— Скажу я вам, малайцы эсэры,— адказаў Сяргеенка.— Яны, а ix i іхніх прыхільнікаў было найбольш, павялі з'езд за сабою, не дазволілі лішняй рэзкасці, добра падсыпалі ўсім, а найперш — бальшавікам, якія спакушалі мужыкоў на гвалт...
— Ну й што ж рашылі пра вайну, пра зямлю — пра тое, чым цяпер найбольш бес муціць ваду, мужыцкія галовы?
— Прызналі, што ўсе чакаюць міру, i міру справядлівага,— адказаў Сяргеенка,— што люд, які трапіў у ваенную зону, мае права сам рашаць свой палітычны лёс. Выступілі супраць таго, каб гвалтам далучаць чужыя землі i браць кантрыбуцыю. Паколькі Расія не хоча прыгнятаць іншыя народы, дык заявілі, што i яна не дазволіць, каб ёй навязалі чужую волю штыкамі. Паколькі немец можа заняволіць многія народы Расіі i падпарадкаваць ix, то «вайна павінна весціся з неаслабнай энергіяй». Пагэтаму з'езд асудзіў дэзерцірства i заклікаў сялян памагаць арміі хлебам i ўсім тым, што ўзмоцніць яе сілу, зробіць яе «апораю волі i рэвалюцыі...».
— Вот гэта добра! — паківаў тоўстым пальцам Лядзяш.— Інтарэсы арміі, інтарэсы Айчыны — найперш усяго!
Усе ўсміхнуліся — бач, які патрыёт былы казнакрад! — але ніхто нічога не прамовіў уголас.
— Па зямельным пытанні былі цэлыя баталіі,— сказаў Сяргеенка.— Адны заклікалі чакаць Устаноўчага сходу, a другія крычалі: «Няма чаго чакаць, «когда барин приедет и рассудит», a самім браць тое, што належыць нам». А некаторыя яшчэ смялей ішлі ў атаку: «Браць зямлю i нікому нічога не плаціць. Кажаце, паны плацілі? А яны адкуль грошы бралі? У нас жа грэблі. Дык давайце вернем сваё». Наспрачаўшыся, рашылі, каб «усе землі — царкоўныя, манастырскія, казённыя, удзельныя, памешчыцкія i прыватніцкія, сталі агульнанароднымі без усякага выкупу».
— Бесовское наваждение! — перахрысціўся айцец Феадор.
— Аднак бесаўскія, як вы кажаце, бацюшка, гэта значыць бальшавіцкія ўстаноўкі пра зямельнае пытанне не прайшлі. Зямельныя надзелы, сказана, варта даваць толькі тым, хто можа абрабляць ix сваёй сям'ёй ці на таварыскай аснове, не болей працоўнай нормы,— апавядаў далей Сяргеенка.— Маёнткі, дзе гаспадарка вядзецца ўзорна, павінны быць народный. Лес, карысныя выкапні належаць дзяржаве. Усім, хто пацерпіць ад перадачы зямлі малазямельным, трэба выплаціць з дзяржаўных кас, дзяржава павінна памагчы i непрацаздольным сялянам, сіротам... Самачынныя захопы зямель, сенакосаў забараняюцца. Так што будуць выкараняць гвалт аж да Устаноўчага сходу.
— Вось гэта па-божаску, сын мой! — пацешыўся айцец Феадор.— Ну, a калі будзе той Устаноўчы сход?
— A ніхто яшчэ не ведае, бацюшка.
— Ну i добра! Хай чэрнь пагалёкае, ахрыпне, пагаладае — дык будзе рада нават маленечкай палёгцы...
— Праўда, сям-там здолелі настояць на сваім бальшавікі,— дадаў Сяргеенка.— Пра Саветы сялянскіх дэпутатаў, пра ўдаленне ўсіх павятовых камісараў Часовага ўрада, а таксама i на тым, каб пачысціць i валасныя камітэты, узяцца i за вас, бацюшка,— «прыхільнікаў старога ладу»...
— О, пакарай, гасподзь, сатанінцаў!
— Сказаць шчыра, вярнуўся я з трывогаю, Панове,— прызнаўся Сяргеенка.— Вельмі хітрыя бесціі гэтыя бальшавікі! Хоць яны не ўсюды дабіліся свайго, але часамі вельмі спрытна распраналі, выпускалі голенькіх эсэраў, «сялянскіх абаронцаў».
— Іскусіцелі! — пахітаў галавою айцец Феадор.
— З'езд выбраў свой кіруючы орган — Выканаўчы камітэт сялянскіх дэпутатаў,— калі айцец Феадор супакоіўся, дадаў Сяргеенка.— Яго старшынёю стаў Міхайлаў. Яго ж разам з эсэрам Макрэевым назначылі рэдактарам новай «Крестьянской газеты». Гэты ж Міхайлаў узначаліць дэлегацыю дзвюх губерній на Усерасійскім з'ездзе Саветаў сялянскіх дэпутатаў, што пачнецца 4 мая ў Петраградзе...
— А хто гэты Міхайлаў? — запытаў Лядзяш.
— Ды, здаецца, з вашых, з ваенных,— адказаў Сяргеенка.
Лядзяш супакоіўся: aгa, палічыў, калі вайсковец на чале сялянскага руху, то вёскі, сяляне будуць у цвёрдай руцэ.
