— Я.
— Вы добра ведаеце, каму толькі што памаглі??? — у выцвілых вачах старога бліснулі пагрозлівыя агеньчыкі.
— Пажылому i хвораму чалавеку,— трохі з выклікам адказаў я.
— Эх вы, гуманіст! — усміхнуўся дзед, але зноў незычліва.— Ведайце: гэты «пажылы i хворы чалавек» — адпеты нацыяналіст...
Прызнаюся, я не то ўспыхнуў ад гневу, не то заадно i разгубіўся: як тут адносіцца да аднаго i другога — чыёйсьці хваробы i такога ліха?.. Па-другое, я не чуў, каб тут, у нашым горадзе, цяпер, у наш час, жылі i гэтыя самыя — маманты ці што! Ix жа, «хто не хацеў Кастрычніка», «хто нюхаўся з Пілсудскім i фашызмам», як вучылі нас па падручніках гісторыі, усіх пазводзілі, a калі хто ўцалеў, дык за мяжою i адтуль, «з падваротні», як яшчэ нядаўна пісалі, «брэша на нашу слаўную краіну, на нашы поспехі i жадае нам бяды i гора». I раптам... Што — гэты выжыў, цяпер у адлігу, вылез з нары на свет?
— Разумееце,— свідраваў вачыма мяне дзед,— я болей пяцідзесяці ўжо гадоў кажу яму «здравствуйте», а ён мне сваё: «дзяньдобры»...
— Дык з-за гэтага сыр-бор? — непрыязна вырвалася ў мяне.
— Не толькі,— не сумеўся дзед.— Я ж кажу вам: ён — адпеты... Ён сядзеў. I ў наш час...
— Выбачайце, а вы хто? — запытаў я.
— Гэта не важна,— той схмурыў чорныя бровы i намерыўся адысці.— Я вас перасцярог: паберажыцеся, калі не хочаце мець непрыемнасцей... Перабудова перабудоваю, ад якой вы, маладыя, вельмі захмялелі, a такія рэчы... Ніякага спуску... Зразумелі?! — Прыплюшчыўся.— Ці спачуваеш такім, плачаш па «мове»? Мо нефармал альбо з народнага фронту?
Ад суседзяў па пляцоўцы я даведаўся, што прозвішча хворага — Чыгір, што ён гадоў пятнаццаць ужо на пенсіі, жыве ў нашым доме ў аднапакаёўцы i што ён двойчы, пры Сталіне i пасля яго, сядзеў i нібы сапраўды за нацыяналізм.
«За што?» — спрабаваў я ва ўсіх дапытвацца.
«А Бог яго ведае...— звычайна паціскалі плячыма ў адказ.— Кажуць: нацыяналіст, i мы кажам... А так ён чалавек адзінокі, ціхі, культурны, нікому ў доме нават вока не запарушыў....»
Што да дзеда ў светлым касцюме, дык мне сказалі, што ён таксама пенсіянер, у свой час быў урачом. Занядужае хто ў доме, дык, бывае, бягуць да яго, i ён не адмаўляецца, памагае.
Назаўтра ці праз дзень мяне паслалі ў камандзіроўку, пасля яе было нямала іншых клопатаў у газеце i ў сям'і, а таксама захапіўся будоўляй на дачным участку — карацей, не пастараўся знайсці Чыгіра, зайсці да яго ў бальніцу, a ў яго, як пасля даведаўся, быў ужо трэці інфаркт. Не, я не баяўся сустракацца з такім чалавекам. На жаль, мы, цяперашнія людзі, такія: пакуль свой камар не ўкусіць, не можам адчуць болю, лічым людскую бяду найперш чужой i далёкай нам, а свае звычайныя клопаты лічым самымі важнымі на свеце...
Сустрэліся мы з Чыгіром, можа, толькі на чацвёрты месяц пасля нашага знаёмства, ужо зімой, калі не адзін раз падаў, знікаў, зноў налятаў снег, то браўся, то адступаў мароз, кал i адзін дзень было сыра, шмат вады, другі — шчыкліва, галалёдна, трэці — сухі мароз i белы снег, адным словам, ішла звычайная ў апошнія гады, няўстойлівая беларуская зіма. Дык вось, калі я аднойчы пазнавата, парыпваючы хрупкім снегам, крочыў дахаты, мяне пры святле блізкага ліхтара ўгледзеў Чыгір. Запыніў i падзякаваў за паратунак. Як i гаварыў дзед у светлым, размаўляў ён «на мове», i я, хоць быў невялікі знаўца, адчуў: Чыгір прамаўляе «чыста» — значыць, недзе з-пад Мікалаеўшчыны ці паблізу яе.
