— Я не магу быць няўдзячным, але...
— Не трэба гэтых «але», Янік,— яна пяшчотна пагладзіла мяне па грудзіне.— Я недзе вычытала, што вы, мужчыны, кахаеце зусім іначай, чым мы, жанчыны. Вы па сваёй прыродзе нават да любімай хутчэй звыкаецеся, халаднееце, чым мы да свайго любімага. Я не думаю, каб ты завёў іншую, апроч жонкі i мяне, але адчуваю: ты са мной, канечне ж, з-за мяне, захутка пазнаў усё, спатоліўся, i я, простая вясковая жанчына, стала табе нецікавая. Ты можаш яшчэ сустракацца зрэдку са мной год-другі, але гэта ў цябе, можа, будзе толькі блізкасць са мною, не больш...
Канечне, было мала тых скупых слоў, што я шаптаўгаварыў ёй пра сваё каханне i пра яе жаночую чароўнасць, нават было мала той страснай блізкасці, што мы мелі i цешыліся ёю. Трэба было мне даць ёй штосьці большае. Я ж яго не толькі не даў, але i пакрыху, як яна праўду кажа, траціў тое па меры таго як зменшвалася мая страсць да Леанілы, як яна з шаленістасці пераходзіла ў спакойнае ўжо русла.
— Я вось што, Янік, падумала: не трэба, каб ты кідаў мяне ці я кідала цябе... Мы неўзабаве пойдзем адгэтуль, дзе мы столькі ўсяго зведалі, але, на жаль, не можам ні пачаць спачатку, ні зведаць больш таго, i пакінем адно аднаго... З усім, што было, ёсць, будзе...
...Сапраўды, мы рассталіся адно з адным. Не напаміналі, што мы ёсць, не клікалі на сустрэчу. Мабыць, i Леаніла, як я, схавала ўсё тое наша глыбока ў душы, толькі, можа, час ад часу адчувала, як тое ўсплывае само i азарае, змушае радасна біцца сэрца i шчасліва цешыццца душою.
Што гэта, бадай, якраз так i для Леанілы, я адчуў нядаўна, калі ехаў з жонкай да бацькоў i па дарозе ў аўтобус падсела Леаніла — цяпер, амаль у пяцьдзесят гадоў, мажная, з высокімі, але ўжо цяжкімі грудзямі, з важкім жыватом, пасівелая i змаршчыненая, як чуў, бабуля ўжо,— дык яна не магла падысці да мяне, але, заўважыўшы, што я еду, так молада, са ззяннем у ажыўленых вачах аблашчыла мяне радасным позіркам, што я не мог нават за гэты кароценькі міг, пакуль размаўлялі нашы вочы, раптоўна не ўспомніць i не перажыць ва ўсёй паўнаце тое, што бліснула маланкай паміж намі, не засмуціцца i заадно, мабыць, як i Леаніла, зарадаваўся, захваляваўся па-маладому, што яно тое, бліскавічнае, не толькі жыве, але несмяротнае...
1995
ЧЫГІР
Як толькі я павярнуў у свой двор, адразу ўбачыў доўгую драўляную лаўку, а на ёй — пажылога, а то, бадай, i старога мужчыну.
Чалавек быў у адмысловай позе: адной рукой трымаў на каленях паношаны чорны, сям-там працёрты, дык з белымі плямінамі партфель, другую звесіў паўз лаўку, адкінуўся на спіну i выцягнуў ногі. Ягонага твару не было відаць: туды аб'ехаў шэры капялюш.
Спачатку я, скажу шчыра, хацеў прайсці, не зважаць. Палічыў: прысеў i заснуў п'яны. Але i па наваксаваных чорных чаравіках, па ношаным, але адпрасаваным светлазялёным касцюме, гальштуку i гэтым старым, але нічым не абпырсканым, акуратным партфелі я адчуў душой: не, гэта — не п'яніца: старыя i асабліва адзінокія жлуктачы апушчаныя, брудныя, нават часамі, выбачайце, ужо i гідкія, а гэты мужчына — інтэлігент. Можа, нават з роду дзівакоў, што маюць вышэйшую адукацыю, чымсьці вельмі захопленыя, нават звыш меры, выхавалі ў сабе культ кнігі, ведаў, з-за ix не бачаць ні свету, ні жыцця, шануюць, любяць доўга насіць сваё любімае адзенне i абутак. З ix, бывае, пасміхваюцца, а яны нібы не бачаць гэтага, жывуць, паводзяцца па-свойму. Яшчэ нядаўна, калі жыў у іншым доме, адзін з суседзяў па пляцоўцы быў якраз такі дзівакпенсіянер, як гаварылі за вочы, «звіхнуты на летапісах». Можа, вось такі самы зайшоў сюды ці нават жыве тут — я перабраўся ў гэты стары, яшчэ з высокай столлю дом учора, дык яшчэ нікога з насельнікаў не ведаў.
