— Учора ўвечар свякроў шаптала свёкру на вуха, што ты не ходзіш ні да адной дзяўчыны ў вёсцы, што мы, абое маладыя i паглядныя, падоўгу бываем адны...
— Няўжо яны кепска думаюць пра нас? — i здзівіўся, i пыхнуў маладым сорамам я.
— Бачыш, усякае пачынаюць думаць... Скажы,— здаецца папрасіла Леаніла,— a ў Мінску ты маеш дзяўчыну?
— Не.
— Калі ласка, скажы праўду.
— Праўда, я яшчэ ні з кім не падружыўся.
— Хіба няма прыгожых студэнтак, гараджанак?
— Ёсць, але я яшчэ нікога не выбраў.
— А мяне ты хочаш бачыць?
Я змаўчаў.
— Прашу, адкажы.
— Хачу,— з хваляваннем прызнаўся я.
— Як сябраву жонку ці найперш як маладую жанчыну?
Яна, не чуючы май го адказу, зноў запытала, ужо нібы са скрухаю:
— Ты не хочаш пагаварыць са мной шчыра?
Я мог запытаць, а на што нам гэтая шчырасць, але не змог вымавіць такое.
— Ты мне верыш?
— Веру.
— Дык чаму тады замаўкаеш, ясна не адказваеш пра тое, пра што я пытаю? — Леаніла зноў i зноў была смялейшая за мяне.
«Не магу,— было ў мяне на языку, але так з яго i не сарвалася,— бо мне трэба нават на страх самому сабе прызнацца: «Я цябе кахаю», «Я цябе хачу». Але як такое сказаць, калі на гэта не маю ніякага права! Нават больш — гэта будзе маім ударам Уладзю ў спіну!»
— Усё ж адкажы,— зноў папрасіла яна,— ты хочаш бачыцца са мною?
— Хачу.
— Сам-насам?
— I сам-насам.
— I я хачу,— прамовіла i вось цяпер, здаецца, яе голас уздрыгнуў.— Нам, Янік, трэба пагаварыць. Пра таемнае. Пра тое, пра што ніхто не павінен ведаць, што павінна быць вядомае толькі табе i мне... Цяпер мы не можам запыніцца ці збочыць куды. У вёсцы i ў ночы не толькі вокны, але i сцены ўсё бачаць. Выйдзі заўтра, як сцямнее, i чакай мяне за вашым гумном. Добра?
— Добра.
— Ну, а цяпер спакойнай табе ночы,— прамовіла ўжо спакойна.— Не думай толькі пра мяне дрэнна, бо я думаю пра цябе добра.
Каля нашых варот Леаніла злавіла, на міг паціснула маю руку i шпарка закрочыла да сваёй сядзібы.
Зразумела, ніякай спакойнай ночы тады для мяне не было. Дзе там! У галаве, здаецца, ажно віравала: што хоча пачуць ад мяне i сама сказаць Леаніла? Што яна не кахае Уладзю, але, спакушаная, вымушана была ісці за яго замуж? I што? Пакахала мяне? Калі так, дык што мне, Уладзеваму сябру, рабіць? Не зважаць на гэта, зажыць з Леанілаю? Але як яна можа жадаць гэтага? Каб было ўсё ўпотай? Ці яна, можа, хоча, каб я яе ўзяў замуж? Але ж я — яшчэ студэнт-першакурснік...
Я так i не звёў у тую ноч вачэй, пакутуючы пра тое, што для мяне «трэба» ці «нельга», «непрыстойна», a назаўтра, нядзельнай раніцаю, нічога не прыдумаў лепшага, як на здзіўленне бацькам хуценька сабраць сумку i марсянуць на першы аўтобус, каб уцячы ад няпростай размовы (i не толькі ад яе) з Леанілаю i каб ужо доўга не прыязджаць дадому.. Не, супакаення мне не было і ў студэнцкай мітусні: пякла прыкрасць, што я ўсё ж маладушлівы, а то i падманшчык, магу штосьці дакляраваць блізкаму чалавеку i парушыць сваё слова. Збаяўся нават паслухаць Леанілу: яна, можа, шчыра верыць якраз мне, іменна са мною хацела пагаварыць пра тое, што ёй баліць, пра тое-сёе параіцца. Можа, ёй трэба не тое, пра што ўспламянілася мае хлапечае ўяўленне, чаго патаемна, баючыся сам сябе, хачу ад яе я? Заадно хваляванне, самадакор пабольшылі смутак, Прагу кахання i пазнання жанчыны. Прызнаюся, якраз ад той буры ў душы я тады напісаў першае сваё апавяданне «Дзе ты, мая Гражына?», што надрукавалі ў нашай факультэцкай насценнай газеце i што прынесла мне славу «пісьменніка» ад адных i выклікала ўхмылкі, здзечыкі іншых.