— Не бойся, мама. Мы толькі «пообщаемся».
Пакінулі яе ў неспакоі, закрочылі на Падгорную.
У прыёмнай начальніка міліцыі ix затрымала сакратарка:
— Грамадзяне, таварыш Міхайлаў заняты.
— Зноў — бюракратыя! — абурыўся Лашковіч, з непрыязню акідваючы позіркам новыя плакаты i лозунгі, вывешаныя на сценах.
— У таварыша Міхайлава сялянская дэлегацыя,— патлумачыла маладзіца, занелюбіўшы Лашковічаў рэзкі, нават грубы тон.
Лашковіч змаўчаў, сеў на адно з крэслаў, што стаялі ўздоўж сцен, паклаў нагу на нагу. У гэтую хвіліну яго аж захліствала злосць: ён вымушаны сядзець, чакаць, цярпець, падпарадкоўвацца таму, з кім некалі аднолькава былі бяспраўныя, пакутавалі на катарзе.
Распаляўся, гарэў ад злосці, хоць адчуваў: трэба супакоіцца. Іначай з разумным, разважлівым Фрунзе не паспрачаешся. Што ні кажы, той непахісны баец, спрактыкаваны палеміст, мудрэц, асоба!
Чакалі не доўга. Неўзабаве з кабінета сапраўды выйшлі два вясковыя дзядзькі — адзін у салдацкіх паношаных ботах, у шынялі, сівы, a другі ў валенках i кажушку, лысы. Абодва трымалі аблавушкі ў руках, а следам за імі крочыў гаспадар кабінета.
— Дык, можа, пан начальнік, усё ж далі б нам паперку,— азіраючыся, гаварыў дзядзька ў валенках i кажуху.
— Якую? — усміхаўся Фрунзе.
— Ну, што можна нам самім браць зямлю...
— Не, я такой паперкі даць не магу...— прамовіў Фрунзе, падняў вочы, убачыў ix, новых гасцей, i, здаецца, сумеўся.— Але вось «Правду» з адпаведным артыкулам Леніна чытайце i дзейнічайце так, як там напісана... Да сялянскага з'езда рыхтуйцеся, будзьце гатовыя смела гаварыць пра свае інтарэсы... А мы вас падтрымаем...
— Ну то дзякуем за добрае слова,— нізка схіліў галаву дзядзька ў шынялі.
Сяляне, развітваючыся, дзякуючы (чым выклікалі ярую злосць у Лашковіча), выйшлі.
— О! —усклікнуў Фрунзе.— Бачу дэлегацыю!— Падаў руку. Яны па чарзе моўчкі паціснулі яе ў адказ.— Ух, якія злыя!..
Усе змаўчалі. Фрунзе, бачачы іхнюю зацятасць, наструніўся i паказаў на ўваход у свой кабінет — прашу, калі ласка.
У пакоі каля стала сядзеў i чытаў газету знаёмы ўжо вайсковец-прапаршчык. Згледзеўшы Лашковіча, той насупіўся i халодным кіўком адказаў на іхняе прывітанне.
— Ну, чаго, Максім, гэтак распаліўся? — запытаў Фрунзе.
— А ты быў бы спакойны, каб цябе аблаялі?
— Я перасцерагаў вас: пойдзеце на вяровачцы сваіх паноў — маўчаць не будзем...
— Ну-ну!—ухмыльнуўся Лашковіч.— Toe, што мы робім, па-твойму, толькі скокі пад панскую дудку!
— A хіба не пан Скураны штурхае вас самачынна ўтвараць свае губеранскія, павятовыя, гарадскія рады ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Бабруйску, Слуцку, Маладзечна, Оршы i перахопліваць у свае рукі ўладу? А народныя ўправы па вёсках? А намер утварыць сваё войска?
— А чаму ты, дарагі, супраць усяго гэтага? — звузіў калючыя вочы Лашковіч.
— Ды таму, што ўсё гэта трэба найперш Скураному, генералу Петрыкевічу i іншай іхняй кампаніі!
— А мне, во ім,— Лашковіч кіўнуў галавою на Васілевіча, Шуляка i Нямкевіча,— лічыш, гэта шкоднае?
— Вось ты i сам, Максім, пацвярджаеш мае словы...— пераможна ўсміхнуўся Фрунзе.— Вы — панскія падбрэхічы...
— I не сорамна табе, Арсень?
— За што? — сцяў вусны Фрунзе.
— Скажы: вы — за Часовы ўрад?