Мне ўжо добра знаёмыя былі гэтыя жаночае адкідванне галавы i стогн-шэпт, жаночы клік, дык я, ужо сталы, налоўчаны драпежнік, не запакутаваў развагамі i дакорамі, рэзка схапіў сваю жаданую здабычу на рукі i ў маласвядомым парыве проста кульнуўся з ёю на ложак.
— I каб вось гэтак ты некалі!..— прашаптала Леаніла, абвіла маю шыю, зноў дала мне вусны, слухаючы, як уладарыць мая рука. Спачатку над ёю, а пасля над сабой. I калі яе важкія, таксама вельмі аксамітна пяшчотныя клубы былі ўжо нічым не ахаваныя, густа пакрыліся нібы зярняткамі, расхінуліся, а яе стан падрыгваў, каб хутчэй прыняць мяне i спатоліць страсць, Леаніла нечакана паслабіла поціск маёй шыі, наструнілася, а пасля зняможана прашаптала:
— Чуеш, свістун дадому валачэцца!
Я замёр: сапраўды, чуўся далекаваты свіст. Хоць была пагроза, але я не меў сіл выпусціць з рук гарачае дужае жаночае цела i накрыў яго сабою. Я нібы патануў у ім, пажадным да мяне, упершыню так блізка спазнаючы Леанілу.
Леаніла з хвіліну паляжала нерухома, таксама ўпершыню спазнаючы мяне, маю плоць, а пасля горасна раскінула рукі ў бакі:
— Не хачу, не хачу, не хачу адпускаць цябе, але трэба! Падымайся, Янік, неяк трэба хуценька апарадкавацца.
Мы разлучыліся целамі; рукі, усё маё цела трымцела ад узбуджанай страсці; не магла ачуняць i Леаніла, бездапаможна лежачы i не саромеючыся перада мной, што на ёй толькі расшпіленая i загорнутая да шыі блузка. Ды вось паднялася i яна, хіснулася, абапіраючыся на мяне:
— Божа, які шал! На мне ўсё калоціцца! I чаму ён, як бывае, не заваліўся дзе пад плот!
Я пацалаваў Леанілу ў вусны, у яе цудоўныя грудзі i не сваімі, a нібы чужымі ці ватнімі нагамі падаўся ў залу, a Леаніла, як чуў, пачала шамацець адзеннем, потым выйшла з вялікімі чырвонымі плямінамі на шчоках, са змоўніцкай сарамліва-радаснай усмешкаю. Лагодна ўзлахмаціла мне чупрыну i пайшла на кухню.
Уладзя затрымаўся на двары, a калі ён зайшоў i пачаў, падаючы то на сцяну, то на падлогу, разувацца, дык я крыху супакоіўся: ён быў п'яны i не мог па маім i Леаніліным твары разгледзець, што мы нядаўна былі ў абдымках адно аднаго i нават зведалі міг блізкай жарскасці. Тым больш што Уладзя падаўся не на кухню i не ў залю, a ў ванную, дзе мыўся, фыркаў i свістаў.
— Не свішчы, злыдзень, у хаце! — стукнула ў сцяну кулаком Леаніла.
— Пайшла ты!..
— Трымай язык за зубамі: у нас госць...
— Твой хахаль?
— Выйдзеш — убачыш,— здаецца, ужо спакойна, разважна прамовіць Леаніла, ляскаючы талеркамі.— Не хахаль, а мой любімы чалавек. Самы любімы на свеце.
Праз хвіліны тры Уладзя — без кашулі, толькі ў штанах, босы, худы, што хрушч, некалі з прыгожым, а цяпер са спітым, зглумленым тварам — выйшаў i ўбачыў мяне.
— Янак! Друг!
Ён кінуўся, абняў мяне, i я адчуў: ён i зусім хворы, i слабы, ледзь-ледзь чапляецца за жыццё.
— Ды які ты рослы, дужы, прылізаны! — пазайздросціў ён.— Пан! Наш, савецкі, панок!
Ён, як i раней, меў самалюбна падціснутыя вусны, тонкі задзірысты нос i дзёрзкія зеленаватыя вочы, ва ўсім відаць быў ягоны выклік усяму свету, але адразу было бачна ўжо, што ён, гэты выклік, скіраваны не на важнае i сур'ёзнае, а на дробязі, а то i на дурноту.
— Жыве чалавек разумна, глядзіць сябе i сям'ю, дык i выглядае панам,— падала ўшчувальны голас з кухні Леаніла.— Не табе раўня.
— Заткніся,— груба абарваў яе Уладзя, у якога ўжо да ўсяго выветрыўся «рюскі» дух.— Стаўляй нам на стол пляшку.
— Мала табе было там? Казала ж: хадзем разам дадому, усяго не перап'еш, дык не, застаўся, рашыў дарэшты змарнаваць печань.
Калі зайшлі на кухню, Уладзя ляпнуў усё яшчэ пунсовую, але зусім не разгубленую Леанілу па клубе:
— Бачыш, Янак, якая мая баба гладкая! Ад мужчын адбою няма! Не аднаму ўжо галаву закружыла!
— Апроч цябе, толькі аднаму!
— Ды любіць пасцель!
— Але не з табою!
Для мяне была нязвычная такая грубаватая манера размовы. Леаніла, раз-пораз падымаючы на мяне прыгожа сарамлівыя вочы, заўважыла гэта:
— Паводзься культурней з культурным чалавекам.