— Пра што?
— Калі ты ад'язджаеш?
— Паслязаўтра.
— Дык калі мы зноў сустрэнемся i дамовімся, дзе i як нам бачыцца далей? Ці ты ўсё ж уцячэш ад мяне i ўжо назаўсёды?
— Цяпер ужо не змагу быць без цябе. А сустрэцца мы можам тут заўтра. Ля гэтага вялікага каменя, што блаславіў наша каханне.
— Я прыеду на веласіпедзе сюды ўполудзень.
— I я.
...Пасля таго мы з Леанілай пачалі сустракацца ў Стоўбцах. На кватэры яе адзінокай сяброўкі — тая дала Леаніле свой ключ.
Звычайна кожную сераду я прыязджаў цягніком раней, намагаўся як мага хутчэй прашмыгнуць ад вакзала ўзбоч аўтастанцыі, шпарка крочыў у мікрараён да гаспадарчага магазіна. Адтуль, праз вялікае акно, я выгледжваў той момант, калі насупраць магазіна спыніцца прыгарадны аўтобус i з яго разам з іншымі вясковымі жанчынамі i мужчынамі выйдзе добра знаёмая мне постаць, кіне зацікаўлены позірк на гэтую будыніну i пакрочыць да недалёкага пяціпавярховага дома. Я выцерпліваў яшчэ некалькі хвілін, а затым іншым, больш кружным шляхам, спяшаўся туды, падымаўся на трэці наверх, дзе мне не трэба было званіць: дзверы перада мной адразу ж адчыняліся. А як толькі Леаніла i я кідаліся адно да аднаго, задыхаліся ў абдымку i пацалунку: «Як я чакаў гэтай хвіліны!», «А як я чакала яе!», a неўзабаве я, знемагаючы ад галавакружнасці i ўзгарачанай крыві, нёс ці вёў яе ў зальку-спальню да раскладзенай ужо i засланай Леаніліным беленькім прасцірадлам канапы, спешна распранаў, каб бачыць зноў тое, што бачыў ужо, але ўсё роўна не мог нацешыць вочы, зусім не зважаючы на просьбу-шэпт: «Пачакай! Не спяшайся! Дай апамятацца, быць свядомай!» Ды дзе там! Хутка мы абое ўжо, задыхаючыся ад поклічу i страсці, ціхенька стагналі ці штосьці няўцямнае, але падзячлівае шапталі адно аднаму, цешыліся плоцьмі. Толькі пазней, калі спадала гарачыня, вярталася свядомасць, мы пачыналі размаўляць, расказваць, як жылі пасля апошняй сустрэчы ажно цэлы тыдзень.
Пасля мы, яўляючы што толькі адны на вялікім свеце, пілі чай ці каву, маглі ўзяць i па кроплі чаго мацнейшага, гарэзнічалі, гулялі, сваволілі, як зусім маладыя, зноў кахаліся — ужо не парыўна i бурна, як на пачатку, а пяшчотна, з летуценнасцю i пошукамі няўлоўнага i чароўнага, што то набліжалася, то аддалялася, але заўсёды было цудоўнаю мелодыяй, што напаўняла, змушала спяваць нашы целы i душы...
...Неяк ужо зімой, калі пасля, як i раней, кароткага прывітання мы з Леанілай зноў апынуліся на пасцелі i далі волю сваім рукам, я ўразіўся: на Леаніліных поўненькіх руках i буйна-тугіх грудзях цямнеліся сінякі.
— Што такое, Леаніла? — занепакоіўся.
— Гэта ж ён, свістун-гад, нарабіў.
— I па якой прычыне?
— Ён жа цяпер дайшоў да таго, што амаль нічога не можа мець са мною. Зацяпліцца — i адразу ачахне. Дык пазаўчора са злосці пачаў круціць на мне цела: «Ты не вянеш, не брыдчэеш, a ўсё цвіцеш — значыць, завяла хахаля, цешышся з ім, радая i задаволеная. Прызнавайся, гулюха, у Стоўбцах ён?» A калі я, не толькі не плачучы, але i слязы не пусціўшы ад болю, сказала, што нікога нідзе не маю, каб адчапіўся, дык ён не толькі не паверыў, але i дабіў сваёю праўдай: «Не дурны, бачу, як прыхарошваешся перад паездкай у Стоўбцы, па гадзіне-другой стоячы перад люстэркам!»
— Прыгожыя, мілыя мае,— шаптаў я i цалаваў яе рукі, грудзі, усюды, дзе былі сінякі,— вы варты пакланення, а вы церпіце такое жудаснае!
— Ён, канечне, не дурны: ад нашай любові мне палягчэла на душы, мне хочацца жыць i быць з табою,— Леаніла, цяпер плачучы ўжо, зусім не баранілася ад маіх пацалункаў.— Усе кажуць: я пахарашэла. Мусіць, абласканае i абцалаванае мужчынам жаночае цела, сапраўды, цвіце, а лёгкасць на душы весяліць вочы, кліча ўсмешку, радасць...
Ca слязьмі Леаніла не проста аддавалася мне, яна давала волю ўсёй сваёй страсці i імпэту, не хацела ведаць ніякіх перашкод i стрымлівання, любілася аддана ды з упаеннем i гэтага ж патрабавала ад мяне, а пасля, калі мы разлучаліся целамі, яна жадала яшчэ не меншых ласак i пяшчоты — гэта значыць маіх прыемных ёй слоў, каб упаіць імі свой слых. Скажу шчыра, мы, мужчыны, усё ж не заўсёды як след разумеем жанчыну, больш думаем пра сябе, чым пра яе ды яе своеасаблівую душу, a калі даб'ёмся свайго, дык амаль адразу задавальняемся, лунаем сваімі думкамі ўжо далека, думаем пра штосьці іншае...
...Праз год мы пачалі бачыцца радзей: я ўжо не рваўся ўтрапёна на гэтыя сустрэчы. Яшчэ праз год Леаніла, якую бачыў усё больш задуменнай, лежучы пасля блізкасці на маёй руцэ, нечакана не проста заплакала, a залілася няўцешнымі слязьмі.
— Ты чаго, Леаніла? — не зразумеў я.
Яна доўга не адказвала, хавала свой мокры твар, але пасля, калі я настояў, прызналася:
— Ты да мяне ахаладнеў. Ты хочаш не проста ўцячы, a пакінуць мяне.
— Няпраўда,— загарачыўся запэўніць яе ў іншым. Але лепш сказаць, што паспяшаўся пераканаць у тым самога сябе.
— Праўда. Каб ты ведаў, як цяжка мне, жанчыне, што мяне хоча пакінуць той, якога я кахаю даўно, каго лічу лепшым на свеце i каму аддаю сябе ўсю!
— Ды я не збіраюся цябе пакідаць!
— Збіраешся,— не супакойвалася Леаніла.— Ты i не спяшаешся сюды, можаш прапусціць адну-дзве нашы сустрэчы, i ўжо не адчуваеш да мяне таго, што меў раней.
— Я i цяпер кахаю цябе, Леаніла.
— Але не так, як раней. Цяпер ты, можа, спаўняеш толькі абавязак!
— Які абавязак? — міжволі вырвалася ў мяне ад таго, што Леаніла так глыбока адчувае мае думкі ці зазірае мне Ў душу.
— Ты ж ведаеш, што я i цяпер цябе кахаю спаўна, чапляюся за наша каханне ўсімі сіламі, каб не адпусціць, не страціць цябе, каб жыць з марай, надзеяй i верай далей, дык ты проста мне за ўсё гэта ўдзячны.