8.
— Э-э, разгубленыя i прыгнечаныя! — сустрэўшы ix у сваім кабінеце, пакпіў Скураны. Сёння не ў вышыванай кашулі, a ў звычайным еўрапейскім чорным гарнітуры.
Васілевіч i Лашковіч сапраўды былі панылыя. Калі Лашковіч засмуціўся з-за таго, што мінскі сялянскі з'езд «зганьбіў сваё ж», БНК, а таксама i таму, што многія дэлегаты-сяляне галасавалі за тое, каб не пускаць родную мову ў школы, дык Васілевіч увогуле паў духам, ён лічыў: яго зняважылі, сагнаўшы са з'ездаўскай трыбуны ды яшчэ з такімі несправядлівымі выкрыкамі...
— Давайце, спадары, вельмі не адчайвацца...— калі яны селі на канапе, пачаў супакойваць ix гаспадар. Сам апусціўся насупраць у мяккае крэсла, над якім вісела карціна Ваньковіча «Міцкевіч на скале Аюдаг».— Не толькі нам адным не ўсё ўдаецца... Прабуксоўвае, нават закрызісаваў i сам Часовы ўрад...
Яны ведалі, пра што ён хоча сказаць: пра нядаўняе пагрознае 20 красавіка, калі газеты апублікавалі ноту міністра замежных спраў Мілюкова весці вайну да пераможнага канца, ад чаго салдаты, а за імі i рабочыя Петраграда страшэнна абурыліся i вывалілі на вуліцы з лозунгамі «Далоў Мілюкова!», «Улада Саветам!», a прыхільнікі Часовага ўрада запоўнілі арыстакратычны Неўскі праспект з транспарантамі «Няхай жыве Часовы ўрад!», «Далоў Лeніна!». Калі Гучкоў, ваенны міністр, i Карнілаў, камандуючы Петраградскай ваеннай акругаю, паспрабавалі ўціхамірыць гнеўны люд сілаю, дык армія не толькі не паслухала, але i злосна, нават з лютасцю загудзела. Карнілава i Гучкова, а крыху пазней i Мілюкова прыйшлося патурыць.
— Але Часовы ўрад, э-э, выкруціўся,— гаварыў далей Скураны.— Ён спачатку кінуўся растлумачваць сваю ноту, супакойваць люд, а пасля пачаў клікаць да сябе «активные творческие народные силы», папрасіў Петраградскі Савет, каб разам скласці кааліцыйны ўрад. I, бачыце, павагаўшыся, на днях Савет пайшоў на хаўрус, згадзіўся паслаць сваіх людзей у новы орган улады... Цяпер страсці-мардасці ўлягліся, кааліцыйны ўрад пачаў наводзіць лад, абсякаць бальшавікоў-падбухторшчыкаў i натоўпы...
Яны слухалі, а Скураны не заціхаў:
— Што датычыць нас, то нам, канечне, ёсць ад чаго апусціць рукі. Скажу шчыра, я, э-э, не ўскладаў вялікія надзеі на наш сялянскі з'езд, бо добра ведаю нашых сялян: ці будуць толькі назіраць, ці пойдуць за тымі, хто дужэйшы, ці для адчэпнага прагаласуюць за спакуснікаў, але наўме будзе сваё... Асцярожны, хітры гэта тып — мужык!.. Але я не чакаў, што дэлегаты на з'ездзе гэтак пойдуць не толькі за эсэрамі, але i за Міхайлавым, выберуць яго старшынёю Выканаўчага камітэта, адным з рэдактараў сялянскай газеты i кіраўніком сялянскай дэлегацыі на Усерасійскі з'езд Саветаў сялянскіх дэпутатаў i гэтак варожа настрояцца супраць нас!.. Як так не бачыць, хто ім свой не на словах, а на справе?! — Падняўся, дробненька затупаў кароткімі ножкамі па пакоі.— Каму даручыць прадстаўляць іхнія інтарэсы на ўсерасійскім форуме! Міхайлаву! Чужынцу!
Вярнуўся, з крэктам зноў апусціўся ў крэсла.
— Як i трэба было чакаць, Міхайлаў адразу ж спажыў гэты мандат у сваіх карыслівых мэтах. Як мне ўчора сказалі па тэлефоне з Петраграда, Міхайлаў ад імя беспартыйных падаў праект рэзалюцыі пра цякучы момант, дзе яны не прымалі кааліцыю новай улады i дабіваліся, каб руль у Расіі ўзяў Усерасійскі Савет... Але,— задаволена ўсміхнуўся,— за праект старшыні беларускай дэлегацыі галасавала толькі 17 дэлегатаў Усерасійскага з'езда сялянскіх дэпутатаў, супраць — 800... Так што, як жартуюць цяпер у Петраградзе, «белорусский эксперимент не удался...». Сяляне пайшлі за эсэрамі, а эсэры, як вядома, ва ўрадзе...
— Вы маеце рацыю, Міхайлаў спрабуе ваўсю спажыць давер нашых сялян у бальшавіцкіх мэтах,— падаў голас Лашковіч.— Я чуў, што на нядаўняй Сёмай Усерасійскай бальшавіцкай канферэнцыі Ленін папікнуў сялян за шавінізм, за слабую рэвалюцыйнасць i заклікаў абапірацца найперш на бедных...