Агледзеўся, заўважыў: двор наш не зусім бязлюдны. Блізка, каля агароджы дзіцячага сада i пад высокімі густымі таполямі, корпаецца ў маторы легкавіка малады мужчына ў джынсах i красоўках, а воддаль, каля майго пад'езда, дзе стаіць ужо новы дом, сядзіць дзед у светлым касцюме i капелюшы. Праўда, абодва, малады i стары, не паварочваюць галавы, быццам не заўважаюць гэтага, можа, ужо i нябожчыка.
«Значыць, усё ж п'яны»,— рашыў я, вагаючыся: падысці да небаракі ці не. Пажыўшы з дзесятак гадоў у горадзе, не раз i не два бачыў: гарадскія амаль заўсёды абыходзяць як тых, хто ад гарэлкі страціў усялякі чалавечы воблік, так i тых, хто не браў у рот i кроплі, страціў прытомнасць зусім па іншай прычыне. Зрэшты, я i сам прызвычаіўся ўжо прашмыгваць каля такіх грэшных ці нешчаслівых людзей.
Можа, i з-за таго, што быў у сваім двары, сёння я не змог абмінуць бедака, наблізіўся i моўчкі патармасіў яго за худы плячук. Чалавек захістаўся ўвесь — неўзабаве з яго галавы ўпаў капялюш i агаліў вялікую жаўтаватую, з карычневымі кропелькамі лысіну, высокі маршчыністы лоб, акуляры на даўгаватым i шырокім унізе носе, выгаленыя запалыя шчокі. Не, гэты чалавек не быў на малым ці вялікім падпітку, ён хутчэй за ўсё самлеў. Я хуценька падняў яго апушчаную руку, прыклаў вялікі палец да запясця — рука не была цёплая, але i не халодная, а праз колькі хвілін я адчуў i кволы пульс.
Тады я шпарка падняўся ў сваю кватэру на чацвёртым паверсе i пазваніў у «хуткую». Адтуль доўга, выклікаючы ўва мне абурэнне, распытвалі, хто я, дзе жыву, а пасля ўжо зацікавіліся i гаротнікам. Але калі я выйшаў на двор, запыніўся каля свайго «пацыента», то «хуткая» заявілася тут неўзабаве. За ёю амаль услед прымчала міліцэйская машына.
Спачатку непрытомнага агледзеў малады рыжы лейтэнант, а пасля да таго падышла немаладая жанчына ў белым халаце i белай шапачцы.
— Не, не п'яны,— сказала амаль адразу.— I пульс адчуваецца...
Цяпер, неяк дзіўна павёўшы бялёсымі бровамі, лейтэнант змераў з ног да галавы мяне:
— Вы — хто?
— Я жыву ў гэтым доме. Пазваніў вось у «хуткую»...
— Прозвішча хворага ведаеце?
— Не.
Лейтэнант схмурыўся, зірнуў на мяне неяк грэбліва, павярнуўся i гукнуў маладому чалавеку, які ўсё яшчэ не адыходзіў ад сваіх «Жыгулёў»:
— Грамадзянін-вадзіцель! Вы ведаеце гэтага чалавека?
— Не,— буркнуў той, амаль не азіраючыся.
— Жыльцы аднаго дома называецца! — злосна кінуў лейтэнант.
Я змаўчаў. Дзеля чаго апраўдвацца цяпер, калі звычайна так i бывае, як сказаў гэты міліцыянер.
Дзеда ў белым лейтэнант не зачапіў. Відаць, не паспадзяваўся на ўдачу.
Пасля, калі я, узрушаны, у чымсьці не паважаючы самога сябе, вяртаўся дадому, мяне нечакана запыніў стары. Як я ўбачыў, невысокі, таўсматы, некалі чорны, а цяпер спрэс сівы, з арліным носам i таўстагубы.
— Выбачайце, малады чалавек,— ён падаў голас па-руску, але нібы з нямецкім акцэнтам.— Гэта вы ўчора перабраліся ў наш дом?