— Калі i вы ўмееце, хочаце размаўляць па-свойму, дык нас, такіх дзівакоў, будзе ўжо два ў доме,— усміхнуўся ён.
Спачатку, тыдзень-два, пры сустрэчы мы толькі віталіся, пасля пачалі загаворваць — то пра надвор'е, то пра публікацыі ў маскоўскіх газетах i часопісах.
— Паслухайце, Іван Аляксеевіч,— вырвалася аднаго дня ў мяне. — Я чуў, што вы прайшлі сталінскія i пазнейшыя лагеры. Давайце напішыце нам пра гэта.
Чыгір — а ён быў сярэдняга росту, у свой час, мусіць, каржакаваты, дужы мужчына, а цяпер высахлы, як вялены лешч, да таго ж кульгавы на правую нагу,— нічога мне не адказаў, толькі неяк раптоўна ўвесь нібы ўвайшоў у сябе, кроў быццам адліла ад ягонага твару, i ён вельмі бездапаможна ўжо абапёрся на самаробны кіёк. Бачачы, як за міг счах чалавек, я пакаяўся ўжо, што, захапіўшыся журналісцкім азартам, гэтак неабдумана ляпнуў пра тое, што ўявіў для сябе «цікавым», а што для Чыгіра было жыццём, i жыццём, канечне ж, нялёгкім.
— Выбачайце, Іван Аляксеевіч...— адступіў я.
— Вы, калі ласка, выбачайце,— адказаў ён, дастаў насоўку i выцер пот на лобе.— Не трэба...
Я цяпер змаўчаў.
— Не магу, не хачу чапаць незагойную рану... Ды вы не надрукуеце. Думаю, на мне ўсё яшчэ тое страшнае кляймо...
— Што да першага, Іван Аляксеевіч, то глядзіце самі, тут вас ніхто змушаць не будзе. А што да другога, то я гэта магу ўзяць на сябе...
— Ды я вызвалены, але нерэабілітаваны....— выдыхнуў ён з болем.— Адпаведна, вам знацца са мной небяспечна...
— A калі я сам хачу ва ўсім разабрацца? — запытаў я.— Цяпер рэабілітоўваюць i тых, на якіх яшчэ да нядаўняга, як вы кажаце, стаяла жудаснае кляймо...
— На мне жудаснае кляймо, дарагі мой чалавек, нацыяналіста. А гэта, паверце, самае страшнае. Калі паставілі — то навек... За ўсё могуць дараваць, але толькі не за гэта... Чаму так — не ведаю, i вы ніколі не ўведаеце...
Пры апошніх словах са свайго пад'езда выйшаў знаёмы дзед — праўда, цяпер у белых ботах, у паліто з каракулевым каўняром i ў каракулевай папасе, адразу кінуў учэпісты позірк на нас — Чыгір замітусіўся, папрасіў у мяне выбачэння i борздка закульгаў у суседні пад'езд. Дзед буркнуў мне сваё «здравствуйте», затрымаў на хвіліну-другую спадылба позірк i падаўся на сваю вячэрнюю прагулянку.
Што да Чыгіра, дык я яго, здаецца, зразумеў. Яшчэ нядаўна, пры Чарненку, я браў інтэрв'ю ў аднаго пісьменніка да яго сямідзесяціпяцігоддзя. Калі папрасіў расказаць трохі пра ягоную «дзекабрысцкую эпапею», дык той збялеў, затросся, счах i нічога не сказаў. Праўда, разы са два прыходзілася быць у былым пісьменніцкім доме творчасці, у Каралішчавічах, дык там сёй-той, узяўшы чарку i прагульваючыся пасля вячэры па цёмных лясных сцежках, разнявольваўся i расказваў пра тое, што мы чуем цяпер.