Я некалі марыў, як прытулю яе да грудзей, сваімі вуснамі самну яе вусны, а на гары баяўся да яе нават дакрануцца. Як зачараваны таропіў на паненку вочы, маўчаў.
Ёсць нейкія амаль няўлоўныя рысы, па якіх можна адгадаць нацыянальнасць чалавека. Многім полькам была ўласціва некаторая сухасць, што ішла ад набожнасці. Але ў Данусі гэтага не было і следу.
У паненкі былі блакітныя вочы і гладкі лоб з выразнымі тонкімі бровамі, прывабныя вусны.
У яе яшчэ згадвалася парода, якую, відаць, выводзіла не адно пакаленне старажытнага роду. У пругкім целе аж кіпела здароўе. А зубы і валасы паненкі вылучалі лёгкі бляск.
Калі яна смяялася або гаварыла, смяялася і гаварыла ў ёй усё: пастава, твар, бровы, лоб, а найбольш — вочы. Яны мяняліся тысячу разоў і мелі неабмежаваны ўплыў на мяне. Узіраючыся ў іх, я бытта нешта піў, піў, піў і не мог ні напіцца, ні адарвацца.
А мы паляністу на ўроку зрабілі кацячую музыку!..— пахвалі-лася яна.— Такі наладзілі прыма апрыліс, што бегаў скардзіцца дырэктару!
Першага красавіка і нашы курсанты выкарысталі для звядзення рахункаў з нелюбімымі настаўнікамі.
Залескаму?!— узрадаваўся я вельмі, што яна ў зговары са мной.
Адзін апрыліс ужо прайноў, але я ўспомніла пра стары стыль. Ну, думаю, пачакай!.. А ўчора на гісторыі пан прафесар нам зачытваў дакументы Ягелы з Вавеля. На беларускай мове кароль пісаў...
Ведаю...
Я адчуў, што праз гэты факт вырастаю ў яе вачах яшчэ больш.
Беларуская — тады была прыдворнай мовай, побач з фран-цузскай і лацінскай!— выкладваў я ёй звесткі, атрыманыя ад Луцэвіча з музея...
Мы прабылі так разам мо гадзіны дзве, раптам Дануся спахапілася:
О-ей, трэба ісці...
Ужо-а? — прачнуўся я.
Мне час...